Дэпутат Канапацкая запусціла збор подпісаў, каб скасаваць саюзную дамову з Расеяй

Апазіцыйны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая запусціла збор подпісаў на платформе change.org. Яна апублікавала петыцыю, у якой разам з тымі, хто падзяляе яе пазіцыю, прапануе скасаваць дамову аб Саюзнай дзяржаве з Расіяй.
У звароце Канапацкая нагадала, што дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расея і Беларусь заключылі 8 снежня 1999 года. На яе думку, гэта вядзе да страты рэальнай незалежнасці нашай краіны. Таму ў петыцыі патрабуюць саюзны дагавор дэнансаваць. Дакумент накіруюць у Адміністрацыю прэзідэнта і парламент, на дадзены момант яго падпісалі больш за тры тысячы чалавек.

Як дадае naviny.by, у інтэрв'ю дэпутат удакладніла, што ў дамове больш няма неабходнасці. Бо ўсе пытанні беларуска-расійскіх адносін вырашаюцца кіраўніцтвам дзвюх краін наўпрост альбо па лініі ЕАЭС, дагавор пры гэтым не ўлічваецца. Ганна Канапацкая нават распрацуе законапраект аб дэнансацыі саюзнай дамовы. Але спачатку ёй патрэбна петыцыя: каб яна зразумела, як да ідэі ставяцца беларусы і як шмат людзей гатовы адстойваць суверэнітэт краіны.

Калі вы падтрымліваеце ініцыятыву дэпутата, можаце пакінуць свой подпіс — досыць перайсці па спасылцы і запоўніць форму.


Паводле kyky.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!