Эканаміст Пуцін рыхтуецца да вайны і катаклізмаў

Расійская эканоміка прыдушаная дзяржавай. МВФ прадказвае ёй застой. Аднак такі сцэнар не палохае прэзідэнта Пуціна. Пра гэта піша Канстанцін Эгерт, расійскі журналіст і вядучы праграм тэлеканала "Дождж",  у артыкуле на DW.


Прапануем чытачам фрагмент артыкула на Deutsche Welle.

 

Перадваенны бюджэт Пуціна

Пуцін абяцаў пачаць укладваць грошы ў інфраструктуру, у ахову здароўя і адукацыю. Аднак ва ўмовах, калі 60 ці 70 працэнтаў ВУП краіны так ці інакш звязаныя з дзяржаўным сектарам, гаворка па сутнасці ідзе пра перакладанне грошай з адной кішэні ў другую.

Затое назапашванне сродкаў у дзяржаўнай скарбонцы ідзе магутнымі тэмпамі. Расія аддала даўгі МВФ, і цяпер яе сукупны знешні доўг складае менш за 500 мільярдаў долараў. Для параўнання, доўг Злучаных Штатаў складае 22 трыльёны. На думку знаёмага аналітыка буйнога заходняга інвестбанка, які займаецца Расіяй, грашовыя запасы расійскага ўрада могуць дасягаць трох ці больш працэнтаў ВУП: "Калі паглядзець на гэта збоку, то Крэмль паводзіць сябе так, як быццам там рыхтуюцца да вайны ці да нейкіх вялікіх катаклізмаў". Што падобна да праўды. Бо нават тое, што сацыяльны клімат пагаршаецца, а лічбы рэйтынгаў даверу падаць, не прымушае Уладзіміра Пуціна паспяшацца з інвестыцыямі ў адчувальныя для грамадзян сферы.

Я часта чуў меркаванне, што, маўляў, Пуцін наогул аматар жорсткай фінансавай палітыкі, манетарызму, і ён папросту падпарадкоўваецца інстынкту ды збірае грошы на чорны дзень, пакуль яны збіраюцца. У дадатак, дзяржкарпарацыі — а значыць, дзве траціны расійскай эканомікі — кожны дзень рызыкуюць патрапіць пад новыя санкцыі ЗША. Ім патрэбная "падушка бяспекі". Усё гэта сапраўды так, аднак раней Крэмль усё ж значна больш гнутка і шчодра рэагаваў на зніжэнне папулярнасці палітыкі Пуціна ў народзе.

 

Навальны, Собаль і спадчыннікі Пуціна

Як і паказальная лупцоўка апазіцыі ў Маскве, так і гэта фінансавая палітыка (у спалучэнні з павышэннем пенсійнага ўзросту і ПДВ) — на маю думку, відавочная прыкмета падрыхтоўкі Крамля да жорсткага транзіту ўлады. У праграме альбо безумоўна нятанны ваенны сцэнар, які прадугледжвае анексію Беларусі ці далучэнне "ЛНР-ДНР" (а магчыма, і тое, і другое адначасова), альбо драматычнае змяненне шматпакутнай канстытуцыі і фактычнае ператварэнне Пуціна ў пажыццёвага кіраўніка Расіі. Другі сцэнар запатрабуе праліць над насельніцтвам рублёвы "дождж", каб яго, насельніцтва, задобрыць. Я асабіста больш веру ў сцэнар нумар адзін, чым у сцэнар нумар два.

Але на гэтым праблемы не заканчваюцца. Таму што нават калі заўтра здарыцца цуд — рэжым зменіцца, і ў Крэмль прыйдзе прэзідэнт Навальны, Собаль або Яшын, а ў Дзяржаўную думу — суцэльна лепшыя людзі Расіі без двукоссяў, яны атрымаюць у спадчыну менавіта такую ​​эканоміку, пры якой дзясяткі мільёнаў чалавек залежаць ад дзяржавы і яе грошай. І дзяржапарат, які не ўмее нічога, акрамя таго, каб гэтыя грошы раздаваць па загадзе зверху — ці красці.

Ці зменіць Пуцін Канстытуцыю і пачне новую вайну, мы пакуль не ведаем. Але ён, вольна ці міжволі, адліў у бетоне такую ​​эканамічную сістэму, пры якой любая апазіцыя задумаецца — ламаць яе ці ж дамаўляцца з "былымі"? Магчыма — хаця б часткова — на гэта і робяць разлік "лепшыя людзі Расіі". Гэтым разам — у двукоссях.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!