Дзяніс Урбановіч: Якія гэта дэмакратычныя выбары, калі збіваюць кандыдата

Актывісты Маладога Фронту і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якія 3 лістапада, пасля адзначэння Дзядоў, былі брутальна затрыманыя побач з рэстаранам «Поедем поедим» каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах, збіраюцца накіраваць заявы ў следчыя органы на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структураў.



Як падкрэсліў на адмысловай прэсавай канферэнцыі ў Мінску кіраўнік Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч, сярод 6-ці затрыманых і збітых былі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Зміцер Казакевіч і непаўнагадовы Іларыён Трусаў.

Па словах Дзяніса Урбановіча, паказальна, што гэтыя неабгрунтавана жорсткія дзеянні адбыліся падчас выбарчай кампаніі:

— Закінулі мяне ў „бусік”, заціснулі шыю, парушыўшы старую траўму, якую я атрымаў на абароне Курапатаў яшчэ ў лютым. Тады таксама ў мяне быў удар шыйных пазванкоў. А зараз у мяне вывіх шыйных пазванкоў. Яны мне выкруцілі галаву. Я мог бы застацца інвалідам. Акрамя таго яны ўзялі ўсе паперы са шпіталя, каб я не ведаў, які ў мяне дыягназ і што са мной. Я хачу звярнуцца да АБСЕ і да тых замежных назіральнікаў, якія прыехалі сюды, каб яны не згаджаліся, што ў нас прайшлі дэмакратычныя, чыстыя выбары. Выбары не могуць у нас быць чыстымі, пакуль збіваюць актывістаў, кандыдатаў у дэпутаты, абаронцаў Курапатаў, наносяць калецтвы.

Чацвёра з затрыманых ужо 4 лістапада былі вельмі аператыўна пакараныя Мінскім раённым судом. Самы вялікі штраф — 65 базавых велічыняў, гэта 1657 рублёў 50 капеек, — атрымаў Дзяніс Урбановіч. Яго брат Максім Урбановіч аштрафаваны на 20 базавых, ці 510 рублёў. Валер Рабцаў і Віталь Трыгубаў атрымалі па 40 базавых ці 1020 рублёў. Ніхто з іх віны не прызнаў. Яны маюць намер абскардзіць гэтае судовае рашэнне.

Беларускае Радыё Рацыя


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!