Дзень Волі як страчаны шанц для дэмакратаў

Усе зноў пасварыліся — і зноў з-за Дня Волі. Чаго тады чакаць ад наступнага Дня Волі? Калі ўлада пабачыла, што ўсе праглынулі забарону святкавання ў цэнтры, ці лёгка будзе вярнуць гэта права? Альбо збудзецца прагноз экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, які лі­чыць, што ў наступным годзе не дазволяць і Бангалор?

Фота Арцёма Лявы

Галоўная інтрыга сакавіка раскрытая — улады не дазволілі правесці святочныя мерапрыемствы да Дня Волі ні на адной з жаданых пляцовак.

Мінскія чыноўнікі дакладна выканалі загад Аляксандра Лукашэнкі не пускаць апазіцыю на адрэстаўраваны стадыён «Дынама», і нават пайшлі далей — забаранілі адзначаць 101-ю гадавіну БНР на леташняй пляцоўцы ля Опернага тэатра, у Верхнім горадзе і каля Палаца спорту. У якасці альтэрнатывы чыноўнікі прапанавалі некалькі пляцовак у мінскіх мікрараёнах, у тым ліку знакамітую і горача не любімую дэмакратамі плошчу Бангалор. Забаронамі ў нашай краіне ўжо нікога не здзівіць, але, відавочна, арганізатары чакалі іншых рашэнняў. Таму запаснога плану не аказалася.

Давялося спантанна прыдумляць выхад з няёмкага становішча. Абапіраючыся на шматгадовую практыку беларусаў сварыцца і раздзяляцца ў любых стрэсавых сітуацыях, арганізатары прыдумалі ажно два выхады: першыя — маладняк у асобах прадпрымальніка Паўла Белавуса ды блогера Эдуарда Пальчыса, а таксама БНФ, — вырашылі далучыцца да святкавання гадавіны БНР у Гродна. Зоркі гэтаму яўна спрыялі — якраз у той дзень, калі стала вядома пра адмовы ў Мінску, у Гродна далі дазвол на святочны канцэрт і мітынг. Да таго ж сімвалічна, што ў 1919 годзе сталіцай БНР якраз стаў Гродна. Выступіць на канцэрце ўжо пагадзіліся айчынныя легенды Лявон Вольскі, «Крама», Зміцер Вайцюшкевіч, «Дай Дарогу», «Дзецюкі».

Фота Арцёма Лявы


Другая частка арганізатараў — масцітыя палітыкі, лідары БХД, Руху «За Свабоду», АГП ды БСДП «Грамада» — вырашыла пагадзіцца на пляцоўку ў Кіеўскім скверы ды зладзіць свой канцэрт там. Пры гэтым першыя абсмяялі другіх за тое, што яны пайшлі на кампраміс з гарадскімі ўладамі, а другія пакпілі — маўляў, гэта лепш, чым ганебна ўцячы і не ладзіць у сталіцы анічога. Да ўсяго гэтага, абодва бакі з цяжкасцю падзялілі назбіраныя краўдфандынгам грошы, вінавацячы адзін аднаго ў махлярстве.

Дарэчы, у Гродна канцэрт пройдзе 23 сакавіка, у сталіцы — 24 сакавіка. Уласна 25 сакавіка, што прыпадае на панядзелак, не адбудзецца анічога. Праўда, Белавус і Пальчыс заклікалі вывешваць сцягі на балконах ды а 21-й гадзіне масава запускаць святочныя салюты. Ёсць і прапановы сустрэць гэты дзень у Курапатах.

Што добрага і што дрэннага ва ўсім гэтым? Добра, што святкаванне Дня Волі ўсё ж адбудзецца, і, гледзячы па анонсах, стане даволі цікавым. Дрэнна, што скансалідаваная супольнасць, якая выдатна зладзіла 100-годдзе БНР, напярэдадні 101-й гадавіны пачала рассыпацца. Калі ў мінулым годзе пасварыліся прыхільнікі канцэптуальна розных фарматаў — святочнага канцэрта і пратэстнага шэсця, у гэтым годзе канфлікт адбыўся ўжо сярод прыхільнікаў канцэрта.

Сумна і тое, што Дзень Волі вышчамілі з цэнтра. У папярэднія гады, нават калі ўлады забаранялі шэсце па горадзе, людзі збіраліся і мітынгавалі ўсё адно ў цэнтры — зазвычай на Акадэміі навук. Цяпер жа без асаблівага змагання лідары апазіцыі здаліся і пагадзіліся на прапанаваную пляцоўку, карыстаючыся прынцыпам: лепш хоць штосьці, чым зусім нічога. Выглядае, што ні маральных, ні фізічных сілаў патрабаваць пляцоўку ў цэнтры ў апазіцыі не засталося.

Фота Арцёма Лявы


Да Белавуса і Пальчыса прэтэнзій няма: яны ад пачатку ставілі мэту рыхтаваць выключна свята — з музыкай, фудкортам, кірмашом, дзіцячай пляцоўкай, куды магла б прыйсці новая публіка, тыя, каго палітычныя прамовы і мітынгі не цікавяць. Дзякуй ім, што цяпер 25 Сакавіка — не толькі дзень пратэстаў, але і сапраўднае свята незалежнасці. Гэта тое, чаго шмат гадоў так бракавала Дню Волі.

А вось да апазіцыі пытанні ёсць. Дзень Волі заўжды быў шанцам для палітычных лідараў праявіць сябе, прамацаць глебу і пачаць падрыхтоўку да буйных палітычных кампаній. А такіх у нас намячаюцца дзве — парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі ўжо заявілі каля 10 кандыдатаў. Але ніхто з іх нават не паспрабаваў вярнуць законнае права мінчукоў (дый не толькі) годна адзначыць Дзень Волі ў цэнтры горада.

Чаго тады чакаць ад наступнага Дня Волі? Калі ўлада пабачыла, што ўсе праглынулі забарону святкавання ў цэнтры, ці лёгка будзе вярнуць гэта права? Альбо збудзецца прагноз экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, які лі­чыць, што ў наступным годзе не дазволяць і Бангалор? Ёсць пэўныя вышыні, якія саступаць нельга, і Дзень Волі — адна з такіх.

Зрэшты, у апазіцыі яшчэ ёсць час сабраць і мабілізаваць свае сілы. Інакш можа стацца так, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года нас будуць заклікаць ісці пратэставаць супраць фальсіфікацый на тую самую Бангалор. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!