Дзярждэп ЗША: Дазвол мерапрыемстваў на Дзень Волі расцэніцца як чарговы крок Беларусі да зняцця санкцый

На гэтым тыдні Мінск з афіцыйным візітам наведаў намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША Джордж Кент. Тут ён сустрэўся з кіраўніком МЗС, намеснікам кіраўніка МУС, незалежнымі СМІ, прадстаўнікамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, усклаў кветкі да помнікаў ахвярам Халакосту і заснавальнікам БНР. Таксама прадстаўнік Дзярждэпу ЗША адказаў на некалькі пытанняў TUT.BY пра будучыню беларуска-амерыканскіх адносін.

Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур і Джордж Кент у Мінску. Фота: Амбасада ЗША ў Мінску

«Візіты прадстаўнікоў ЗША ў Беларусь будуць адбывацца рэгулярна»

— Я прыехаў у Мінск, каб яшчэ раз заявіць аб нашай падтрымцы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і пацвердзіць наша імкненне да канструктыўных адносінаў з народам і ўладамі Беларусі, — адзначае Джордж Кент і дадае, што быў уражаны цеплынёй беларусаў і вялікім патэнцыялам краіны.

Прадстаўнік Дзярждэпу адзначае, што візіт у Беларусь памочніка дзяржсакратара Мітчэла ў лістападзе мінулага года — першы настолькі высокага ўзроўню за апошнія дзесяць гадоў — прайшоў вельмі паспяхова.

— Ён спрыяў далейшай нармалізацыі нашых адносін і пашырэнню сфер будучага супрацоўніцтва. Мой візіт працягвае пачатае ім. У адносінах Беларусі і ЗША ў апошнія месяцы адбыліся новыя станоўчыя зрухі. Амбасада ЗША ў Мінску робіць вялікую працу, каб развіць поспех, дасягнуты візітам Мітчэла. Візіты прадстаўнікоў ЗША ў Беларусь будуць адбывацца рэгулярна, як гэта мае месца ў нашых нармальных адносінах з іншымі краінамі. Важна адзначыць, што з сыходам Уэса Мітчэла з Дзярждэпартамента наша пазіцыя адносна Беларусі засталася ранейшай, — кажа Джордж Кент.

Сёння Вашынгтон задаволены прагрэсам, дасягнутым у двухбаковых адносінах у апошнія некалькі месяцаў, у тым ліку — пашырэннем прысутнасці амбасады ЗША, колькасць супрацоўнікаў якой з 2008 года заставалася недастатковай.

 Вашынгтон вітаў рашэнне беларускіх уладаў аб адмене абмежаванняў, накладзеных на памер нашай дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі. Гэта важны крок, які дазволіць нам працягнуць паляпшэнне двухбаковых адносін і ў пэўны момант дасягнуць гатоўнасці да абмену пасламі, — заявіў Кент.

Праўда, назваць канкрэтныя тэрміны, калі ў Мінск прыедзе амерыканскі пасол, прадстаўнік Дзярждэпу не можа.

 Ёсць палітычная воля абодвух бакоў для руху наперад у гэтым пытанні, але рашэнне тэхнічных і бюракратычных нюансаў запатрабуе часу, — кажа Кент.

Прадстаўнік Дзярждэпу адзначае: ЗША падтрымліваюць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, цэняць унёсак Беларусі ў рэгіянальную бяспеку і разлічваюць на пашырэнне супрацоўніцтва ў тых галінах, дзе інтарэсы краін супадаюць, — такіх як ахова межаў і эканамічнае развіццё. Істотнымі ж элементамі адносін з Беларуссю ў ЗША лічаць правы чалавека і дэмакратыю.

— Шляхам штогадовых кансультацый па правах чалавека і рэгулярнага ўзаемадзеяння мы разлічваем дасягнуць значнага прагрэсу па гэтых пытаннях, a ён, у сваю чаргу, адкрые дадатковыя магчымасці па пашырэнні супрацоўніцтва, — лічыць Кент. — Мы спадзяемся на далейшае збліжэнне і пошук патэнцыяльных сфер для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў будучыні. Неабходна падкрэсліць, што Злучаныя Штаты застаюцца прыхільнікамі абароны чалавечай годнасці і падтрымкі фундаментальных дэмакратычных прынцыпаў. Прагрэс па гэтых пытаннях адкрывае новыя магчымасці для далейшага паляпшэння двухбаковых адносін.

«Змякчэнне санкцый — пасля далейшых крокаў у сферы правоў чалавека і дэмакратыі»

Вырашэнне аднаго з найважнейшых пытанняў у двухбаковых адносінах — канчатковага зняцця санкцый супраць Беларусі — таксама залежыць ад далейшых крокаў Беларусі ў сферы правоў чалавека і дэмакратыі.

 Першапачаткова санкцыі былі выкліканыя заклапочанасцю парушэннямі правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў. Мы часткова прыпынілі дзеянне санкцый пасля таго, як беларускія ўлады выпусцілі на свабоду шасцярых палітвязняў у жніўні 2015 года. У кастрычніку мінулага года ЗША працягнулі рэжым часовага прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх кампаній не на шэсць месяцаў, як рабілася раней, а на дванаццаць, — кажа Джордж Кент.

Пры прыняцці рашэння аб павелічэнні гэтага перыяду, тлумачыць дыпламат, урад ЗША ўлічваў многія фактары, у тым ліку ў цэлым пазітыўны падыход беларускіх уладаў да свабоды сходаў на працягу мінулага года, які быў прадэманстраваны пры правядзенні святочных мерапрыемстваў 25 сакавіка з нагоды стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

— Дазвол на правядзенне падобнага мерапрыемства 25 сакавіка гэтага года будзе расцэнены як чарговы крок наперад, — адзначае прадстаўнік Дзярждэпу ЗША.

Джордж Кент таксама нагадвае, што Злучаныя Штаты неаднаразова заклікалі ўрад Беларусі да паглыблення прагрэсу, дасягнутага ў апошнія гады, праз выкананне абавязацельстваў у рамках АБСЕ па выкананні правоў чалавека, забеспячэнні свабоды мірных сходаў, свабоды выказванняў і асацыяцый, а таксама іншых фундаментальных свабодаў.

— Калі Беларусь зробіць далейшыя крокі ў сферы правоў чалавека і дэмакратыі, мы можам разгледзець магчымасць далейшага змякчэння санкцый, — кажа Кент.

«Расія выкарыстоўвае свае адносіны з былымі савецкімі рэспублікамі для прасоўвання сваіх інтарэсаў»

Нядаўна экс-генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што Расія плануе анэксаваць Беларусь і наблізіцца да межаў Заходняй Еўропы. Ці бачыць Вашынгтон пагрозу, якая выплывала для Беларусі з Расіі?

 Як падкрэсліў былы памочнік дзяржсакратара ЗША Уэс Мітчэл падчас свайго візіту ў Мінск, Злучаныя Штаты не просяць Беларусь рабіць выбар паміж Расіяй і Захадам. Падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі і ўсіх іншых постсавецкіх краін з'яўляецца даўняй палітыкай Злучаных Штатаў. Мы лічым, што Беларусь павінна быць вольная ў выбары свайго лёсу і кірункаў развіцця. Гэта ж тычыцца і яе адносін з суседзямі, — кажа Джордж Кент.

У ЗША разумеюць, наколькі цесныя у Беларусі сувязі з Расіяй у галіне палітыкі, эканомікі, бяспекі, а таксама тое, што Беларусь важную ролю надае пашырэнню гандлю з краінамі ЕС і іншымі. І ў Вашынгтоне «ніякім чынам не імкнуцца падарваць гэтыя сувязі». Тым не менш у Дзярждэпе адзначаюць, што за апошнія гады Расія не раз выкарыстоўвала свае цесныя адносіны з суседзямі ім на шкоду.

— Мы цэнім незалежнасць і суверэнітэт Беларусі і паважаем яе тэрытарыяльную цэласнасць. У апошнія гады мы занадта часта бачым, як Расія выкарыстоўвае свае адносіны з былымі савецкімі рэспублікамі для прасоўвання сваіх інтарэсаў ім на шкоду. Сюды можна аднесці кароткую вайну ў Грузіі ў 2008 годзе, спробу анэксіі Крыма ў 2014 годзе і вайну, якую Расія ў тым жа годзе развязала ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і якая доўжыцца да гэтага часу. Крым — гэта частка Украіны. Данбас — частка Украіны. Прынцыповая пазіцыя Беларусі аб непрызнанні расійскай юрысдыкцыі над Крымам вітаецца і падтрымліваецца Злучанымі Штатамі і большасцю краін свету, — кажа Джордж Кент.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: