Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны патрабуюць спыніць дыпламатычныя кантакты з беларускім рэжымам

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны патрабуюць спыніць любыя дыпламатычныя кантакты з беларускім рэжымам, акрамя як у пытаннях бежанцаў і палітвязняў. Такі заклік апублікаваў у Фэйсбуку народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка.
Volodymyr Viatrovych / Facebook

Volodymyr Viatrovych / Facebook

Нардэп апублікаваў заяву Міжфракцыйнага аб'яднання Вярхоўнай Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь» аб затрыманні беларускага апазіцыянера Рамана Пратасевіча.

«23 траўня самалёт "Ryanair", які накіроўваўся з Афін у Вільню, ажыццявіў пазапланавую пасадку ў аэрапорце Мінск. На борце самалёта знаходзіўся Раман Пратасевіч, заснавальнік найбуйнейшага беларускага апазіцыйнага тэлеграм-канала "NEXTA". Як паведамляюць як апазіцыйныя, так і пралукашэнкаўскія беларускія СМІ, каб прымусіць пасажырскі самалёт, які перавозіў Рамана Пратасевіча, прызямліцца ў мінскім аэрапорце, рэжым Лукашэнкі падняў ваенны знішчальнік МіГ-29.

Такім чынам, можна канстатаваць, што дыктатар Аляксандр Лукашэнка, які прымусова ўтрымлівае ўладу ў Беларусі:

— працягвае беспрэцэдэнтны пераслед апазіцыі, журналістаў і рэпрэсіі супраць уласнага народа;

— непасрэдна пагражае міжнароднай бяспецы, пагражаючы ўзяць у закладнікі пасажырскі самалёт. Гэта можна разглядаць як акт міжнароднага тэрарызму альбо паветранага пірацтва.

Зыходзячы з вышэйсказанага, міжфракцыйнае аб'яднанне Вярхоўнай Рады Украіны "За дэмакратычную Беларусь" заклікае да наступнага. Пакуль што дыктатар Аляксандр Лукашэнка сілай утрымлівае ўладу ў Беларусі:

— афіцыйна прызнаць беларускі рэжым пагрозай міжнароднай бяспецы;

— прыпыніць усе дыпламатычныя кантакты з беларускім рэжымам, за выключэннем пытанняў бежанцаў і палітвязняў;

— неадкладна спыніць імпарт электраэнергіі з Беларусі;

— спыніць любыя авіязносіны з або над Беларуссю;

— падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць дзеячаў рэжыму, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі;

— на афіцыйным узроўні называць Аляксандра Лукашэнку "самаабвешчаным прэзідэнтам Беларусі" і выкарыстоўваць гэтае вызначэнне ў афіцыйных дакументах.

Мы заклікаем прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці і ўсіх дэмакратычных краін далучыцца да гэтых патрабаванняў і падтрымаць жорсткі адказ на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адзіны спосаб прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць Рамана Пратасевіча і іншых палітвязняў.

Жыве Беларусь!»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: