Уладзімір Зяленскі: канкурэнт Лукашэнку ці паслядоўнік?

На выбарах ва Украіне ўпэўнена перамагла партыя Зяленскага. Паводле папярэдніх падлікаў, па партыйных спісах структура «Слуга народа» ўзяла больш за сотню месцаў у Вярхоўнай Радзе Украіны. Яшчэ каля дваццаці мандатаў атрымала партыя «Голас» Святаслава Вакарчука, па меркаванні палітолагаў — бліжэйшага хаўрусніка Зяленскага.


На момант напісання матэрыялу невядомыя былі вынікі па мажарытарных акругах. Але эксперты і там плануюць перамогу коміка.

Партыя Пятра Парашэнкі не дацягнула і да 10%, набраўшы крыху больш за 8% галасоў. Прыкладна столькі ж у «Батьківщіны» Юліі Цімашэнкі. «Моцная апазіцыя» Зяленскаму, абяцаная былым прэзідэнтам, наўрад ці адбудзецца. Нават былыя «рэгіяналы», афіляваныя з Януковічам, набралі больш за 13%. Дэ-факта, зараз Зяленскі можа ці не аднаасобна фарміраваць урад. Такія вынікі даюць яму карт-бланш на любыя ініцыятывы.

Але ініцыятываў пакуль мала бачна. За адным выключэннем: падабенства Зяленскага з Лукашэнкам. Мы заўважалі, што ў Зяленскага і раней было даволі шмат ад маладога Лукашэнкі. Ён прарваўся ва ўладу на голым папулізме і сваёй папулярнасці як шоўмена. Напачатку, як і Лукашэнку, яго не ўспрымалі ўсур’ёз. Дый галасавала на прэзідэнцкіх выбарах Украіна не столькі за Зяленскага, колькі супраць Парашэнкі. Як і ў нас у 1994 годзе, калі галасавалі не за Лукашэнку, а супраць тагачаснага прэм’ера Кебіча. Што, дарэчы, пацвярджаюць лічбы выбараў у Вярхоўную Раду: калі прэзідэнт Зяленскі набраў 73% галасоў, то яго партыя — толькі 43%. Лічба, канешне, пераможная, але ўжо не так уражвае.

Стыль паводзінаў украінскага кіраўніка — што адзначаюць палітолагі — вельмі падобны да стылю Аляксандра Рыгоравіча. Замест таго, каб сесці за карпатлівую працу па адбудове эканомікі, «Зе» пачаў ездзіць па рэгіёнах і ладзіць публічныя разносы чыноўнікам.

Прычым, выезды кіраўніка Украіны і кіраўніка Беларусі на «сустрэчы з народам» фактычна ідэнтычныя. Кіраўнік краіны прыбывае на месца (бальніцу, будоўлю, аэрапорт), асабіста аглядае памяшканні, размаўляе з «простымі рабочымі». Пры гэтым можа адысці ад запланаванага маршруту і зазірнуць туды, дзе яго не чакалі. Напрыклад, наведваючы мяжу краіны ў Закарпацкай вобласці, Зяленскі зайшоў на склад, дзе абурыўся адсутнасцю святла.

Пасля агляду інфраструктуры праходзіць нарада, на якой кіраўнік разносіць мясцовую «вертыкаль». Зяленскі дзейнічае агрэсіўна, закідвае чыноўнікаў пытаннямі і незадаволена перабівае. Як і Лукашэнка, ён стаў часта пераходзіць на «ты». Затым аддаюцца загады (напрыклад, завяршыць будоўлю дарогі да 14 верасня), а некаторых чыноўнікаў абяцаюць звольніць ці ўвогуле пасадзіць за краты. Зяленскі з’язджае, а «разнесеныя» чыноўнікі застаюцца на месцах. Таму што Зяленскі папросту не мае над імі ўлады: паводле ўкраінскага заканадаўства, чыноўнікі альбо абіраюцца, альбо прызначаюцца — толькі не прэзідэнтам, а ўрадам.

Цяпер, з абраннем новай Вярхоўнай Рады і новага ўрада Украіны, усё зменіцца. Застаецца толькі чакаць, ці возьме Зяленскі на ўзбраенне стыль кіравання беларускага калегі.

Канешне, наўрад ці. Хутчэй, паводзіны Зяленскага можна патлумачыць тым, што ён — шоумен. Ён майстар стварэння «карцінкі», а для народа няма лепшай «карцінкі», чым лупцаванне чыноўнікаў. І ўкраінцы ў гэтым не адрозніваюцца ад беларусаў. Неяк я быў у Чарнігаве адразу пасля маштабнага разносу Лукашэнкам кіраўніцтва ў Оршы ў мінулым годзе. Украінцы тады казалі: «Які малайчына ваш Бацька, усіх разагнаў!» Але адной «карцінкай» доўга не пражывеш. А нармальных ініцыятыў па адбудове эканомікі, барацьбе з карупцыяй, алігархатам і ўцямнай знешняй палітыкі ад Зяленскага пакуль не дачакаліся.

Ці зменіцца нешта ў адносінах Беларусі і Украіны ў выніку маштабнай «змены ўлады» ў апошняй? Наўрад ці. Украіне патрэбныя нашы энерганосьбіты і паліва. Нам патрэбны ўкраінскі рынак — толькі за студзень-травень гэтага года мы экспартавалі туды тавараў і паслуг амаль на паўтара мільярда долараў, а станоўчае сальда склала блізу 800 мільёнаў тых жа «зялёных».

Цікавая і прапанова Зяленскага правесці ў Мінску новыя мірныя перамовы па Данбасе з удзелам лідараў Расіі, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША — гэткі «нармандскі фармат плюс». Лукашэнка сустрэў гэтую ідэю з вялікім энтузіязмам. Падагравае сітуацыю тое, што днямі ў Мінску была дасягнутая прынцыповая дамоўленасць па абмене палоннымі: 69 грама­дзян Украіны на 208 чалавек, якіх запытвае процілеглы бок.

Калі тое адбудзецца, маштабны «Мінск–3» з удзелам ЗША цалкам магчымы. Гэта дае Беларусі новы шанец. І не толькі ў тым, каб Лукашэнка зноў падносіў сусветным лідарам «каву вёдрамі» і абвяшчаў чарговы «знешнепалітычны прарыў». Паводле меркавання аглядальніка Юрыя Дракахруста, гэта можа сцішыць імперскія амбіцыі Расіі ў дачыненні да Беларусі. Не тое, каб нехта з высокіх гасцей кінецца на абарону незалежнасці Сінявокай, але ціснуць на «перамоўную пляцоўку» — неяк не камільфо.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!