Эксперт: Канстытуцыйная рэформа ў Расіі не пацягне зніжэння ціску на Беларусь

Расія працягне ціск на Беларусь і будзе патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі інтэграцыйных саступак. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Цэнтра палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч ў рэгулярнай справаздачы, прысвечанай развіццю сітуацыі ў Беларусі ў лістападзе 2019 — студзені 2020 года.
РІА Навіны

РІА Навіны

Вытрымкі са справаздачы апублікаваў сайт thinktanks.by.


Пуцін і Дзяржсавет


Як мяркуе Андрэй Ляховіч, пры канстытуцыйных наватарствах, ініцыяваных Уладзімірам Пуціным, ключавое значэнне мае яго ініцыятыва па ўзмацненні ролі Дзяржаўнага савета. Як кіраўнік Дзяржаўнага савета Пуцін працягне канцэнтраваць у сваіх руках выканаўчую, заканадаўчую і судовую ўладу.

Андрэй Ляховіч нагадвае, што раней шэраг экспертаў выказалі меркаванне, быццам праводзячы канстытуцыйную рэформу, Пуцін вырашае праблему падаўжэння свайго кіравання ў Расіі без анэксіі Беларусі (у канцы 2018 — пачатку 2019 гадоў было шмат публікацый, што расійскі прэзідэнт можа вырашыць праблему анэксіяй Беларусі: гэта дазволіць яму балатавацца на пасаду прэзідэнта пашыранага расійскай дзяржавы).

Аднак Андрэй Ляховіч упэўнены, што палітыка Расіі ў дачыненьні да Беларусі пры Пуціне-кіраўніку Дзяржаўнага савета не будзе адрознівацца ад палітыкі пры Пуціне-прэзідэнце. Пры гэтым палітолаг застаецца перакананым прыхільнікам пункту гледжання, што анэксіі не будзе.


Пуцін і нафта


У той жа час эксперт перакананы, што рашэнне кіраўніцтва Расіі спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь мае палітычныя прычыны. Масква выкарыстоўвае эканамічны ціск, каб прымусіць беларускі бок зрабіць крокі па паглыбленні інтэграцыі (стварэнне наднацыянальных органаў саюзнай дзяржавы і г.д.).

Уласна, пра гэта сведчаць словы Дзмітрыя Мядзведзева, які 23 снежня заявіў: «Уся далейшая падтрымка Беларусі будзе аказвацца Беларусі толькі тады, калі будуць выкананыя ўсе дарожныя карты па інтэграцыі. Карты ўзгоднены ў прынцыпе. Калі паглядзець на інтэграцыю, мы можам перайсці да яе фарсіраванага прасоўвання, а менавіта выканаць тое, што ў гэтых картах значыцца—- з першай па трыццатую, прыняць уніфікаванае заканадаўства, каб гэта былі сапраўдныя законы».

Андрэй Ляховіч мяркуе, што аднаўленне паставак нафты ў Беларусь адбудзецца на горшых умовах, чым гэта было прадугледжана папярэдне. У выніку страты бюджэту Беларусі праз падатковы манеўр у 2020 годзе будуць большымі, чым гэта было запланавана.

«Аднак падвышэнне цаны на нафту не будзе вельмі значным. Не ў інтарэсах (і, напэўна, не ў магчымасцях) Расіі штурхаць Лукашэнку на такія адчайныя меры, як закрыццё нафтаправода для расійскага экспарту», — лічыць палітолаг.

У той жа час, на яго погляд, найбольш верагодна, што ў выніку перамоваў будзе ўстаноўлена цана на газ для Беларусі, якая не будзе істотна адрознівацца ад цаны 2019 года.

Саступак пакуль не будзе


У справаздачы адзначаецца, што цяпер, як і ў 2010 годзе, расійскае кіраўніцтва аказвае інфармацыйны ціск на Лукашэнку. Крэмль хоча паказаць Лукашэнку, што ён не мае свабоды манеўру, вельмі залежы не толькі ад эканамічнай, але і ад палітычнай падтрымкі Расіі.

Аднак палітолаг перакананы ў малаверагоднасці таго, што, па меншай меры, у 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка пойдзе на саступкі Расіі ў пытаннях паглыблення інтэграцыі. Гэтаму, у прыватнасці, будзе садзейнічаць атрыманне кітайскага крэдыту, што ў кароткатэрміновым плане ўзмацняе пазіцыі беларускай улады ў адносінах з Расіяй.

Нагадаем, 15 студзеня Уладзімір Пуцін анансаваў канстытуцыйныя змены ў Расіі. Адна з самых важных змен — папраўка аб Дзяржсавеце, якая надзяляе гэты орган канстытуцыйным статусам і — у перспектыве — істотнымі паўнамоцтвамі. 

У сувязі з гэтым некаторыя беларускія палітолагі выказалі меркаванні, што для ўтрымання ўлады Пуціну больш не патрэбная інтэграцыя з Беларуссю. Аднак многія перакананыя, што пагроза беларускаму суверэнітэту з боку ўсходняга суседа нікуды не знікла.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: