«Для Ўкраіны свабода слова і свабода сходаў зьяўляюцца фундамэнтальнымі каштоўнасцямі». Украінскі МЗС адказаў на ноту Мінска

Міністэрства замежных справаў Украіны заяўляе, што ўкраінскія праваахоўныя органы забясьпечваюць надзейную ахову і беларускай амбасады, і ўдзельнікаў акцый салідарнасьці, якія ладзяцца каля дыпляматычных установаў Беларусі ў Кіеве і Львове.


Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства замежных справаў Украіны, украінскі бок прыняў да ўвагі ўручаную амбасадару Ўкраіны ў Беларусі Ігару Кізіму ноту пратэсту.

«Для Ўкраіны як эўрапейскай дэмакратычнай дзяржавы свабода слова і свабода сходаў зьяўляюцца фундамэнтальнымі каштоўнасцямі. Ніякіх падставаў для абмежаваньня права на мірны пратэст у гэтай сытуацыі не існуе. Праваахоўныя органы Ўкраіны забясьпечваюць належныя меры, каб на сталай аснове, і асабліва ў часе акцыяў пратэстаў, гарантаваць бясьпеку як удзельнікам акцый, гэтак і амбасады Беларусі і яе супрацоўнікаў».

У МЗС Украіны падкрэсьлілі, што строга выконваюць палажэньні Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных дачыненьнях ад 1961 году і гарантуюць бясьпеку замежных дыпляматычных місій на сваёй тэрыторыі.

Адначасова ва ўкраінскім зьнешнепалітычным ведамстве нагадалі Беларусі пра аналягічныя міжнародныя абавязаньні, і ў гэтым кантэксьце ўказалі на неабгрунтаваны агляд дыпляматычнага аўтамабіля ўкраінскага амбасадара ва Ўкраіне пры перасячэньні ім ўкраінска-беларускай мяжы.

«Мы таксама нагадваем, што падчас Рэвалюцыі годнасьці ва Ўкраіне беларускі бок не рэагаваў на правакацыі грамадзян, якія пад сьценамі амбасады Ўкраіны ў Менску дэманстравалі сваю надзвычай непрыязную пазыцыю ў дачыненьні да Ўкраіны і абранага ўкраінскім народам эўрапейскага курсу», — заявілі ў МЗС Украіны.

Што папярэднічала

26 лістапада стала вядома, што Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікала пасла Ўкраіны Ігара Кізіма і заявіла яму «рашучы пратэст» за акцыі, якія праходзілі каля беларускага пасольства ва Ўкраіне.

МЗС называла гэтыя акцыі «антыбеларускімі» і выказала «вялікую занепакоенасьць бязьдзеяньнем кампэтэнтных органаў Украіны», якія не спыняюць «правакацый».

«Супрацьпраўная дзейнасьць радыкальных элемэнтаў каля будынку беларускай дыпляматычнай місіі ў Кіеве стварае непасрэдную пагрозу для яе функцыянаваньня, а таксама для бясьпекі супрацоўнікаў пасольства і іхных сем’яў», — было сказана ў паведамленьні МЗС. Беларускія ўлады таксама чакаюць рэакцыі Ўкраіны на «правакацыі» і «акты вандалізму» ў дачыненьні да беларускага консульства ў Львове.

Што выклікала абурэньне беларускіх дыпляматаў

20 лістапада насупраць Амбасады Беларусі ва Ўкраіне вядомы беларускі добраахвотнік Сяргей Кароткіх, які служыў у батальёне «Азоў», разам са сваімі паплечнікамі ўсталявалі мэталічны крыж у памяць пра рэпрэсаваных у Беларусі ў часе мірных акцыяў рэпрэсій. У 2014 годзе тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам надаў грамадзянства Сяргею Кароткіх (былая мянушка «Малюта», у добраахвотніцкім батальёне «Азоў» ён меў пазыўны «Боцман»).

Пра Сяргея Кароткіх (Малюту) пішуць у інтэрнэце, што ў канцы 1990-х ён мог удзельнічаць у акцыях РНЕ супраць дэмакратычных актывістаў Беларусі, і ў прыватнасьці — у зьбіцьці Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнкі і Алега Бябеніна ў лютым 1999 году. Зьміцер Бандарэнка, які папрасіў прытулку ў Польшчы, паведаміў Свабодзе, што ня бачыў твараў нападнікаў падчас нападу, бо тыя былі схаваныя. «Сярод тых, каго мне паказвалі на вочных стаўках падчас сьледзтва, яго я таксама не пазнаю», — сказаў Зьміцер Бандарэнка пра Сяргея Кароткіх.

Пасьля таго, як Сяргей Кароткіх анансаваў усталяваньне крыжа, беларуская амбасада зьвярнулася да раённай дзяржаўнай адміністрацыі Кіева з просьбай гэтага не дапусьціць.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, для ўсталяваньня сталага памятнага знаку ці помніка неабходны адмысловы дазвол гарадзкіх уладаў. Як паведамілі Свабодзе ў Шаўчэнкаўскай райадміністрацыі, па такі дазвол ніхто не зьвяртаўся, таму знак можа быць зьнесены раённай муніцыпальнай арганізацыяй па добраўпарадкаваньні.

Да гэтага часу Сяргей Кароткіх ніколі ня ўдзельнічаў ні ў якіх прабеларускіх акцыях ва Ўкраіне.

Хто пратэстуе каля беларускай амбасады

Каля дыпляматычнай місіі Беларусі ва Ўкраіне, якая знаходзіцца ў Шаўчэнкаўскім раёне Кіева, беларускія акцыі ладзяцца з 2014 году. Каб правесьці акцыю ва Ўкраіне не патрэбны нейкі адмысловы дазвол мясцовых ці цэнтральных уладаў. Ініцыятары акцый мусяць толькі паведаміць уладам аб сваім намеры, каб тыя маглі забясьпечыць грамадзкі парадак у часе правядзеньня акцый.

Найчасьцей ініцыятарамі акцый ва Ўкраіне выступаюць дзьве беларускія арганізацыі — Рух Салідарнасьці «Разам» і Беларускі цэнтар «Сябры». Яны абедзьве маюць юрыдычную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны.

Цягам апошняга часу яны зладзілі ў Кіеве шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годзьдзя стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама штогод арганізоўваюць акцыі да Дня Волі і акцыі салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў. Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў даглядаюць месца гібелі Міхася Жызьнеўскага ў часе Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве і праводзяць шэсьці па ўшанаваньні ягонай памяці.

Цяпер да іх далучыліся тыя беларусы, якія вымушаныя былі ўцякаць ва Ўкраіну ад перасьледу ў Беларусі за ўдзел у выбарчай кампаніі штабу Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Пасьля гібелі Рамана Бандарэнкі яны стварылі народны мэмарыял насупраць беларускай амбасады і ўжо больш як два тыдні ахоўваюць яго і ўдзень, і ўначы. Некаторыя з гэтых беларусаў таксама падтрымалі ініцыятыву Сяргея Кароткіх аб усталяваньні побач з народным мэмарыялам мэталічнага крыжа памяці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: