ЕНП заклікала Лукашэнку спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі

Старшыня Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) Дональд Туск ад імя палітычнага аб’яднання, якое ён узначальвае, заклікаў Аляксандра Лукашэнку «спыніць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць апазіцыі і вызваліць усіх палітзняволеных». Адпаведная заява апублікаваная ў «Твітэры» палітыка.
«ЕНП сочыць за арыштам Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца і іншых, хто знаходзіцца ў экстрэмальных умовах у турме, рызыкуючы сваім здароўем», — напісаў ён.

Як раней паведамляў БелаПАН, актывісты, якія выйшлі на волю пасля адбыцця адміністрацыйных арыштаў за ўдзел у легальных пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, скардзіліся на невыносныя ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама.

Так, першы сакратар не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт» Максім Урбановіч расказаў 15 чэрвеня, што ў дачыненні да грамадскіх актывістаў прымяняюцца здзекі і шантаж. На дзень у іх адбіраюць матрацы, забараняюць ляжаць, штодня выліваюць на падлогу вядро з хлоркай, хлоркай ж абліваюць асабістыя рэчы. На скаргі затрыманых работнікі ЦІП адказваюць: «Скажыце дзякуй палітычным, гэта з-за іх».

Словы Урбановіча пацвердзіў яшчэ адзін актывіст, які выйшаў з ЦІП, — Сяргей Мацкойць.

Жонка апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца Вольга 15 чэрвеня напісала ў „Фэйсбуку”, што яе муж зведвае катаванні. «Сёння патэлефанаваў чалавек, які сядзеў з Паўлам, і сказаў, што Паўлу далі яшчэ два пратаколы па 15 сутак — у цэлым атрымліваецца 75 сутак, забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплае адзенне, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі холадна. Паша просіць, каб перадалі перадачу хоць якую-небудзь, але мы не можам гэтага зрабіць, таму што перадачы не прымаюць», — піша Вольга Севярынец. Яна просіць дапамогі ў тых, хто „неяк можа паўплываць на тое, што робяць з Паўлам”, і выказвае непакой за яго жыццё.

На просьбу БелаПАН пракаментаваць скаргі на ўмовы ўтрымання ў ЦІП афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава заявіла: тое, што прагучала з вуснаў актывістаў, не адпавядае рэчаіснасці.

16 чэрвеня грамадскае аб’яднанне «Прававая ініцыятыва» звярнулася да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і ў пракуратуру Мінска ў сувязі з інфармацыяй аб бесчалавечным абыходжанні з арыштаванымі ў сталічным ЦІП.

Паводле Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: