Дзень незалежнасці? Freedom Belarus!

Зранку горад быў пусты. Калі ў звычайны дзень у метро не ўбіцца, то сёння — пяць-сем чалавек на вагон. Гледзячы на бязлюдныя вуліцы з нашага 12-га паверха, я думаў: няўжо на акцыю, заяўленую Статкевічам, нехта, апроч яго, прыйдзе?


І тым не менш…

Статкевіч з’явіўся на Кастрычніцкай плошчы задоўга да запланаванага збору ў 14 гадзін. А палове другой ён ужо раздаваў інтэрв’ю журналістам. А яго прыхільнікі падыходзілі па адным, па двое… Падаецца, гэта ўжо звыклы сцэнар, выпрацаваны сёлетняй вясною: спачатку з’яўляецца адзін чалавек, потым іх становіцца пяць, і раптам — сотня.

Гэтым разам было крыху інакш. Статкевіч не павёў людзей на прыступкі Палацу Рэспублікі. Ён проста ля «нулявога кіламетра» распакаваў з торбы гукаўзмацняльную апаратуру, з якой зайгралі песні: «Ляпіс Трубяцкі», NRM, «Океан Эльзи»… Атмасфера стала адразу нейкай іншай…

Прыгадалася тое, што было на гэтай плошчы дзесяць год з гакам таму, увесну 2006-га... Такая ж музыка, такія ж спевы, намётавы гарадок, плошча Каліноўскага, «ды-джэй» Дашкевіч ля гукаўзмацняльнай апаратуры… Праўда, зараз надвор’е было хоць і не вельмі (над Мінскам завіваліся навальнічныя хмары), але значна лепшае, чым тады… І адразу думалася: «Дзе б была краіна, калі б у 2006-м намётавага гарадку не было?» Згадвалася тадышняя салідарнасць людзей з яго ўдзельнікамі і харчы, якія людзі праносілі ў намёты літаральна на сабе…

Тым часам тыя, хто пачуў заклік Статкевіча завітаць на Кастрычніцкую плошчу, разгарнулі знакаміты банер «Баста!». Журналістам было чаго паздымаць…

Роўненька ў 14 гадзінаў пайшоў лёгкі дожджык. І пад гэты дождж Статкевіч пачаў сваю прамову праз гукаўзмацняльнік. Звыкла казаў пра ўнутраную акупацыю, пра тое. Што рэжым больш не мае грошай, каб утрымліваць сабе, і імкнецца зараз узяць грошы, дзе заўгодна, каб «дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца». Дождж як раптоўна пачаўся, так і раптоўна скончыўся. Статкевіча ўжо слухалі чалавек пяцьдзясят. І ён даволі нечакана прапанаваў прайсці ўжо звыклым маршрутам дэманстрантаў ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасці.

Такога імпэту ад яго не чакалася. Зазвычай яшчэ з паўгадзінкі на акцыях чакаюць розных спазніўшыхся. Як, напрыклад, рэжысёрку Вольгу Мікалайчык, якая сустрэла дэманстрантаў бел-чырвона-белым сцягам каля гатэлю «Мінск». Але зараз чамусьці чакаць нікога не сталі, і пад усё тую ж музычку і воклічы «Жыве Беларусь!» рушылі па праспекце ў вызначаны бок.


Дзіўна, што міліцыянтаў у форме, апроч супрацоўнікаў ДАІ, побач з дэманстрантамі не было зусім. Некуды зніклі нават супрацоўнікі АМАПу, якія патрулююць гэты кавалак зямлі нават у звычайныя дні.

Не праносіліся міма «аўтазакі», не было міліцэйскіх машынаў «суправаджэння» калоны. Можа быць, усе высілкі айчынных праваахоўнікаў былі кінутыя на афіцыйны парад. А можа быць, што мае рацыю і Статкевіч: прадэманстраваць нам «другое 25-е сакавіка» не хапае магчымасцяў і грошаў. І толькі «хлопчыкі ў цывільным» мітусіліся вакол дэманстрантаў. Мітусіліся — і толькі. Бо пачнеш кагосьці затрымліваць — а куды іх пасадзіць? Транспарту ж няма…


Больш фота глядзіце: Акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы (фотарэпартаж)


Статкевіч вёў калону, падаецца, «па месцах баявой славы». Мікалай Віктаравіч спыніў народ, напрыклад, ля сценаў КДБ, нагадаўшы пра «справу патрыётаў» і іншых вязняў, якія прайшлі праз той будынак. Народ пакрычаў «Ганьба!»

Спыніліся на кароткі час і ля будынку МУС, дзе Статкевіч адзначыў, што «людзі, якія збіваюць жанчын і старых, не маюць права звацца афіцэрамі». Ізноў пакрычалі «Ганьба!». Падавалася, што у калоне дэманстрантаў ужо чалавек 150. То бок, за дваццаць хвілінаў паходу колькасць яе ўдзельнікаў узрасла разы ў тры.

А лозунгі пратэстоўцаў па напале ўзмацняліся. Замест «Жыве Беларусь» ужо чулася «Радзіма! Свабода! Далоў… (самі ведаеце каго і з якім азначэннем)». І зноў, нягледзячы на гэта — аніводнага «аўтазака» побач.

Так людзі і дайшлі да плошчы Незалежнасці, дзе Статкевіч ізноў паламаў сцэнар. Ён не пайшоў на ўзгорак ля Чырвонага касцёлу, а звярнуўся да людзей проста ў цэнтры плошчы. Падзякаваў за ўдзел, заявіўшы пра тое, што «мы забіраем ва ўлады гэтае свята».


Наступную акцыю палітык анансаваў на верасень, калі для Беларусі пагроза незалежнасці будзе большай (маюцца на ўвазе восеньскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017»). І дадаў інтрыгі, заявіўшы, што тая акцыя будзе мець «іншы фармат».

Не ведаю наконт фармату, але мне чамусьці прыгадалася, што ў верасні сталіца кожны год адзначае Дзень горада. Можа быць, і яго Статкевіч хоча забраць?

Карацей, чакаем верасня. І яшчэ чакаем, што палітыкі абновяць песенны рэпертуар. Бо гэтым разам у іх «музычнай скарбонцы» было толькі пяць-шэсць трэкаў, якія круціліся па коле. А тое тры разы запар слухаць «Belarus Freedom» неяк надакучвае.

Рэзюмэ? На мой погляд, акцыя, прынамсі, была не вельмі звычайнай. Было за што зачапіцца вокам. Калі ўжо «забіраем свята», яно павінна быць святам, а не звыклым «хаджэннем па коле».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: