Эколагі і палітыкі патрабуюць ад улад Беларусі спыніць будаўніцтва АЭС

Шэраг беларускіх эколагаў і палітыкаў выказалі сур'ёзную занепакоенасць парушэннямі Беларуссю міжнароднага заканадаўства пры будаўніцтве АЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць).



Адпаведную заяву падпісалі кіраўнікі Беларускай партыі "Зялёныя", Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", ініцыятыў "Еўрапейская Беларусь" і "Беларускі рух", прафсаюза РЭП, грамадскага аб'яднання "Экадом", грамадскай кампаніі "Астравецкая атамная — гэта злачынства!", грамадскай экалагічнай экспертызы праекта беларускай АЭС.



У заяве гаворыцца пра факты парушэння Беларуссю пры будаўніцтве АЭС Канвенцыі па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН (Канвенцыя Эспаа). Аўтары нагадваюць, што гэта не адзіны выпадак адступлення Беларусі ад міжнародных дамоўленасцяў пры будаўніцтве астравецкай АЭС і прыводзяць прыклад парушэння Канвенцыі пра доступ да інфармацыі, удзел грамадскасці падчас прыняцця рашэнняў і доступ да правасуддзя па пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя (Орхуская канвенцыя), афіцыйна ўстаноўленыя Камітэтам па захаванні Орхускай канвенцыі ў чэрвені 2011 года.



Паводле звестак прадстаўнікоў экалагічнай грамадскасці, Беларусь не выконвае рэкамендацыі Камітэта па захаванні Орхускай канвенцыі, што сведчыць пра сістэматычнае грэбаванне краінай міжнароднымі абавязацельствамі.



Эксперты Камітэта па ажыццяўленні Канвенцыі Эспаа таксама далі шэраг рэкамендацый Беларусі, нагадваюць падпісанты заявы. "Калі іх коратка падсумаваць, Беларусь павінна пачаць працэдуру ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце фактычна нанова і перагледзець як мінімум рашэнне пра канчатковы выбар астравецкай пляцоўкі з улікам патрабаванняў Літвы", — гаворыцца ў дакуменце.
 


Аднак Беларусь не спяшаецца прызнаваць памылкі, а наадварот, спрабуе дэзінфармаваць нацыянальную і міжнародную грамадскасць пра будаўніцтва астравецкай АЭС, гаворыцца ў дакуменце. Так, беларускія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі пра тое, што Беларусь выконвае міжнародныя абавязацельствы пры рэалізацыі свайго атамнага праекта. З іншага боку, адзначаюць аўтары заявы, прадстаўнікі ўрада Беларусі афіцыйна дэкларуюць на міжнародным узроўні, што нібыта дазвол на будаўніцтва АЭС на астравецкай пляцоўцы ўсё яшчэ не выдадзены (менавіта так разумеюць сітуацыю ў Камітэце па ажыццяўленні Канвенцыі Эспаа). "Як тады ўспрымаць работы па будаўніцтве і бетанаванні катлавана пад рэактарны будынак першага і цяпер ужо другога энергаблокаў — як незаконнае будаўніцтва?" — пытаюцца эколагі і палітыкі.
 


Падпісанты заявы лічаць, што ўлады Беларусі павінны: "спыніць дэзінфармацыю наконт выканання міжнароднага заканадаўства пры будаўніцтве АЭС, неадкладна спыніць праектаванне і будаўніцтва АЭС, нанова правесці ўсе працэдуры, якія патрабуюць Орхуская канвенцыя і Канвенцыя Эспаа, і перагледзець у адпаведнасці з гэтымі працэдурамі ўсе рашэнні, звязаныя з будаўніцтвам АЭС".
 


Беларускія эколагі і палітыкі выказваюць упэўненасць, што пры належным выкананні гэтых працэдур ад будаўніцтва АЭС давядзецца канчаткова адмовіцца, бо гэты аб'ект "экалагічна небяспечны, эканамічна затратны і не вытрымлівае ніякай крытыкі ў межах ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе".

БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: