Эксперт: Як толькі з’явяцца органы ўлады, якія залежаць ад волі выбарцаў, а не чыноўнікаў, уся сістэма рассыплецца

Чаму дэкаратыўным Саветам пакуль так і не «свеціць» рэформа.
У Мінску 11 снежня пройдзе семінар па развіцці асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў з удзелам экспертаў Савета Еўропы.

Якая роля мясцовых Саветаў у Беларусі?

Старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у свой час быў дэпутатам Белаазёрскага гарадскога савета. За апошнія гады, на яго думку, у сістэме мясцовага самакіравання нічога не змянілася.

— Самая асноўная праблема — Саветы з’яўляюцца дэкаратыўнымі органамі, якія па законе збіраюцца не радзей, чым чатыры разы на год, пачатковая і канчатковая сэсія ў годзе прысвечаны, як правіла, прыняццю бюджэту і зацвярджэнню справаздачы па яго выкананні. Але сам бюджэт рыхтуе мясцовы выканкам, які сам і займаецца рэалізацыяй бюджэту. Дэпутаты практычна ні на што не ўплываюць.

Адзіным апраўданнем існавання такой дэкаратыўнай формы улады з’яўляецца наяўнасць ініцыятыўных дэпутатаў, якія сапраўды працуюць у інтарэсах сваіх выбарцаў, могуць, карыстаючыся магчымасцю дэпутацкага мандата, адчыняць дзверы кабінетаў мясцовых чыноўнікаў і ўздымаць праблемы людзей свайго горада або раёна. Усё астатняе — гэта семінары, паездкі на прадпрыемствы, заслухоўванні нікому не патрэбных справаздач, прычым рашэнні дэпутатаў не могуць паўплываць на працу іншых дзяржаўных органаў на канкрэтнай мясцовай тэрыторыі.

— А выканаўчая ўлада хоць неяк прыслухоўваецца да меркавання дэпутатаў?

— Гэта залежыць ад узроўню Савета. Калі гэта абласны або раённы ўзровень, то магчымасцяў у дэпутата больш, як бы там ні было, яны могуць сцвярджаць праграмы развіцця сацыяльна-эканамічнага развіцця або, напрыклад, размяркоўваць тэрыторыі пад забудову. Існуе вельмі цікавая мадэль узаемаадносін. Калі б былі дэпутаты, якія рэальна абіраюцца, калі б яны былі не залежныя ад улады, прадстаўлялі інтарэсы сваіх выбарцаў ці партый, то адносіны выбудоўваліся б зусім іншым чынам. А так дэпутаты з’яўляюцца часткай рэгіянальнай наменклатуры, гэта дырэктары дзяржпрадпрыемстваў і школ, галоўныя ўрачы, чыноўнікі са сферы ЖКГ, таму ўсе яны звёны адной сістэмы. А паколькі сістэма ў нас функцыянуе вертыкальна, то казаць аб наяўнасці гарызантальных сувязяў і уплыў не прыходзіцца.

— Што такое асацыяцыя Саветаў дэпутатаў?

Такія органы ствараюцца ў еўрапейскіх краінах, паколькі любая асацыяцыя дазваляе абмяркоўваць і лабіяваць агульныя праблемы для кожнага яе прадстаўніка. Яшчэ дзесяць гадоў назад мы казалі пра неабходнасць стварэння такіх асацыяцый мясцовых Саветаў ці нават кіраўнікоў гарадоў, каб кіраўнікі мясцовых органаў улады маглі абмяркоўваць агульныя праблемы паміж сабой і такім чынам ставіць пытанні перад выканаўчай або нават вярхоўнай уладай у Мінску. Але тады прэзідэнцкая вертыкаль нам насустрач не пайшла.

Варта адзначыць, што праца мясцовых дэпутатаў не аплачваецца, ёсць стаўкі толькі для старшыняў і сакратароў, а таксама ў залежнасці ад Савета яшчэ для кагосьці ў апараце. Усе астатнія дзясяткі тысяч дэпутатаў не атрымліваюць ні капейкі зарплаты з бюджэту.

— Ці не з’яўляюцца цяперашнія Саветы перажыткам савецкага мінулага?

— Так, у цяперашнім выглядзе гэта бутафорскае стварэнне. Але павінна быць рэальная мясцовая ўлада, рэальнае мясцовае самакіраванне. Гэта практыка ўсіх дэмакратычных краін, паколькі большасць рашэнняў павінна прымацца на мясцовым узроўні. Гэта не пытанне Мінска ці нават абласнога цэнтра, як у пэўным раёне арганізаваць вольны час жыхароў ці вываз смецця, рассаджваць зялёныя насаджэнняі, арганізоўваць від мясцовага бізнесу або паслуг. Але зацікаўленасць выканкамаў ляжыць у выкананні указаў і задач, якія спускаюцца зверху. А для нармальных Саветаў была б зацікаўленасць ісці насустрач выбаршчыкам, жыхарам, з якімі яны пражываюць у канкрэтным горадзе.

— Чаму цяперашняя ўлада не жадае даваць больш магчымасцяў мясцовым органам самакіравання?

— У савецкія часы галоўную ролю гулялі партыйныя структуры, створаныя КПСС. У гісторыі СССР ніколі не было такога, каб праводзіліся свабодныя выбары і прадстаўнікі грамадства, выбарцы мелі рэальную ўладу. Гэта спадчына захавалася і ў Беларусі. З аднаго боку, улада не хоча ўзвальваць на сябе ўвесь груз праблем і нацыянальнага, і мясцовага маштабу. З іншага — разумее, што як толькі з’явяцца органы ўлады, якія залежаць толькі ад волі выбаршчыкаў, а не чыноўнікаў, уся створаная сістэма пачне сыпацца. Вось чаму яны і не хочуць ісці на рэформы.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!