Дзяніс Івашын: «Гібрыдная вайна» Расіі з Беларуссю ўжо ідзе

Журналіст, рэдактар беларускай службы «ІнформНапалм» Дзяніс Івашын падчас выступу на сойме Руху Салідарнасці «Разам» заявіў, што «гібрыдная вайна» Расіі з Беларуссю мае некалькі чыннікаў, паведамляе «Радыё Рацыя».

— Расійская Федэрацыя, напрыклад, прапаноўвае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі выключна за інтэграцыйныя інтэнцыі, то-бок, калі ён пагодзіцца на інкарпарацыю ў Саюзную дзяржаву, і толькі тады ён атрымае фінансаванне сваёй абсалютна непаспяховай эканамічнай мадэлі.

Журналіст падкрэслівае таксама, што вакол Беларусі расейцы таксама і збіраюць вайсковыя часткі.

— Перадусім гэта тычыцца створанай Расійскай Федэрацыі ўдарна-наступальнай лініі, якая пачынаецца ад Навачаркаска Растоўскай вобласці і цягнецца ажно да Ельні Смаленскай вобласці. Што да Беларусі, то нас, вядома, цікавіць частка, якая мяжуе з тэрыторый Бранскай і Смаленскай абласцей, новаствораная 144-ая мотастралковая дывізія. Яна ўжо цалкам укамплектаваная. Там ужо стаяць напагатове падраздзяленні, прычым досыць шматлікім падраздзяленням нададзены найменні «ўдарныя».

Журналіст падкрэслівае, што першыя выпрабаванні «гібрыднай вайны» Расіі адбыліся падчас вайны ў Чачэніі ды ў іншых падобных канфліктах, і «гібрыдная вайна» ідзе з Беларуссю ўжо некалькі месяцаў.

Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!