Дзяніс Урбановіч «Можна ўсю краіну перасадзіць за абразу кіраўніка дзяржавы»

Старшыня «Маладога Фронту» атрымаў рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні супраць яго крымінальнай справы па арт. 368 ч. 1 Крымінальнага кодэкса за абразу кіраўніка дзяржавы.
Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

Дзяніс Урбановіч. Фота Алены Ляшкевіч

Справу на актывіста пагражалі завесці за яго выказванне «гэта наш знак пратэсту супраць незаконнай улады г*нюка Лукашэнкі».

Гісторыя здарылася ў ліпені падчас Курапацкай варты ля рэстарана «Поедем, поедим». Па словах актывіста, у той дзень з забаўляльнай установы выйшла каля 15 чалавек у нецвярозым стане, з якімі ў абаронцаў мемарыялу адбылася спрэчка. Актывісты варты выклікалі міліцыю.

 Наведвальнікі сталі крычаць, што ёсць кіраўнік дзяржавы, які разбярэцца, правільна ці няправільна кабак стаіць. І тут я на эмоцыях трохі выказаўся пра нашу дзейную ўладу, а праз пяць хвілін ужо сядзеў у міліцэйскім «бобіку», дзе на мяне пісалі паперу, што я абразіў кіраўніка дзяржавы і пагражалі завесці крымінальную справу, — узгадвае Дзяніс Урбановіч.

Ён адмовіўся даваць тлумачэнні па справе ў Бараўлянскім РАУСе і сведчыць супраць сябе. Дзяніс мяркуе, што заяву на яго напісалі ахоўнік рэстарана Вадзім Сантычын і дзве наведвальніцы.

За час, што прайшоў пасля інцыдэнту, правялі тры лінгвістычныя экспертызы выказвання Урбановіча, па выніку якіх пастанавілі, што ў дзеяннях актывіста адсутнічае склад злачынства, бо «выказаныя Урбановічам лексемы характарызуюцца негатыўнай ацэнкай, але ніякім чынам не аднесены да катэгорыі абразы, з улікам таго, што акрэсленая катэгорыя злачынства здзяйсняецца выключна з прамой мэтай, накіраванай на свядомае прыніжэнне гонару і годнасці Кіраўніка дзяржавы ў прысутнасці пабочнай асобы».

Старшыня «Маладога Фронту» здзіўлены, што пастанову прынялі толькі цяпер, бо прайшло ўжо амаль паўгода пасля здарэння.

— З пастановай я згодны, але ад сваіх словаў не адмаўляюся. Я лічу, што ў нашай уладзе ўсе з’яўляюцца прадажнымі, — каментуе рашэнне Дзяніс Урбановіч. — Хутчэй за ўсё яны пабаяліся агалошвання, што кіраўніка дзяржавы назвалі нейкім словам. Ім гэта непатрэбна, таму яны вырашылі адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць: Дзяніс Урбановіч мае непагашаную судзімасць (прафілактычны нагляд, які скончыцца сёлета ў жніўні) па гэтым жа артыкуле (нагадаем, у 2015 годзе на выбарчым участку ён з паплечнікамі сарваў дзяржаўны сцяг і замяніў яго на бел-чырвона-белы, аднак падчас зняцця сцяг парваўся, што міліцыянты кваліфікавалі як знявагу дзяржаўных сімвалаў). І калі б крымінальная справа была ўзбуджана, аўтаматычна Урбановічу стала б пагражаць больш сур’ёзнае пакаранне па 2 частцы 368 артыкула за паўторна здзейсненае правапарушэнне. Калі 1 частка прадугледжвае пакаранне штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін; то паўторнае парушэнне караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Дзяніс Урбановіч параўноўвае свой выпадак з гісторыяй, калі ў 1999 годзе Алесь Пушкін прывёз да адміністрацыі Лукашэнкі тачку гною з партрэтам кіраўніка дзяржавы.

— Я б такі артыкул увогуле прыбраў бы з Крымінальнага кодэксу. Бо ў кіраўніка дзяржавы адна галава, дзве рукі, дзве нагі — ён такі ж, як і мы. Мы ўсе аднолькавыя, усе людзі. Ён пра нас можа казаць абы-што, і мы маем права казаць пра яго. А так можна ўсю краіну перасадзіць, я думаю, на кожнай кухні яго называюць і па-іншаму, — рэзюмуе Дзяніс Урбановіч.


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!