Дручок выкінулі, або Чаму кіраўнік МУС пайшоў у адстаўку?

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка звольніў з пасады міністра ўнутраных справаў краіны Ігара Шуневіча, які ачольваў гэтую ўстанову цягам сямі гадоў. Больш за яго ведамствам кіраваў толькі Уладзімір Навумаў, які быў міністрам дзевяць гадоў.

«Новы Час» запытаўся ў вядомых у Беларусі асобаў, чым магла быць выкліканая адстаўка Шуневіча, і як яны ацэньваюць эпоху ягонага кіравання міністэрствам.

Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”:

— Чаму адправілі ў адстаўку Шуневіча, цяжка сказаць, бо мы не ведаем саміх механізмаў прызначэнняў і адставак у Беларусі, а такія высокія чыноўніцкія пасады схаваныя і непразрыстыя. І ні журналісты, ні тыя, хто цікавіцца палітычным жыццём у Беларусі, не ведаюць, што адбываецца. Тут абсалютна іншая сістэма, параўнальна з заходнімі краінамі, дзе ёсць аргументы, дзе ёсць зразумелая сістэма прызначэння і звальнення міністраў.

На жаль, у мяне няма аптымізму, што з прызначэннем новага міністра зменіцца палітыка МУС, якое з’яўляецца вельмі закрытым ведамствам і за апошнія гады адзначалася шматлікімі парушэннямі правоў чалавека, бо яно непасрэдна брала ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадскіх актывістаў. Тут асабліва вызначаліся берасцейскія міліцыянты, якія апошнім часам затрымлівалі і рэпрэсавалі мясцовых актывістаў, што бралі ўдзел у мірных масавых пратэстах.

Тое самае тычыцца і канфлікту вакол месца масавых расстрэлаў у Курапатах, дзе міліцыя таксама неаднаразова затрымлівала актывістаў.

Можна згадаць і пра пазіцыю міністэрства па зменах у крымінальным заканадаўстве, паляпшэнні сітуацыі ў месцах утрымання, якія наўпрост падпарадкоўваюцца кіраўніку МУС. Гэта ні да чаго добрага не прыводзіла.

Варта згадаць і апошні скандал у Магілёве з масавым затрыманнем людзей нацыянальнасці рома — фактычна па нацыянальнай прыкмеце.

Усе гэтыя выпадкі паказваюць, што ў міліцыі вельмі шмат праблемаў, якія трэба вырашаць, бо гэтыя праблемы ў апошнія часы мікшыраваліся, замазваліся.

Недавер паміж міліцыяй і людзьмі даволі высокі. Міліцыя працуе як рэпрэсіўны орган, накіраваны на падтрымку дзеючага рэжыму.

 

Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянская партыі:

— Уся праца Шуневіча была накіраваная на тое, каб дыскрэдытаваць міліцыю, і ён з ёй паспяхова справіўся. Калі падвесці рысу пад ягонай дзейнасцю, то нічога, акрамя ганьбы і кампраметацыі, мы нічога не бачым. Апагей — гэта сітуацыя з цыганамі, калі ён адмовіўся выбачацца за тое, што людзей абсалютна беспадстаўна цягалі ў пастарунак, па сутнасці, правялі карную аперацыю. А таксама нагадайма сітуацыю, калі падлетка змусілі выбачацца перад помнікам (“гарадавому” каля будынку МУС, — рэд.). Вось у гэтым увесь Шуневіч, для якога помнік важнейшы за людзей. Ад таго і адпаведная атмасфера ў праваахоўных органах на сёння.

Доўгі час — я магу гэта канстатаваць — у органах унутраных справаў была такая селекцыя, калі кар’еру робяць людзі на падставе асабістай адданасці, але не прафесійных якасцяў. Таму зараз сітуацыя ў МУС у мяне асабіста выклікае пэўнае адчуванне ганебнасці. Калі перад падначаленымі ставіцца задача любымі праўдамі-няпраўдамі сабраць пэўную колькасць пратаколаў, пэўную суму штрафаў — гэта не дадае нармальнай атмасферы ў калектывах.

Супрацоўнікі ўсведамляюць, што яны парушаюць закон, але, як яны разумеюць, па-іншаму яны нічога не могуць зрабіць. Хаця абсалютная большасць супрацоўнікаў не радуецца гэтаму бязмежжу, якое ладзіць час ад часу міліцыя.

Людзей затрымліваюць і складаюць пратаколы проста за нейкія падазрэнні, што чалавек можа здзейсніць нейкае правапарушэнне. Складаюць пратаколы, штрафуюць — а мы ўсё гэта бачым. Кожны з нас або нашых знаёмых адчуў несправядлівасць, якую рабілі некаторыя супрацоўнікі МУС у часы кіравання Шуневіча. Гэта ўплывае і на стаўленне грамадзянаў да міліцыі. Усе разумеюць, што ёсць добра, а што кепска, што справядліва, а што ёсць бязмежжам.

 

Аляксандр Фядута, публіцыст, паліткансультант:

— Тут усё па сукупнасці заслугаў. Калі мы ўзгадаем усе скандалы вакол МУС, пачынаючы з сумнавядомага збіцця людзей на Дзень Волі ў 2017 годзе (бо тады на 25 сакавіка ўсё можна было вырашыць мірна і спакойна) і заканчваючы словамі кіраўніка дзяржавы, што мы будуем ці то гета, ці то канцлагер — то па сукупнасці Ігара Анатольевіча і адпраўляюць у адстаўку. Я калісьці казаў, што можна ўзяць гаманец, узяць адтуль грошы — і яго вынікуць. А вось пісталет не выкідваюць, таму што ён можа апынуцца ў нечых іншых руках. Таму можна было выкінуць Ціцянкова, можна было пасадзіць Жураўкову, але нельга выкінуць Шэймана.

А зараз у арсенале ўлады ёсць і дручок, прычым дастаткова прафесійны, хай і робіць глупствы, але ж ад дручка не патрабуецца быць прафесіяналам найвышэйшага гатунку. Я не думаю, што дручок выкінулі — таму пачакайма прызначэння.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: