Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Захад–2017» і дзве спрадвечныя расійскія праблемы

Пад час вучэнняў стваралася такая «гукавая завеса», каб за скандаламі да саміх вучэнняў не вельмі і прыглядаліся. Навошта? Можа, для таго, каб у выніку народ не пабачыў, што насамрэч уся баявая моц расійскага войска ўшчэнт разбіваецца альбо тэхнічнымі непаладкамі, альбо «чалавечым фактарам».

Інтэрнэт захапіла віруснае відэа, дзе расійскі верталёт з-за тэхнічных непаладак выпускае ракеты ў назіральнікаў за вучэннямі і журналістаў. Гэта, бадай, квінтэсенцыя вучэнняў «Захад–2017».

Было адразу зразумела, што вучэнні будуць адпрацоўваць не толькі тактыку і стратэгію вядзення баявых дзеянняў у рэальным часе, але і метады вядзення «гібрыднай», інфармацыйнай вайны. Прычым, гэтая інфармацыйная вайна пачалася задоўга да афіцыйнага старту «Захаду–2017». Уся тая істэрыя, якая стваралася вакол вучэнняў не без дапамогі СМІ, розных спікераў і экспертаў, якраз і паказвае, што ў інфармацыйнай прасторы ішлі інтэнсіўныя небаявыя, але дзеянні.

Адна з галоўных мэтаў той нябачнай вайны, у якую ўключыліся, бадай, усе, — дэзарыентацыя «патэнцыйнага ворага». У віраванні ацэнак, каментараў, асцярогаў, сцэнараў, планаў і гэтак далей, губляліся самі дзеянні вайскоўцаў. Усе абмяркоўвалі не ход вучэнняў, а «што будзе» і «што магло б быць, калі». Украіна палохалася ўдару з Поўначы, краіны Балтыі і Польшча — рэальных баявых дзеянняў у раёне «Сувалкаўскага калідору», беларусы — таго, што расійскія войскі застануцца на іх тэрыторыі. І гэтая істэрыя час ад часу падсілкоўвалася рознага кшталту інфармацыйнымі ўкідамі.

Не выключана, што такая сітуацыя вакол «Захаду–2017» была справакаваная знарок. Гэта, дарэчы, заўважылі некаторыя еўрапейскія аналітыкі. Напрыклад, выданне «Politico» адзначае, што гэтае ўзбуджэнне засланяе праўдзівы сэнс падзеі. Расія ўвесь апошні час палохае Захад прымяненнем войскаў. А істэрыка вакол вучэнняў якраз і ставіць Маскву ў зручнае становішча.

«Гэты страх адпавядае расійскай рыторыцы і сталым намёкам на наўпроставыя ваенныя дзеянні супраць яе суседзяў і іншых супернікаў. Расія можа не прадастаўляць інфармацыю пра маштабы вучэнняў — і заходнія СМІ сваімі здагадкамі і страшнымі гісторыямі робяць працу Крамля за яго», — піша «Politico».

Гэта тактыка скандалаў пэўны час спрацоўвала: то рускія не дапусцяць да сваёй зоны вучэнняў назіральнікаў NATO, ад чаго ўзнікалі сумневы ў колькасці задзейнічаных у вучэннях войскаў. То самалёт Іл-76 паспрабуе парушыць паветраную прастору Літвы «з-за дрэнных умоваў надвор’я» (нібыта перад палётам лётчыкам прагноз не выдаецца). То раптам расійскае Мінабароны выкладзе ў агульны доступ загад пра перамяшчэнне танкавых войскаў «у Беларусь»…


Карацей, стваралася такая «гукавая завеса», каб за скандаламі да саміх вучэнняў не вельмі і прыглядаліся.

Навошта яна стваралася? Можа быць, для таго, каб у выніку народ не пабачыў, што «кароль жа голы»? Што насамрэч уся баявая моц расійскага войска ўшчэнт разбіваецца альбо тэхнічнымі непаладкамі, альбо «чалавечым фактарам». То бок, дурні і дарогі па-ранейшаму з’яўляюцца асноўнымі праблемамі Расіі.

Столькі інцыдэнтаў з ваеннай тэхнікай, як падчас гэтых вучэнняў, бадай, не было. Ці мы пра іх проста не чулі.

У Калужскай вобласці РФ выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы бамбавік Ту-22 М3. Мінабароны Расіі кажа: «Нічога страшнага», а па здымках тэлекампаніі «Рен-ТВ» самалёт рамонту ўжо не падлягае. Тэлеканал «Звезда» паведаміў, што ў Барысаглебску ўпаў яшчэ адзін самалёт — вучэбна-баявы Як-130. 7 верасня на палігоне Заходняга ваеннай акругі ў Ленінградскай вобласці пры правядзенні стрэльбаў з танка снарад запулілі не ў мішэнь, а ў хованку, дзе знаходзіліся шэсць ваеннаслужачых групы інжынернага забеспячэння. Адзін вайсковец загінуў, пяцёра атрымалі раненні. У Чыце 6 верасня сышоў з рэек цягнік з ваеннай тэхнікай — перавозіў БМП і ваенныя аўтамабілі. Абышлося без пацярпелых.

Вышэйзгаданы інцыдэнт з верталётам Ка-52, які праз тэхнічныя непаладкі стрэліў у журналістаў, — сапраўдная квінтэсенцыя гэтых вучэнняў. Пры гэтым паводзіны расійскага Мінабароны мне вельмі нагадалі такія ж паводзіны, калі ў небе над Украінай іх «Бук» збіў малазійскі «Боінг». Спачатку паспрабавалі заявіць: «Відэа, змешчанае ў інтэрнэце, — правакацыя!». Потым сказалі, што інцыдэнт усё ж быў — але «не там і не тады». Потым кажуць, што самазапушчаная ракета трапіла ў КАМАЗ без людзей. А што высветліцца заўтра?

Каб не было штучна раздзьмутых панічных сцэнараў вакол вучэнняў «Захад–2017», мы б пабачылі, што ўсяго за два тыдні (!!!) расійскія войскі без рэальнага праціўніка панеслі значныя страты калі не ў жывой сіле, дык у тэхніцы. І ў гэтай сітуацыі казаць пра нейкую «баявую моц» нават не выпадае. Навошта яна ўвогуле, калі скіраваная не супраць ворага, а супраць саміх сябе?

Калі ў інтэрнэце ўзнікла Міністэрства замежных спраў Вейшнорыі, — выдуманай краіны-праціўніка на вучэннях «Захад–2017», — адным з першых паведамленняў гэтага ведамства быў заклік варожым дэсантнікам здавацца ў палон. Цяпер гэта выглядае не так смешна — з боку «вейшнорцаў» пакуль не пацярпеў ніводзін чалавек. У адрозненне ад «небаявых» стратаў саюзнага войска Беларусі і Расіі.

Зараз беларускаму Міністэрству абароны самы час задумацца: а ці ў той саюз яны ўступілі? Калі расійскія «дурні і дарогі» прыводзяць да рэальных стратаў падчас вучэнняў, што будзе ў выпадку вайны?



Каментаваць