Чаму чыноўнікі засакрэчваюць інфармацыю пра сваю працу

Рэформа дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ідзе ўжо шмат гадоў. Але ад перамены колькасці чыноўнікаў і назваў дзяржструктур іх эфектыўнасць у лепшы бок не мяняецца. Ва ўсякім разе, у плане ўзаемаадносін з грамадствам.

Дзяржава працуе «па традыцыі», не задумваючыся, якія з выкананых ім функцый актуальныя, а якія — варта пакінуць у мінулым.

— Час перагледзець выкананыя дзяржструктурамі функцыі і адмовіцца ад тых, якія не адпавядаюць выклікам, адмовіцца ад сістэмы, у якой адзін і той жа дзяржорган імплементуе палітыку, распрацоўвае яе і кантралюе, — заявіў падчас канферэнцыі SYMPA / BIPART па публічным адміністраванні кіраўнік кірунку па працы з дзяржаўнымі органамі Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу Яўген Мардасевіч.

Сярод праблем дзяржаўнай сістэмы эксперт называе адсутнасць прынцыпаў дзяржаўнага кіравання, вялікая колькасць міністэрстваў і ведамстваў, але недастатковая колькасць іх супрацоўнікаў.

За зачыненымі дзвярыма

Не менш актуальнымі недахопамі дзяржаўнага ладу эксперты называюць нізкі ўзровень галоснасці і падсправаздачнасці. Па гэтых параметрах Беларусь ужо сямнаццаты год сярод горшых 10% краін па індыкатары Сусветнага банка.

Аўтары даследавання «Распрацоўка прапаноў рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю заканадаўства і практык у сферы дзяржаўнага кіравання», якое праводзіцца ў рамках праекта «Рэфорум», выявілі некалькі напрамкаў, у якіх ужо сёння можна пачынаць працу па рэфармаванні дзяржаўнага кіравання. Эксперт у галіне дзяржкіравання, кіраўнік даследаванняў праекта Беларускі інстытут рэформы і трансфармацыі публічнага адміністравання (BIPART) Іна Рамашэўская кажа, што ў даследаванні сфакусаваліся на тых зменах, якія досыць актуальныя і могуць быць рэалізаваны «хоць заўтра».

Перш за ўсё аўтары рэкамендуюць вызначыцца з паняццем, што ж такое дзяржаўнае кіраванне, якія ў яго функцыі. Пасля чаго можна будзе брацца за павышэнне эфектыўнасці працы дзяржструктур. У тым ліку складаць праграмы работы з улікам адпраўной кропкі, рэальнай сітуацыі, лічбавых паказчыкаў.

— Калі да дзяржпраграм прыкласці крытэры прадпрымальніцтва: распрацоўку бізнес-плана, стратэгіі, то высвятляецца шмат слабых месцаў, няўвязак, — лічыць Іна Рамашэўская.

Важна таксама, каб дзяржорганы праводзілі кансультацыі з тымі, хто задзейнічаны ў канкрэтнай праграме і на каго яна ўплывае. Гэта змяненне вядзе да больш маштабнага пытання — адкрытасці дзяржавы.

Навошта грамадству ведаць, як працуюць дзяржструктуры?

Адным з крокаў па рэфармаванні дзяржкіравання, на думку экспертаў, можа стаць адмова ад прынцыпу, калі ўся інфармацыя лічыцца закрытай і сярод яе вылучаецца тая, якую можна даць грамадзянам. Замест гэтага абапірацца на прынцып адкрытасці — калі ўся інфармацыя аб дзейнасці дзяржорганаў лічыцца даступнай для насельніцтва, выключаючы тую яе частку, якая згодна з выразным тлумачэнням і крытэрам можа быць закрытай.

Член савета Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністравання (SYMPA) Таццяна Кузіна лічыць, што ёсць асцярожная тэндэнцыя да большай адкрытасці дзяржаўных структур. Хоць нават правядзенне грамадскіх кансультацый у розных органах было заканадаўча замацавана толькі ў некалькіх абласцях. І больш за іншых тут дамагліся прадпрымальнікі: з імі кансультуюцца досыць актыўна.

Каб працягнуць гэты рух, эксперт прапануе ўкараніць публікацыю зваротнай сувязі аб тым, што адбылося з прапановамі, якія паступілі ў працэсе грамадскіх кансультацый.

— Добрай практыкай з'яўляецца стварэнне онлайн-платформаў для грамадскага абмеркавання. Але важна, каб гэта былі не проста формы, а пляцоўкі, дзе падаецца ўся інфармацыя, якая дапамагае экспертнай супольнасці і грамадскасці лепш зразумець неабходнасць, важнасць, прычыны нарматыўных актаў, механізмы прыняцця рашэнняў, — каментуе Таццяна Кузіна.

Вопыт Малдовы і Славеніі, дзе ствараліся сучасныя парталы, у якіх карыстальнік можа ўбачыць усе папраўкі нарматыўна-прававых актаў, вынікі ўсіх чытанняў і пасяджэнняў, усе праведзеныя мерапрыемствы і рэдакцыі канкрэтнага дакумента, можна пераняць і Беларусі.

Акрамя гэтага дзяржорганы могуць ствараць рэестр, дзякуючы якому без дадатковай нагрузкі дзяржорган будзе мець спіс зацікаўленых у інфармацыі аб прымаемых дакументах асоб. З аднаго боку, гэта дае больш магчымасцяў грамадскасці, з другога — памяншае колькасць бюракратычных працэдур.

Чыноўнікі з падазрэннем ставяцца да прапаноў быць больш адкрытымі, але яны і самі бачаць, што праблем на дзяржслужбе дастаткова. Хоць чыноўнікі ўпэўненыя, што гэтыя праблемы ўнутраныя і іх не трэба выносіць на ўсеагульны агляд.

— Але ж дзяржорганы працуюць на грамадства, якое іх ўтрымлівае. А значыць і мае права ведаць, што ў іх адбываецца, — лічыць Іна Рамашэўская.  

Дзяржорганам было б больш выгодна працаваць у закрытым фармаце. Хоць працуючы з шэрагам давераных арганізацый, некаторыя дзяржорганы, па словах эксперта, рассмакавалі густ таго, калі яны могуць атрымаць бясплатную экспертызу, кансультацыю, дапамогу ў прасоўванні. Магчыма, пэўныя прапановы экспертаў, чыноўнікі пачуюць, улічваючы станоўчы вопыт, які склаўся ў адносінах некаторых ведамстваў з экспертнай супольнасцю.


Паводле zautra.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: