Дэпутат Варанецкі паабяцаў весці дыялог з Каардынацыйнай радай

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі адразу пагадзіўся на прапанову выбарнікаў сустрэцца. Сам дамовіўся наконт месца — у Мінскім раённым доме культуры. На сустрэчу з ім прыйшлі больш за 150 чалавек, крэслаў хапіла не ўсім, — піша Радыё Свабода.
Фота Яўгена Ерчыка. TUT.BY

Фота Яўгена Ерчыка. TUT.BY


Прапауем вам некаторыя вытрымкі з больш чым трохгадзіннай сустрэчы дэпутата з выбарнікамі:

«Вы, напэўна, ужо зразумелі, што перад вамі той дэпутат, з якім вы хацелі сустрэцца, пачаў прамову Варанецкі. — І які сам з вамі хацеў сустрэцца. Я хачу сказаць два словы. Папраўдзе, я даўно ўжо не сустракаўся з сваімі выбарнікамі ў такой колькасці. Я ўдзячны вам за тое, што вы вырашылі свой асабісты час патраціць на размову са мной для размовы. Абяцаю, што буду з вамі шчырым і адкрытым».

Арганізатары сустрэчы адразу абазначылі тэму: «Мы хочам зразумець вашую пазіцыю ў важных пытаннях». Дэпутату далі некалькі хвілін для прамовы. Яе некалькі разоў перарывалі воплескамі.

«Самае галоўнае, што ўсе мы з вамі грамадзяне Беларусі, — пачаў Валер Варанецкі. — І нам неабыякавы лёс нашай краіны. Самае галоўнае, што ўсе мы любім сваю Беларусь, свой дом. Усе мы хочам, каб мы самі і нашыя дзеці і ўнукі жылі ў гэтай краіне і адчувалі сябе ў поўнай бяспецы».

«На жаль, я думаю, большасць людзей мяркуе, што выбары былі праведзеныя такім чынам, што яны не выклікаюць даверу ў грамадзян, — сказаў Варанецкі. — Адказнасць за гэта ляжыць на Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўладзе... Заканадаўства аб выбарах павінна быць кардынальна змененае і адпавядаць тым патрабаванням, якія прад’яўляюцца да выбараў міжнароднымі арганізацыямі і намі з вамі. Мы павінны быць упэўненыя, што нашыя галасы не скралі, не сфальсіфікавалі».

«Людзі мелі права абурыцца тым, як былі арганізаваныя выбары, — сказаў дэпутат. — І людзі маюць права на мірны пратэст. Мы ўсе павінны разумець, што гэтая краіна, гэтая зямля належыць народу. І некалі нашыя продкі абаранялі яе з кроўю, з потам, каб мы жылі на гэтай зямлі, будучы гаспадарамі. Народ — крыніца ўлады — мае права вызначаць, як жыць на гэтай зямлі.

Я салідарны з тым, што людзі абураныя. Людзі маюць права сваё абурэнне паказаць дзяржаве. На жаль, замест таго, каб з разуменнем падысці да гэтага, выйсці на дыялог, улады паказалі сілу. Быў пяройдзены рубікон, тая чырвоная рыса, за якую пераходзіць было нельга. Канстытуцыя гарантуе нам павагу да нас, грамадзян. І катэгарычна не дапускае гвалту, катаванняў».

«Зразумела, што падчас галасавання адбывалася нешта не тое. Я вам адказу на гэта даць не магу. Думаю, што трэба, каб вы зараз перадалі мне сабраныя вамі факты парушэнняў, — сказаў дэпутат. — Мы з памочнікам іх перададзім у ЦВК і аб выніках праінфармуем вас... Мы гэта зробім, нават не сумнявайцеся. Пытанне ў тым, які адказ мы атрымаем».

Гучалі на сустрэчы пытанні пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыю вынікаў выбараў. На іх адказваў памочнік Варанецкага. З яго словаў, ініцыяваць разбор такіх фактаў мусяць праваахоўныя органы. Перад пытаннямі аб гвалце сілавікоў арганізатары сустрэчы паказалі Валеру Варанецкаму некалькі ролікаў з жорсткімі дзеяннямі сілавікоў, знятых на вуліцах Мінску ў першыя дні пасля выбараў 9 жніўня. Таксама перад дэпутатам выступілі самі пацярпелыя і відавочцы.

«Мне 54 гады. Я быў у адпачынку, не цікавіўся палітыкай да жніўня, — сказаў адзін з іх, Канстанцін Шаўструк. — На выбары прыехаў з лецішча, прагаласаваў. Я нічога не ведаў, пайшоў 10 жніўня ў госці. Дачка мне пазваніла з Пецярбургу, расказала, што людзей забіваюць. Я пайшоў сам паглядзець, што адбываецца. Маю некалькі відэа. Бачыў лінію АМАПу, думаў, што яны нас ахоўваюць. Бачыў, што людзей загружалі ў аўтазакі. Людзі стаялі, маўчалі. Гэта не быў мітынг. Людзей ніхто не прасіў разыходзіцца. Я лічу, што гэта аўтагенацыд. Я не ведаю, чыя гэта віна. Але, думаю, мы здагадваемся».

«Прыехаў тады, калі там ужо рваліся гранаты, — расказаў Вяршэня Варанецкаму. — Я паглядзеў на гэта і паехаў дадому. 12 жніўня я ехаў праз "Рыгу" (гандлёвы цэнтр — РС), вёз сябра дадому. Нас спынілі на скрыжаванні, загадалі паказаць тэлефоны, пабачылі тое, што я зняў ля стэлы, і пачалі мяне біць. Проста адбівалі мяса ад касцей у аўтазаку. Каб мяне выцягнулі з гранатай у руцэ, я б мог гэта зразумець. Але мяне выцягнулі з маёй машыны... Білі ўсіх. У другім аўтазаку нас засадзілі ў маленькі „стакан“, там я страціў прытомнасць. На Акрэсціна мяне білі, каб я апрытомнеў. Лекар там мне даў таблетку, затым прыехала „хуткая“. Левай нагі я ўжо не адчуваў. У мяне толькі адно пытанне — за што і хто за гэта адкажа? Я напісаў заяву ў Следчы камітэт тыдзень таму. Адказу ніякага няма».

«Вінаватыя павінны быць пакараныя, — сказаў дэпутат. — Закон у нас адзін для ўсіх. Калі мы гэтага не забяспечым, то пяройдзем на стадыю беззаконня. Мы згубім сваю дзяржаву. Пра гэты выпадак я гавару вам, што давайце разам папрацуем».

Словы дэпутата Варанецкага некалькі разоў перарываліся абурэннем прысутных на сустрэчы. Перад ім выступілі яшчэ некалькі пацярпелых ад дзеянняў міліцыі пасля затрымання і ўвязьнення на Акрэсціна. Кожны з іх з падрабязнасцямі расказаў пра зьбіццё АМАПаўцамі і атрыманыя траўмы.

«Я хацеў бы падзякаваць Валеру Ёсіфавічу за тое, што ён пагадзііўся арганізаваць гэтую сустрэчу, — сказаў адвакат аднаго з пацярпелых выбарнікаў. — Па-мойму, ён адзіны дэпутат, які пагадзіўся гэта зрабіць... Я пераканаў свайго падабароннага падаць заяву ў Следчы камітэт. Ён не хацеў гэтага рабіць, але зрабіў з маёй парады. Пасля мы знайшлі яшчэ чатырох чалавек, якія знаходзіліся ў адной камеры з ім

Насамрэч супрацоўнікі Следчага камітэту падрабязна фіксуюць усе факты катаванняў. І яны не задаволеныя тым, што заявы прымаюцца, а крымінальныя справы не распачынаюцца... Запыт на справядлівасць вельмі вялікі. І чым больш часу мінае, тым большая незадаволенасць у людзей. Я думаю, што вы як дэпутат можаце хадайнічаць перад Следчым камітэтам, каб падняць гэтую інфармацыю».

Пытанні Валеру Варанецкаму задавалі больш за 30 хвілін. Найбольш эмоцыяў выклікала прапанова дэпутату ініцыяваць імпічмент Лукашэнкі.

«Я з працэдурай імпічменту не знаёміўся, — адказаў Валер Варнецкі. — Давайце мы не будзем абмяркоўваць зараз гіпатэтычныя рэчы. Давайце не ствараць напружанасці, у нас у краіне зараз хапае напружанасці ў розных сферах».

Сустрэча Валера Варанецкага з выбарнікамі ішла больш за тры гадзіны. Ён паабяцаў дапамагаць ім у кожным канкрэтным выпадку, а таксама весці дыялёг з Каардынацыйнай радай. Людзі пакуль не пачалі працэдуру адклікання дэпутата. Наступная сустрэча Валера Варанецкага з выбарнікамі ў такім жа фармаце можа прайсці праз месяц.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: