«Die Welt»: Спрэчка беларускай улады з Польшчай — гэта таксама справа ЕС

Польшча чакае салідарнасці з боку ЕС па справе пераследу польскай меншасці ў Беларусі.

Улады Беларусі жорстка распраўляюцца з польскай нацыянальнай меншасцю. Варшава пагражае наступствамі — нават калі б мусіла ажыццяўляць іх самастойна. Абвастрэнне спрэчкі прымушае Брусель заняцца справай, нягледзячы на разгар трэцяй хвалі каронавіруса, піша Філіп Фрыц у нямецкай газеце «Die Welt», якую цытуе польскае выданне «Dziennik Gazeta Prawn.

«Дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да лідараў польскай меншасці выклікаюць занепакоенасць сярод палякаў у Беларусі (…) Пра тое, што іх боязь абгрунтаваная, сведчаць не толькі арышты, але і іншыя спосабы запалохвання. Напрыклад, беларуская журналістка Ганна Любакова паведамляе, што дырэктараў моўных школ у Беларусі просяць паведаміць уладам пра вучняў, якія вывучаюць польскую мову», — адзначае газета.

Рэакцыя польскай сталіцы на дзеянні беларускага рэжыму была неадкладная. Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі прыгразіў «эканамічнымі крокамі» з мэтай вызвалення «закладнікаў рэжыму». У інтэрв'ю газеце «Die Welt» намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач запэўніў, што эскалацыя дзеянняў беларускага рэжыму не застанецца без адказу. Польскі палітык нагадаў, што ЕС як супольнасць не можа заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Польшча больш чакаць рэакцыі ЕС не будзе. Краіна ўвяла санкцыі супраць суддзі, які вядзе працэс над старшынёй Саюза палякаў Беларусі, пацвердзіў Пшыдач.

«Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць польскай меншасці — яшчэ адзін этап эскалацыі канфлікту ў Беларусі. Дыктатар не толькі атакуе этнічную меншасць, але і імкнецца да таго, каб канфлікт атрымаў “двухбаковы” характар, накіраваны супраць польскага ўрада — сябра ЕС», — піша штодзённік.

Гэта праблема для Еўрасаюза. Газета нагадвае, што нават на жорсткае падаўленне паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі еўрапейцы знайшлі адказ позна, пасля жорсткіх спрэчак, а ўведзеныя санкцыі былі адносна мяккімі.

Цяпер салідарнасці ЕС патрабуе Польшча, а ўсё гэта ў той час, калі Еўракамісія ў асноўным займаецца крызісам, выкліканым пандэміяй каронавіруса. «Аднак у сітуацыі адсутнасці хутка ўзгодненай пазіцыі ЕС Польшча вымушаная дзейнічаць самастойна. Тым часам існуе пагроза эскалацыі напружання паміж Варшавай і Мінскам», — перасцерагае газета.

У адказ на пытанне выдання дэпутат Еўрапарламента ад партыі «Зялёныя» Віёла фон Крамон-Таўбадэль адназначна заявіла, што паводзіны рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да польскай меншасці — гэта міжнародны дыпламатычны скандал, які павінен быць жорстка асуджаны міжнароднай супольнасцю. «Варшава вітае такія заявы, але яны не заменяць канкрэтных дзеянняў», — падкрэслівае аўтар тэксту ў нямецкага штодзённіку «Die Wel.

www.polskieradio.pl

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: