Дзяніс Садоўскі: улады не збіраюцца праводзіць сапраўдныя выбары

Рашэнне ЦВК прызначыць мясцовыя выбары на 18 лютага 2018 года спраўджвае найгоршыя прагнозы адносна выбарчай кампаніі, лічыць адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і кіраўнік кампаніі назірання «Права выбару» Дзяніс Садоўскі.

«Зноў улада абірае даты, якія найменш падыходзяць для любой выбарчай кампаніі ў любой краіне. Збор подпісаў — найбольш цяжкі перыяд для любога кандыдата — будзе адбывацца ў маразы, падчас абодвух святкаванняў Раства і Новага году. Відавочна, што гэта будзе найбольш складаная кампанія для кандыдатаў», — заявіў ён.

На яго думку, гэта адмыслова робіцца, каб ніякіх рэальных выбараў у краіне на фоне ўсіх святаў не было чуваць. «Агітацыйны ж перыяд прыпадае адразу пасля Новага году — у мёртвы сезон і ў самыя лютыя маразы, калі немагчыма выставіць нармальныя пікеты», — падкрэсліў адказны сакратар БХД.

«Ужо зараз можна казаць, што, на жаль, нават абіраючы дату, улады не збіраюцца праводзіць выбары. Іх галоўная задача — каб пра выбары ніхто не пачуў, каб усё прайшло, як звычайна. Але большасць дэмакратычных партый ужо прыняла рашэнне пра ўдзел у выбарах. Кампанія "Права выбару” таксама  рыхтуецца да кампаніі назірання. І хоць абраныя даты будуць ускладняць працу, мы зробім максімальна, што ад нас залежыць, каб прадэманстраваць Беларусі і міжнароднай грамадскасці, як рэальна адбываюцца выбары ў Беларусі», — заявіў Дзяніс Садоўскі.

 bchd.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: