Джэніфер Мур: Вяртанне паўнавартаснай Амбасады ЗША ў Мінск – мая мэта

Пра гэта Павераная ў справах ЗША ў Беларусі заявіла падчас ушанавання памяці пахаванай на Вайсковых могілках у Мінску амерыканкі Рут Уолер.
Джэніфер Мур

Джэніфер Мур

Ускласці кветкі на Вайсковыя могілкі, апроч Паверанай ў справах ЗША, сёння прыехалі Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкая, прадстаўнікі МЗС Беларусі і сталічнай школы імя Рут Уолер.

Ураджэнка Каліфорніі 24-гадовая Рут Уолер была жонкай кіраўніка арганізацыі ЮНРРА (UNRRA: United Nations Relief and Rehabilitation Administration — скарочаная назва арганізацыі ААН па аказанні дапамогі і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў Другой сусветнай вайне) Тэадора Уолера. Жанчына займала пост сакратара місіі ЮНРРА і дапамагала размяркоўваць гуманітарную дапамогу.

Кіраўніцтва ЮНРРА размясцілі ў Мінску ў Лошыцкай сядзібе, і Рут часта бавіла час ля сажалкі ў Лошыцкім парку. Аднойчы сакратар місіі ўбачыла ў возеры трох падлеткаў, якія выправіліся ў плаванне на плыце. Аднак плыт разваліўся ў вадзе, і дзеці пачалі тануць. Выдатная плыўчыха, Рут кінулася ў сажалку і выратавала дзяцей. На наступны дзень у яе раптоўна паднялася тэмпература. Беларускія лекары ратавалі амерыканку некалькі дзён, але на той час яны не мелі ў сваім арсенале пеніцыліну. Па злой іроніі лёсу Рут Уолер памерла ў Мінску 4 жніўня 1946 года ад пнеўманіі, у той час як дзякуючы дапамозе ЮНРРА ў 1947 годзе тут быў пабудаваны пеніцылінавы завод (цяпер «Белмедпрэпараты»).

Звычайна памяць Рут Уолер ушаноўваюць у дзень смерці амерыканкі. Аднак сёлета ў жніўні спадарыня Мур толькі заступіла на сваю пасаду ў Беларусі, таму імпрэзу вырашылі перанесці і прымеркаваць да святкавання дня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які адзначаўся ўчора, 24 кастрычніка.
Спадарыня Джэніфер Мур падзякавала прысутным за тое, што далучыліся да прадстаўнікоў Амбасады ЗША, каб аддаць даніну павагі яе суайчынніцы Рут Уолер, якая памерла ў Беларусі.

— Яна прыехала ў Беларусь, каб дапамагчы адбудаваць гэтую краіну і зрабіць яе той, якой яна з’яўляецца сёння. І аддала сваё жыццё для таго, каб выратаваць беларусаў, якіх яна любіла, — падкрэсліла Павераная ў справах ЗША.

Яна дадала, што, як і пасля вайны, Злучаныя Штаты вераць у Беларусь і гатовыя стаяць поруч дзеля стварэння лепшай будучыні для нашай краіны.

Адказваючы на пытанне «Новага Часу», кіраўніца Амбасады ЗША распавяла, што прыемна ўражана шчодрасцю і цеплынёй беларускага народу, і радая, што ўсё больш амерыканцаў прыязджаюць у нашу краіну ў якасці турыстаў, карыстаючыся магчымасцю пяцідзённага бязвізавага знаходжання ў Беларусі. Нагадаем, з пачатку года беларусам таксама стала прасцей атрымліваць амерыканскія візы: цяпер гэта можна зрабіць у Мінску, а не ехаць за мяжу.

Разам з тым Джэніфер Мур пакуль не дае адназначнага адказу, ці можна разлічваць на вяртанне паўнавартаснай дыпламатычнай місіі ЗША ў Мінск, але зазначае, што гэта – яе мэта, і яна вельмі спадзяецца на гэта.

Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкая, якая таксама толькі сёлета ўзначаліла прадстаўніцтва арганізацыі ў Мінску, зазначыла, што Рут Уолер кіравалі ідэалы дапамогі і міласэрнасці да людзей, якія пацярпелі падчас вайны.
Іаана Казана-Вішнявецкая

Іаана Казана-Вішнявецкая

— Сёння праца ААН не патрабуе такіх ахвяр (як напачатку працы місіі ЮНРРА. — НЧ.), і Беларусь сёння з’яўляецца мірнай і квітнеючай краінай, — мяркуе спадарыня Казана-Вішнявецкая.

Разам з дыпламатамі памяць сакратаркі місіі ЮНРРА прыйшлі ўшанаваць прадстаўнікі адміністрацыі сталічнай школы № 130, якой два гады таму было нададзена імя Рут Уолер.

— Мы супрацоўнічаем з місіяй ААН у Беларусі, МЗС, Амбасадай Злучаных Штатаў. Нам прадастаўляюцца матэрыялы для даследчыцкай дзейнасці, запрашаюць на мерапрыемствы, якія рыхтуюць нашы сябры, таму жыццё наша стала цікавым, — распавёў «Новаму Часу» дырэктар школы Дзмітрый Бякцяшкін.
Дзмітрый Бякцяшкін

Дзмітрый Бякцяшкін

Ён паведаміў, што ўстанова падтрымлівае кантакты з некалькімі амерыканскімі школамі, праўда, пакуль толькі віртуальныя. Але неўзабаве дзеці змогуць непасрэдна стасункаваць адзін з адным, спадзяецца дырэктар.  

Фота аўтаркі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: