Дуня Міятавіч: Нельга супрацоўнічаць з краінамі, дзе парушаюць правы чалавека

У Рызе пачалася Першая медыяканферэнцыя «Еўрапейскага партнёрства», у якой бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх СМІ.



Ад Беларусі ў канферэнцыі, папярэдняй Рыжскаму саміту «Усходняга партнёрства», бярэ ўдзел вялікая дэлегацыя журналістаў незалежных СМІ, кіраўніцтва БАЖ, а таксама прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, журфака БДУ, журналісты дзяржаўных СМІ.
 
 
Выступаючы перад удзельнікамі форуму, спікер Сейма Латвіі Інара Мурніеце заявіла, што сітуацыя ў краінах «Усходняга партнёрства» моцна змянілася з 2009 года, калі паўстала гэтая ініцыятыва Еўрасаюзу:
 
 
«У рэгіёне адбыліся драматычныя змены праз агрэсію Расіі ў Крыме і Усходняй Украіне... У галіне СМІ адбываецца інвазія з боку Крамля ў нашу інфармацыйную прастору. Гэта не вайна, але варожыя дзеянні, блізкія да вайны».
 
 
Нілс Мужніекс, камісар Рады Еўропы ў правах чалавека, таксама заявіў пра пагаршэнне сітуацыі ў краінах «Усходняга партнёрства» праз расійскую агрэсію. Мужніекс цягам апошняга года асабіста наведаў усе краіны партнёрства, за выключэннем Беларусі, якая да гэтага часу не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы.
 
 
«Я спадзяюся, што змагу ў хуткім часе наведаць Беларусь як паўнавартасны чалец Рады Еўропы», - заявіў спадар Мужніекс.
 
 
З ягоных слоў, мінулы год быў дрэнным для СМІ ў шэрагу краін партнёрства, прынамсі, ён выказаў вялікую занепакоенасць падзеямі на Данбасе, Крыме, забойствамі журналістаў, забаронай крымска-татарскіх СМІ акупацыйнымі расійскімі ўладамі.
 
 
«СМІ былі першай ахвярай канфліктаў і становяцца інструментамі прапаганды, пешкамі ў палітычных гульнях. Але адказам на грубую прапаганду павінна быць не контрпрапаганда, а свабода СМІ, плюралізм меркаванняў, аб'ектыўная журналістыка», - заявіў спадар Мужніекс.
 
 
Прадстаўніца АБСЕ ў свабодзе слова Дуня Міятавіч назвала тры краіны «Усходняга партнёрства», дзе свабода СМІ знаходзіцца пад пагрозай, - Беларусь, Азербайджан і Арменія.
 
 
«У Беларусі журналістаў стала арыштоўваюць толькі праз іх рэпартажы... Не павінна быць супрацоўніцтва з краінамі, дзе парушаюцца правы чалавека», - заклікала спадарыня Міятавіч.
 
 
Першая медыяканферэнцыя «Усходняга партнёрства» прысвечаная ролі СМІ ў гэтай ініцыятыве Еўрасаюзу. На думку экспертаў, якія выступаюць падчас канферэнцыі, у Беларусі асноўнай праблемай застаюцца спробы дзяржаўнага рэгулявання інтэрнэту і чорных спісаў сайтаў.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: