Другі этап праймерыз завяршыўся. У ім перамог Мікалай Казлоў

Завяршылася галасаванне на сайце prezident21by.org у межах праймерыз па вызначэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі.

30 красавіка завяршыўся другі этап праймерыз, што вызначаў адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі выбарах прэзідэнта. Ад 27 сакавіка на сайце prezident21by.org можна было прагаласаваць за тры кандыдатуры — старшыню Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, хрысціянскую дэмакратку Вольгу Кавалькову і выконваючага абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

У інтэрнэт-галасаванні на сайце паўдзельнічалі каля 4,5 тысячы чалавек, хоць першапачаткова арганізатары спадзяваліся, што там прагаласуюць каля 100 тысяч беларусаў. У выніку галасавання на сайце Мікалай Казлоў набраў 39,8% (1774 галасы), Юрый Губарэвіч — 36,12% (1610 галасоў), Вольга Кавалькова — 24,07% (1073 галасоў), паведамляе pyx.by. Але канчатковыя дадзеныя будуць прадстаўленыя пры канцы траўня.

Электроннаму галасаванню папярэднічаў першы этап праймерыз — Народнае галасаванне ў рэгіянальных гарадах. Яно праходзіла ў фармаце сходаў мясцовых жыхароў. Аднак з-за каронавірусу сустрэчы адбыліся толькі ў 13 гарадах Віцебскай і Брэсцкай абласцей з 56 запланаваных па ўсёй краіне. Тады па выніках першага этапу праймерыз галасы размеркаваліся так: Юрый Губарэвіч — 73,59% (248 галасоў), Мікалай Казлоў — 18,1% (61 голас), Вольга Кавалькова — 8,31% (28 галасоў).

Паводле Пагаднення, падпісанага ўдзельнікамі праймерыз, вынікі па кожным з двух згаданых этапаў пераводзяцца ў 30 пунктаў, адзначае сайт pyx.by. І калі падсумоўваць вынікі за два этапы праймерыз, то з 32,92 пункта лідзіруе Юрый Губарэвіч, другое месца ў Мікалая Казлова (17,37 пункта), трэцяе — у Вольгі Кавальковай (9,71 пункта).

 

Першапачаткова планавалася таксама правесці Кангрэс, на якім павінна было сабрацца па 100 дэлегатаў ад кожнай са структур, што ўдзельнічалі ў праймерыз. І тады па выніках таемнага галасавання на Кангрэсе планавалася размеркаваць яшчэ 30 пунктаў. Аднак правядзенне Кангрэсу цяпер пад пытаннем праз эпідэмію каронавіруса. Таму арганізатары праймерыз абяцаюць, што да канца траўня вырашаць пытанне пра правядзенне Кангрэсу і пра яго фармат.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: