Дык што там з нафтай?

Аляксандр Рыгоравіч працягвае выступаць у ролі пажарнага. Пакуль усе турбуюцца пра тое, што Расія спыніла пастаўкі нафты, ён не перастае сцвярджаць: усё добра, нічога страшнага. Але тым часам правёў закрытае пасяджэнне з урадам. Хаця падводзіць вынікі года было запланавана крыху пазней.

Фота market.korupciya.com

Гледзячы па каментарах урадаўцаў з гэтага пасяджэння, здавацца ніхто не збіраецца. Віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой нават заявіў, што Беларусь «лічыць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям, і цяпер актыўна працуе над схемай альтэрнатыўных паставак нафты, вывучаючы ўсе магчымыя варыянты».

Мы са здзіўленнем даведаліся, што, узамен на пастаўкі нафты, мы плацілі расійскім кампаніям «адкат» — 10 долараў за тону. Прычым, такая сітуацыя трывала з 2011 года. Аднак цяпер, «ва ўмовах рэалізацыі падатковага манеўру і штогадовага павелічэння кошту нафты для Беларусі за кошт памяншэння мытнай пошліны, плаціць прэмію расійскім нафтавым кампаніям у тым памеры, у якім мы дамаўляліся гэта рабіць у 2011 годзе, сёння не мае ніякага сэнсу, гэта проста эканамічна немэтазгодна», — заявіў журналістам Крутой.

Сапраўды, калі мы будзем набываць нафту нармальна, навошта плаціць «адкаты»?

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, урад працягвае адпрацоўваць схему альтэрнатыўных паставак нафты, вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты. «Мы разаслалі адпаведныя камерцыйныя прапановы. Усе камерцыйныя службы нашых заводаў, Беларускай нафтавай кампаніі знаходзяцца на перамовах практычна ў штодзённым рэжыме. Думаю, тут мы таксама хутка атрымаем альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі канкрэтнай нафты, — дадаў Дзмітрый Крутой. — Усе магчымыя краіны: і Украіна, і Польшча, і краіны Балтыі, і Казахстан, і Азербайджан. Мы цяпер заняліся гэтым пытаннем».

Добра ўжо тое, што ўрэшце пачалі варушыцца. Прычым, гледзячы па ўсім, не без плёну. Мы ўжо пісалі пра тое, што нафту з Балтыі нам гатовая пастаўляць Літва — трэба толькі адправіць туды заяўку і цыстэрны. Можна разлічваць на 3 мільёны тон нафты штогод. Зараз да Літвы, падаецца, далучаецца суседка.

На тыдні Беларусь наведаў прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш. Ён абмяркоўваў з кіраўніцтвам Беларусі не толькі сумесны Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, але і пытанне паставак той самай нафты.

Тэма рэверсных або альтэрнатыўных паставак нафты з’явілася ў беларуска-латвійскім дыялогу не ў снежні і не ў студзені. Гэтае пытанне ў той ці іншай ступені абмяркоўваецца пастаянна. Праз Латвію ўжо даўно ідзе паток беларускіх нафтапрадуктаў на Захад. Праз латвійскія парты ў мінулым годзе было пастаўлена за 3,7 мільёна тон прадукцыі беларускіх НПЗ, задзейнічаныя парты Вентспілса, Рыгі і ў меншай ступені Ліепаі. Аб’ём чыгуначных перавозак склаў 5,3 мільёна тон.

Застаецца проста не ганяць з Латвіі «паражняк» у цыстэрнах, а наліваць у іх нафту, каб яны вярталіся дадому з сыравінай. Пры гэтым Латвійскае міністэрства транспарту пацвердзіла, што заўсёды гатова ўдзельнічаць, калі будуць праекты па альтэрнатыўных пастаўках нафты.

Чым добрая для паставак вуглевадароду Балтыя — тым, што гэта кароткае «лагістычнае плячо», і нафта адтуль прыйдзе за суткі-двое. Такім чынам, 3 мільёны тон мы можам атрымаць з Літвы, каля 4 мільёнаў тон — з Латвіі. Улічваючы, што нашыя НПЗ нармальна працавалі пры загрузцы ў 18 мільёнаў тон на год, то такім чынам на траціну мы іх загрузім. Былі б толькі грошы расплаціцца за гэтую нафту.

Пры гэтым крызісных з’яваў у беларускай эканоміцы па-ранейшаму пакуль не назіраецца. Міністр фінансаў Максім Ермаловіч нават раскрыў журналістам ваенную таямніцу: Мінфін Беларусі загадзя падрыхтаваўся да рызыкаў, звязаных са змяненнем умоў паставак энерганосьбітаў. А таму не бачыць неабходнасці прыняцця нейкіх экстраных захадаў з-за спынення з 1 студзеня паставак расійскай нафты. Няма неабходнасці нават у такім звыклым кроку, як змяненне бюджэту на гэты год, сказаў Ермаловіч.

Так што ўсё ідзе паводле плану. Адзінае незразумелае пытанне — што ў нас з нафтавым транзітам. Кошты на транзіт расійскай нафты ў Еўропу вызначаюцца менавіта пры падпісанні нафтавага кантракту. А калі гэты кантракт не падпісаны, адпаведна, не падпісанае і пагадненне аб транзіце. Між тым, праз нашу тэрыторыю расійская нафта на Захад цячэ спраўна і без перапынку. Як мы будзем лічыць гэты паток?

На цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» Лукашэнка казаў, што Расія прапанавала пастаўляць нам сыравіну «па цане, большай за сусветную». Можа быць, нам з транзітам паступіць гэтак жа? А калі не будуць плаціць — перакрыем кранік і мы. Бо, калі ўжо ў нас нафтавая вайна, дык трэба ваяваць жа, праўда?

Канешне, ад спынення транзіту найперш узвые не Расія, а Заходняя Еўропа. Але і гэтым не перашкодзіла б нагадаць, што існаваў такі «Будапешцкі мемарандум», па якім на Беларусь і Украіну недапушчальны нават эканамічны ціск. І нехта гэты мемарандум падпісваў. А калі ўжо расійскі «Коммерсантъ» наўпрост піша, што спыненне паставак нафты звязана з «інтэграцыйным ціскам», то чаго тут саромецца? Трэба выконваць свае абавязкі, як гэта зрабіла Беларусь адносна ядзернай зброі.

А тым часам мы проста пазбаўляемся ад нафты. У Беларусі зацвердзілі план мерапрыемстваў па паэтапным зніжэнні выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на ўпакоўку экалагічна бяспечную. Адпаведную пастанову ўрад прыняў 13 студзеня, яе падпісаў прэм’ер Сяргей Румас.

Плануецца стварыць аб’екты па перапрацоўцы адходаў палімернай упакоўкі. У планах Саўміна — укараненне дэпазітнай сістэмы абарачэння спажывецкай упакоўкі, павелічэнне аб’ёмаў выпуску экалагічна бяспечнай (шкляной, папяровай, біяраскладальнай) упакоўкі. А з 1 студзеня 2021 года ў аб’ектах грамадскага харчавання забароняць выкарыстанне і продаж аднаразовага пластыкавага посуду. У 2021-м ва ўрад збіраюцца ўнесці праект пастановы аб паэтапным абмежаванні максімальнай ёмістасці палімернай тары, што прымяняецца для разліву піва і слабаалкагольных напіткаў (да 1 літра ўключна).

І гэта правільна: трэба берагчы нашу прыроду. Па словах старых партызанаў, лясы нам яшчэ спатрэбяцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: