Дыктатары і ўніверсітэты

Дэбаты наконт аптымізацыі вышэйшай адукацыі характэрныя для шмат якіх рэжымаў. Напрыклад, у мінулым стагоддзі гэтым пытаннем актыўна займаліся рознага кшталту дыктатары.
Ілюстрацыйнае фота, back-in-ussr.com

Ілюстрацыйнае фота, back-in-ussr.com

Палітыка дыктатур у галіне вышэйшай адукацыі характарызавалася фундаментальным канфліктам мэт. З аднаго боку, універсітэты павінны былі распаўсюджваць пануючую ідэалогію і служыць трэніровачнай пляцоўкай для надзейнай эліты. З іншага боку, усім дыктатурам для рэалізацыі сваіх палітычных, эканамічных і ваенных планаў патрэбныя былі добра адукаваныя навукоўцы, лекары, настаўнікі і інжынеры.

Вырашаць гэтую дылему прапаноўвалася самымі незвычайнымі рэформамі. Напрыклад, у СССР у 1929 годзе ў часопісе «Чырвонае студэнцтва» было ўзнятае дзіўнае пытанне: «Ці патрэбныя ўніверсітэты?» У артыкуле нейкага Маркава ўніверсітэты называліся «сярэднявечнай крэпасцю», якую варта штурмаваць бальшавікам. Як? Вельмі проста: універсітэты забараніць, а ўніверсітэцкія кафедры падпарадкаваць профільным дзяржаўным камісарыятам. Гэта значыць, медыцынскія факультэты павінны стаць секцыяй Наркамата аховы здароўя, эканамічныя факультэты — перайсці пад кіраўніцтва Наркамата народнай гаспадаркі і гэтак далей.

Ідэя забароны ВНУ атрымала падтрымку на самым версе: Маскоўскі ўніверсітэт збіраліся ўрачыста закрыць у дзень яго 175-годдзя. Сітуацыю выратавала фракцыя бальшавікоў, якая здолела даказаць Сталіну, што рацыянальную вытворчасць кадраў для індустрыялізацыі забяспечвае старая адукацыйная мадэль. У выніку ў 1932-м ад ідэі знішчэння ўніверсітэтаў у СССР канчаткова адмовіліся.

У той час як рэжымы камуністычнага блока выкарыстоўвалі ўніверсітэты як сродак дасягнення сваіх мэт сацыяльнай мабільнасці, спрыяючы адукацыі рабочых і сялян, фашысцкая палітыка ў дачыненні да ўніверсітэтаў была накіравана на прадухіленне любой сацыяльнай эмансіпацыі. Фашыстам быў патрэбны эканамічны і тэхнічны прагрэс без парушэння сацыяльнай структуры або нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму там бачныя спробы фарміравання новай лаяльнай акадэмічнай эліты.

Так, яшчэ ў 1925 годзе парламент Італіі, у якім дамінавалі фашысты, прыняў закон, што дазваляў рэжыму звальняць дзяржаўных служачых, «якія ставяць сябе ў сітуацыю несумяшчальнасці з урадавымі дырэктывамі». Пачынаючы з 1931 года ўсе італьянскія прафесары прыносілі абавязковую клятву вернасці, у якой быў наступны фрагмент: «Я клянуся, што не належу і не буду належаць ні да якіх асацыяцыяй або партый, дзейнасць якіх несумяшчальная з абавязкамі маёй пасады». Колькасць чальцоў партыі фашыстаў сярод выкладчыкаў некаторых ВНУ дасягнула ста працэнтаў.

Найбольш цяжкай праца была ў гэтай сферы ў нацыстаў. На працягу многіх дзесяцігоддзяў нямецкія ўніверсітэты служылі ўзорам для аналагічных навучальных устаноў у іншых краінах. Зрэшты, са старой мадэллю асабліва не цырымоніліся. Ужо ўвесну 1933 года ўрад даслаў у ВНУ цыркуляр, у якім патрабаваў ад універсітэцкіх выкладчыкаў падтрымліваць «новыя формы нацыянальнай адукацыі — такія, як працоўная служба або ваенны спорт». Хутка ва ўніверсітэтах пачалося правядзенне кадравай палітыкі, у якой «расавая прыналежнасць» і палітычная падтрымка на адрас Гітлера гралі роўную ролю з прафесійнымі дасягненнямі.

Актыўна ў Італіі і Германіі працавалі са студэнтамі, заганяючы іх у праўладныя структуры (іншыя забараняліся). Зрэшты, сяброўства ў такіх арганізацыях было не самым адмоўным момантам. Пачынаючы з 1933 года ўсе студэнты Германіі былі абцяжараныя неакадэмічнымі абавязкамі ў дадатак да вучобы. Сюды ўваходзілі абавязковыя заняткі спортам, праца на фермах і фабрыках, так званая «жаночая служба» для дзяўчат і палітычная падрыхтоўка.

Не менш весела было студэнцтву і ў фашысцкай Італіі. Тут пасля пачатку вайны ў Эфіопіі студэнты разглядаліся выключна як будучы клас каланіяльных экспертаў, ад адміністратараў да спецыялістаў па трапічнай медыцыне і палітрукоў, якія панясуць у масы заваяваных тубыльцаў імперскую фашысцкую дактрыну. «Сёння агульным напрамкам усёй схаластычнай палітыкі павінна быць задача фарміравання фашысцкага грамадзяніна-салдата ... школа не павінна баяцца прымусу з гвалтоўным выхаваўчым умяшаннем», — пісала мясцовая прэса.

Не дзіўна, што хутка паўстала пытанне, як збалансаваць вучобу і палітычную адукацыю студэнтаў. Гэтая тэма была крыніцай пастаянных спрэчак унутры фашысцкага апарату. Часам праблему дапамагала вырашыць само жыццё. Напрыклад, вайна спрыяла дэідэалагізацыі нямецкіх універсітэтаў, паколькі ў дзяржаве перш за ўсё былі запатрабаваныя не фанатыкі, а спецыялісты. Хаця трэба адзначыць, што ў мазгах шмат каго з выкладчыкаў ужо адбылася трансфармацыя, якая разбурыла маральныя межы. Вялікая колькасць прафесараў прыняла ўдзел у нацысцкіх злачынствах (эўтаназія, смяротныя эксперыменты на людзях і гэтак далей).

Як бачым, універсітэты, несумненна, былі ахвярамі дыктатур, паколькі яны пацярпелі ад чыстак, разбурэння традыцыйных структур і страты аўтаноміі. Але ў многіх выпадках яны таксама былі і слупамі рэжыму. Праўда, часам такая лаяльнасць мела незвычайны вынік.

Пасля перамогі Франка над рэспубліканцамі ў 1939-м ад самага ранняга ўзросту маладых іспанцаў выхоўвалі на ідэях непазбежнасці нацыянал-сіндыкалісцкай рэвалюцыі, важную ролю ў якой павінна адыграць моладзь, і ў тым ліку студэнты. Аднак прыкладна ў 1950-я рэжым адмовіўся ад рэвалюцыйнай рыторыкі на карысць сацыяльнага кампрамісу.

Такі віраж выклікаў крызіс у розумах маладых людзей, якім цяпер прапаноўвалі быць апатычнымі і прызнаць рэальнасць з яе сацыяльнай несправядлівасцю. У выніку некаторыя філіялы праўладнага студэнцкага саюза ў літаральным сэнсе слова паўсталі. Часам супраць іх даводзілася нават ужываць сілы паліцыі. Як, напрыклад, у 1954 годзе, калі студэнты выйшлі на акцыю за вяртанне ў склад Іспаніі Гібралтара. Як бачым, зашмат прыхільнікаў дыктатара ў ВНУ часам для рэжыму — таксама кепска.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: