Дзяржсакратар ЗША прыедзе ў Беларусь у канцы студзеня?

Пампеа патлумачыў Макею прычыны пераносу свайго візіту ў Беларусь.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа ў тэлефоннай гутарцы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем пацвердзіў "моцную прыхільнасць ЗША да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі". Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзярждэпа. Тэлефонная гутарка адбылася 6 студзеня. Як інфармуе прэс-служба МЗС нашай краіны, Пампеа патлумачыў Макею прычыны пераносу свайго візіту ў Беларусь. У дзяржсакратара Злучаных Штатаў было запланаванае турнэ ў Еўропу і Цэнтральную Азію. У Беларусь ён мусіў прыехаць 4 студзеня. Аднак сітуацыя ў Іраку, дзе адбыўся напад на амерыканскую амбасаду, прымусіла змяніць планы.

Прэс-служба МЗС Беларусі таксама інфармуе, што "з беларускага боку пацверджана гатоўнасць прыняць дзяржаўнага сакратара ЗША з візітам у ўзаемапрымальныя даты, адзначана важнасць адкрытага абмену думкамі па пытаннях развіцця двухбаковых адносінаў, сітуацыі ў рэгіёне і свеце ў цэлым". У той жа дзень Майк Пампеа паразмаўляў па тэлефоне і з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Гаворка таксама ішла пра перанесены візіт. Амерыканскі журналіст Крыстафер Мілер напісаў у Twitter, што ва Украіну дзяржсакратар ЗША можа прыехаць у канцы студзеня. А значыць, гэта імаверная дата яго візіту і ў Беларусь.


euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: