Эксперты: Беларусь — у цэнтры супярэчнасцяў (фота)

9 снежня на пасяджэнні Экспертнага клуба «Прафесійна аб актуальным» палітыкі, эканамісты і культуролагі падвялі палітычныя вынікі 2015 года.



Удзел у мерапрыемстве ўзялі такія вядомыя асобы, як Аляксандр Дабравольскі, Валер Карбалевіч, Андрэй Курэйчык, Анатоль Лябедзька.
 


Сябра Палітрады АГП і мадэратар паседжання Аляксандр Дабравольскі пракаментаваў сайту ucpb.org хаду дыскусіі і высновы экспертаў:

Як знакавыя падзеі года прысутныя адзначылі прэзідэнцкія выбары і тое, што Лукашэнку ўдалося захаваць сваю ўладу. Аднак усе прызналі, што ў Беларусі крызіс. Размова таксама ішла пра тое, што Беларусь змяніла сваю знешнюю палітыку ў рэчышчы балансу паміж Захадам і Усходам, пайшла трохі ўбок да Еўропы. Значнымі падзеямі года, безумоўна, былі вызваленне палітвязняў і ўганараванне Нобелеўскай прэміяй Святланы Алексіевіч, якая становіцца маральным аўтарытэтам у Беларусі. Хаця эксперты адзначылі, што на самой справе знешняя ацэнка стала амаль галоўнай для беларускага грамадства, якое з вялікім спазненнем ацэньвае талент і працу Алексіевіч.


 

Як галоўную тэндэнцыю эксперты вылучылі тое, што Беларусь зараз знаходзіцца ў цэнтры супярэчнасцяў.

Што да ўнутраных супярэчнасцяў, то гэта — эканамічная мадэль, і немагчымасць яе ўтрымліваць без знешняй падтрымкі, якую зазвычай аказвае Расея (цяпер ужо з вялікімі цяжкасцямі і значна меншую, бо знаходзіцца ў іншай сітуацыі). Да таго ж, калі раней адзіным суб’ектам, які ўплываў на эканамічную сітуацыю быў прэзідэнт, то зараз суб’ектам становіцца ўрад, які пры гэтым вельмі непаслядоўны ў пытаннях неабходнасці правядзення рэформ.

Таксама Беларусь сёння ў зоне супярэчнасцяў паміж Усходам і Захадам і выкарыстоўвае, каб зарабіць, санкцыі супраць Расеі і яе антысанкцыі. У стратэгічным плане гэта вельмі сумнеўная функцыя, бо гэты канфлікт можа быць небяспечны і для таго, хто ў ім зацікаўлены. Прыйдзецца выбіраць будучыню, зыходзячы яшчэ з таго, што Расея можа быць тым суб’ектам, які прымусіць уцягнуцца ў гэты канфлікт, размясціць свае вайсковыя базы і т.п. А гэта ўжо вялікая небяспека.

Нявызначанасць Беларусі ў геапалітычным плане пакуль што дазваляе зарабляць, але эканамічная мадэль, якая працуе ў Беларусі і апіраецца на гэта, а не на тое, што здольныя зрабіць нашы грамадзяне — гэта ў стратэгічным плане абсалютна не правільная мадэль.

Сёння беларуская ўлада імкнецца не дапусціць іншых суб’етаў, якія маглі б сапернічаць з ёй. У тым ліку з гэтае прычыны апазіцыя не з’яўляецца сёння тым суб’ектам, які мог бы змяніць эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі. Аднак ва ўмовах, калі мяняецца геапалітычная і эканамічная сітуацыя, дзеянні апазіцыі, яе адказы і прапановы могуць прывесці да таго, што ўзровень суб’ектнасці павысіцца. Пры абуджэнні грамадства, якое будзе менш кіравацца страхам, а больш сваімі інтарэсамі, і само грамадства, і апазіцыя здольныя стаць суб’ектамі, які будуць вельмі моцна ўплываць на тое, што адбываецца ў краіне».

ucpb.org

Фотарэпартаж Генадзя Верацінскага

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-12-10 14:53:57
"...знешняя ацэнка стала амаль галоўнай для беларускага грамадства..." "Амаль галоўная" - гэта як "крыху цяжарная"? :)

Больш цікавага на «Новым Часе»: