Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы даведваецца пра праграму інтэграцыі з газет?

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота пракаментаваў праграму паглыблення інтэграцыі ў рамках СД, якую парафіравалі прэм’ер-міністры Беларусі і Расіі. Ён адзначыў, што ў СД ёсць план дзеянняў, які разлічаны на чатыры гады і вызначае перспектывы развіцця. На яго думку праграма не будзе моцна адрознівацца ад яго.

Рыгор Рапота


«У нас ёсць свой план дзеянняў, які разлічаны на чатыры гады, з 2019 па 2022 год, які таксама вызначае нейкія перспектывы развіцця Саюзнай дзяржавы. Я не думаю, што гэтая праграма будзе прынцыпова адрознівацца ад нашага плана дзеянняў», — цытуе Рапоту БелТА.

Разам з тым, з наступнай фразы Рыгора Рапоты ствараецца ўражанне, што дзяржсакратар не ў курсе зместу праграмы, а меркаванні аб ёй складае з прэсы і каментароў кіраўнікоў мінэканомікі дзвюх краін, якія працуюць над праграмай.

«Можа быць, больш канкрэтна будуць сфармуляваны мэтапакладанні ў галіне нейкіх пытанняў: тое, што я чытаў у газетах — гэта можа быць падатковы адзіны ці аднолькавы, падобны кодэкс. Напэўна, на што мы вельмі разлічваем, будуць, мяркуючы па каментарах міністраў эканомікі Беларусі і Расіі, прынятыя нарэшце нейкія меры па збліжэнні пазіцый па стварэнні роўных канкурэнтных умоваў», — сказаў ён.

Рыгор Рапота назваў роўныя ўмовы адным з ключавых пытанняў. Калі яно будзе вырашана, гэта дазволіць прасунуцца ў гандлёва-эканамічных адносінах, супрацоўніцтве ў прамысловасці і аграрнай сферы.

Цікава, што ў пачатку ліпеня Лукашэнка сустракаўся з Рыгорам Рапотам. Гаворка тады ішла якраз аб дзейнасці рабочых груп, якія рыхтавалі праграму. Лукашэнка тады наракаў, што перад сустрэчай з Пуціным яму няма чаго абмяркоўваць. Ён прасіў Рапоту садзейнічаць паскарэнню працы групы.

Нагадаем, што праграма паглыблення інтэграцыі была ўзгоднена прэм’ерамі Беларусі і Расіі 6 верасня. Зараз павінна ісці работа на 31 дарожнай картай. Увесь пакет дакументаў плануецца падпісаць у снежні. Змест праграмы застаецца невядомым. Міністр эканомікі Дзмітрый Круты ў афіцыйным адказе на зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім назваў немэтазгодным публікацыю праграмы з-за боязі непатрэбных інсінуацый, хоць раней прэм’ер-міністр Сяргей Румас казаў пра яе апублікаванне пасля парафіравання. Адмова Крутога стала здабыткам публікі на фоне з’яўлення ў расійскай газеце «Коммерсантъ» артыкула, дзе рабілася выснова аб канфедэратыўным характары саюзнага будаўніцтва. Прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант была вымушана аспрэчваць такія высновы.

Паводле REFORM.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: