Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Дзве дарогі ў адно месца

Так званыя «знешнія фактары» аднолькава настойліва грукаюцца ў дзверы алігархічнага капіталізму ў Расіі і рынкавага сацыялізму ў Беларусі.
За першы квартал беларуская эканоміка вырасла на 0,3%, расійская — на 0,5%. Вось такі рашучы і сінхронны выхад з рэцэсіі — Саюзная дзяржава, аднак. Разам каціліся ў крызіс, разам з яго і выкарабкваемся пад уплывам ваганняў цаны на нафту. Хоць да ранейшых цанавых пікаў чорнаму золату далёка, за год нафта маркі Urals падаражэла прыкладна ў 1,5 разы: у сту­дзені-красавіку 2017 года яна каштавала ў сярэднім каля 54 долараў за барэль супраць 34 у мінулым годзе.

Адпаведна, на 23,5% павялічыўся беларускі экспарт. Асноўны ўклад у такі фантастычны вынік унеслі цэны. Яны павысіліся на 21,5%, у той час як у натуральным выразе экспарт тавараў вырас на сціплыя 1,6%.

Мы ішлі, ішлі...

З тым, што беларусы і рускія з'яўляюцца дзвюма галінамі аднаго народа, згодныя каля 70% суайчыннікаў. На працягу многіх гадоў гэтую ісціну пацвярджалі сацыёлагі НІСЭПД. Тым не менш у пачатку 1990-х гадоў кожная «галіна» пайшла сваёй дарогай да рынку і дэмакратыі.

На думку адзінага палітыка (АП), якую ён падрабязна выклаў у сакавіку 2003 года на ідэалагічным семінары, Расія адмовілася ад ролі лідара ўсходнееўразійскай цывілізацыі. «Дый у тэхналагічным, эканамічным плане яна не можа лічыцца для нас прыкладам. Справа ў тым, што вартасць, багацце Расіі — яе нетры — адчужаныя ад народа і сталі крыніцай яе бедаў як у матэрыяльнай, так і ў духоўнай сферы», — канстатаваў АП.

Палітычная эліта «старэйшага брата», што падсілкоўваецца сыравіннымі алігархамі, зарыентавала краіну на неаліберальныя каштоўнасці, спіс якіх адкрывае яскрава выражаны індывідуалізм і бездухоўнасць. Цікава, як бы на падобныя адкрыцці адрэагавалі расіяне, якія паўсталі пасля «Крымнаш» з каленяў? Чый узровень духоўнасці сёння вышэйшы?

Аднак я адышоў ад тэмы. У пачатку 1990-х гадоў Расія абрала шлях бандыцкага капіталізму. Вынік вядомы — жахлівая карупцыя, жорсткая ломка ўсіх сацыяльных асноў, што катком праехалася па лёсах мільёнаў людзей. Беларускі шлях — гэта шлях паступовых пераўтварэнняў «ад жыцця». Прамежкавым вынікам пры руху па гэтым шляху стала сацыяльная мадэль, здольная надзейна абараніць простага грамадзяніна.

«Мы будавалі, будавалі і нарэшце пабудавалі. Ура!» Аўтар гэтага афарызму — Чабурашка. Але калі аптымізм мультыплікацыйнага персанажа перанесці на беларускую эканамічную рэальнасць, дык слова «будавалі» варта было б замяніць на слова «ішлі». Наколькі пры гэтым гарманічна глядзеўся б выклічнік «Ура!» — пытанне спрэчнае.

Колькі людзей — столькі меркаванняў. Таму абмяжуюся меркаваннем АП, якое ён выказаў у Пасланні–2017: «Я ўжо казаў: іншага такога года не будзе, мы знаходзімся каля небяспечнай рысы, пераступіць якую не можам. Не зробiм хоць бы паўкроку наперад — баюся нават казаць, што можа адбыцца».

Мы ішлі, ішлі і нарэшце прыйшлі. Ура!

Будучыня надыдзе для ўсіх

«Небяспечная рыса», «Узбочына гісторыі» — гэта далёка не поўны пералік магчымых назваў станцый, да якіх мы дайшлі пад кіраўніцтвам АП, і — што важна — сам АП гэтыя назвы і прапанаваў.

Асабіста я для апісання сучаснага стану беларускай мадэлі аддаваў бы перавагу выкарыстанню вобразу гістарычнага вазка, з якога мы вывальваемся (вываліліся). Аднак днямі, пасля знаёмства ў інтэрнэце з лекцыяй палітолага Кацярыны Шульман, я быў вымушаны скарэктаваць свае ўяўленні. І справа не ў тым, што гістарычны вазок мне давялося замяніць на цягнік. З гэтай заменай я лёгка змірыўся. Значна важней — тэзіс аб прынцыповай немагчымасці з цягніка сысці.

Усе народы, сцвярджае Шульман, едуць у адным цягніку. Будучыня наступіць для ўсіх. Яе не пазбегнуць. Адрозненне толькі ў месцах: камусьці дасталася бакоўка каля прыбіральні, хтосьці едзе ў СВ (спальным вагоне).

Чацвёртай прамысловай рэвалюцыі з яе пераходам ад пятага тэхналагічнага ўкладу да шостага ніхто не зможа пазбегнуць. Вось толькі рабатызацыя вытворчасці, штучны інтэлект і іншыя навукова-тэхнічныя прыбамбасы, што падвысяць узровень жыццёвага камфорту для адных, іншых паставяць на мяжу фізічнага выжывання.

Праілюструю на прыкладзе. У верасні 2016 года нямецкая фармацэўтычная кампанія «Bayer» набыла найбуйнейшага амерыканскага вытворцу насення — кампанію «Monsanto» за $ 66 мільярдаў (кошт «Газпрома»).

У пачатку 1980-х гадоў навукоўцы «Monsanto» аднымі з першых здолелі мадыфікаваць гены расліны і з тых часоў працягваюць развіваць тэхналогіі, якія дазваляюць сельскагаспадарчым культурам даваць большы ўраджай, патрабаваць менш пестыцыдаў і скарачаць эрозію глебаў.

Адзін з самых прыбытковых праектаў «Monsanto» — вытворчасць двух прадуктаў: гербіцыду гліфасат і генетычна мадыфікаванага насення, устойлівага да гліфасату, што дае магчымасць фермерам выкарыстоўваць хімікат, які гарантавана забівае пустазелле, але не кранае карысныя культуры.

Можна быць ідэйным праціўнікам ГМА (генетычна мадыфікаваных арганізмаў). Сілком вырошчваць іх, а тым больш ужываць у ежу, ніхто не прымушае, але будучыня наступіць для ўсіх. Для новай транснацыянальнай кампаніі старт у будучыню пачынаецца з кантролю над 30% сусветнага ўраджаю. Нескладана здагадацца, якой яна апынецца для прыхільнікаў савецкіх ГОСТ.

Яшчэ адзін прыклад. 13 мая Уладзімір Пуцін падпісаў Стратэгію эканамічнай бяспекі Расіі на перыяд да 2030 года. У дакуменце пералічаныя 25 пагроз і выклікаў. Сярод іх «імкненне развітых дзяржаў выкарыстоўваць свае перавагі ва ўзроўні развіцця эканомікі, высокіх тэхналогій... у якасці інструмента глабальнай канкурэнцыі». Вось такія яны, развітыя краіны, вынаходзяць тэхналогіі, каб замацаваць за сабой права ехаць у СВ ды выштурхаць астатніх на бакоўкі каля прыбіральні.

Хто дзе кульгае

Так званыя «знешнія фактары» аднолькава настойліва грукаюцца ў дзверы алігархічнага капіталізму ў Расіі і рынкавага сацыялізму ў Беларусі. Знайсці адказы на сучасныя выклікі за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік нешта не атрымліваецца. (Ад сябе дадам: і не атрымаецца, бо немагчыма без павышэння ўзроўню ўнутранай канкурэнцыі дамагацца знешняга поспеху).

11 мая АП сустрэўся з губернатарам Растоўскай вобласці. Цытую паводле афіцыйнага прэс-рэлізу: «Аляксандр Лукашэнка перакананы, што беларускім і расійскім прадпрыемствам трэба не канкураваць, а дзейнічаць на агульным рынку па-партнёрску. «Калі мы вырабляем камбайны ў Гомелі, і «Ростсельмаш» іх вырабляе, трэба разумець, што мы павінны як партнёры дамовіцца. Гэта наш агульны рынак. Ціснуць адзін на аднаго не трэба. Калі «Ростсельмаш» не бачыць магчымасці дамовіцца, што нам застаецца рабіць... Канкураваць не толькі на нашых рынках, але і за іх межамі».

З МАЗам і КамАЗам — аналагічная гісторыя: «Адзін кульгае ў Беларусі, і другі абы-як працуе. Вось да чаго прывяла гэтая канкурэнцыя. Я ўжо не кажу пра замежжа».

Цікава, а да чаго прывяла канкурэнцыя аўтамабільных канцэрнаў у Германіі? Я не аўтамабіліст, тым не менш здольны па лагатыпе адрозніць «Мерседэс» ад БМВ, «Аўдзі» ад «Фольксвагена». У 2016 годзе продажы чатырох самых папулярных марак нямецкіх легкавых аўтамабіляў склалі 12,7 мільёна.

Супрацоўніцтва прадуктыўнае на ўзроўні блізкага кола (сябры, сям'я). Калі дзеці пачнуць канкураваць за ўвагу бацькоў — нічым добрым гэта не скончыцца. Але ў далёкім коле, у якім адносіны паміж людзьмі выбудоўваюцца на падставе фармальных правілаў, а не асабістых знаёмстваў, канкурэнцыя больш эфектыўная за супрацоўніцтва. Гэта падставовая ісціна!

Праблема рэйтынгу

Што ў такіх умовах застаецца рабіць кіраўнікам дзяржаў, якія гібеюць на бакоўках каля прыбіральні? Адказ на гэтае пытанне — не таямніца. Неабходна пераключыць увагу насельніцтва з унутраных праблем на знешнія.

Паводле аб'ектыўных прычын, Пуціну гэта пераключэнне здзейсніць прасцей, чым яго беларускаму калегу. «У Расіі, — тлумачыць журналіст Сямён Навапрудны, — ёсць тое, чаго няма ў Беларусі, — фундаментальны і імперскі комплекс, які ляжыць у аснове рэчаіснасці: мы — вялікая дзяржава, а вакол ворагі, аднак мы можам адпомсціць у любым куточку свету. Таму, калі глядзіш расійскае тэлебачанне, бачыш, што расіяне жывуць не ў Расіі, а заклапочаныя праблемамі Украіны, Сірыі, Захаду. Гэта такая прыдумка — эвакуяваць расіян з краіны, каб не паказваць падзенне даходаў, эканамічны тупік».

Г.зн. Пуцін мае магчымасць не толькі дамагацца згуртавання расіян «вакол сцяга», палохаючы знешняй пагрозай, але і дэманстрацыяй ваеннай моцы, выклікаць масавы рост пачуцця ўласнай значнасці і адчування велічы Расіі, якая адраджаецца (паводле красавіцкага апытання ВЦИОМ, 86% грамадзян РФ лічаць, што Расія з'яўляецца ўплывовай дзяржавай на сусветнай арэне).

У арсенале АП толькі «жахалкі». Адсюль праблема рэйтынгу. У АП яго сувязь з дынамікай даходаў насельніцтва істотна вышэйшая, чым у Пуціна. Таму не варта здзіўляцца чарговаму патрабаванню павысіць сярэдні заробак беларусаў да 500 долараў.



Каментаваць