Эксперт: Калі ў Мінску прымуць план Пуціна, гэта будзе капітуляцыя Украіны

5 верасня на Данбасе можа пачацца ажыццяўленьне «мірнага» плану, які навязаў Пуцін, і гэта прывядзе да стварэння яшчэ аднаго Прыднястроўя пад назвай «Наваросіі».



Такім чынам эксперт Рыгор Перапяліца пракаментаваў Радыё Свабода гатоўнасць прэзідэнта Пятра Парашэнкі абвясціць спыненне агню на Данбасе ў выпадку поспеху перамоваў «трохбаковай групы» ў Мінску 5 верасьня.
 
 
Затое дарадца міністра абароны Украіны Аляксандар Данілюк адзначае, што Кіеў павінен прадэманстраваць свету прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання. Але саступкі ў пытанні дзяржаўнага суверэнітэту — недапушчальныя.
 
 
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў на саміце НАТА ў Валіі, што 5 верасня бакі супрацьстаяння на Данбасе могуць абвясціць аб спыненні агню. 5 верасня «у 14:00, калі сустрэча (кантактнай групы ў Мінску — РС) адбудзецца, я вярнуся і дам даручэнне кіраўніцтву Генеральнага штабу аб двухбаковым спыненні агню, і мы спадзяемся, што імплементацыя мірнага плану пачнецца» — сказаў Парашэнка.
 
 
Эксперт па пытаннях міжнароднай бяспекі Рыгор Перапяліца у каментары Радыё Свабода пагадзіўся з тым, што гаворка ідзе аб мірным плане. Толькі з удакладненнем, што гэта можа быць план прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
 
 
«Узнікае пытанне — пра які менавіта план ідзе гаворка? Пра план Пуціна ці пра план Парашэнкі? На гэтым ніхто не акцэнтуе ўвагі. Расія, сепаратысты гавораць аб мірным плане і ўкраінскі бок гаворыць аб мірным плане. Калі прымуць план Пуціна, то гэта — капітуляцыя Украіны. Практычна яна прадугледжвае абхазізацыю Данбасу» — канстатуе эксперт.
 
 
 
3 верасня Пуцін агучыў свой план з сямі пунктаў па «спыненні кровапраліцця і стабілізацыі абстаноўкі на паўднёвым усходзе Украіны». У плане няма ніводнага пункту аб тым, што павінна зрабіць Расія для такога мірнага ўрэгулявання.
 
 
Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк назваў прапановы гаспадара Крамля замарожваннем канфлікту на Данбасе.
 
 
Рыгор Перапяліца пералічыў усе папярэднія спробы дасягнення дамоўленасцяў з Расіяй — у Жэневе, Нармандыі, Берліне... Усе гэтыя спробы, паводле эксперта, аказаліся марнымі і скончыліся узмацненнем агрэсіі Расіі супраць Украіны.
 
 
«Мы ўжо бачылі і аднабаковае перамір’е з боку Украіны. Калі Парашэнка абвясціў аднабаковае перамір’е, толькі за адзін дзень загінулі 20 нашых байцоў. І гэта дало тэрарыстам магчымасць назапасіць сілы і знішчаць нашых вайскоўцаў, калі яны не мелі права на агонь» — нагадвае Рыгор Перапяліца.
 
 
Дарадца міністра абароны Украіны Аляксандар Данілюк згаджаецца з Рыгорам Перапяліцай адносна магчымай хітрасці Пуціна. На вялікі жаль, канстатуе Данілюк, мірнае ўрэгуляванне на Данбасе наўрад ці дасягальнае. Аднак рабіць усё магчымае для такога ўрэгулявання варта, лічыць ён.
 
 
«Перакананы, што вярхоўны галоўнакамандуючы адстойвае абсалютна правільную пазіцыю. Таму што Украіна павінна дэманстраваць ўсяму свету, што мы насамрэч настроеныя менавіта на мірнае ўрэгуляванне. Пры гэтым, безумоўна, мірнае ўрэгуляванне можа грунтавацца выключна на захаванні тэрытарыяльнай цэласнасці і дзяржаўнага суверэнітэту Украіны» — падкрэсліў Аляксандар Данілюк.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: