Эплбаўм: За апатычнае стаўленне да планаў Пуціна наконт Беларусі Захаду давядзецца заплаціць

Адна з самых уплывовых публіцыстак свету Эн Эплбаўм папярэджвае Захад, што за апатыю адносна планаў Пуціна наконт Беларусі давядзецца заплаціць, піша «Радыё Свабода».



Эн Эплбаўм. Фота www.svaboda.org

У сваім тэксце для The Washington Post Эплбаўм прыгадала, што 10 верасня 2001 года яна апублікавала артыкул пра Беларусь, у якім апісвала, як «Лукашэнка фальсіфікуе выбары, кантралюе СМІ і эканоміку, пераследуе сваіх палітычных апанентаў, а часам забівае».

За дваццаць год, паводле журналісткі, у Беларусі нічога прынцыпова не змянілася, але змяняецца, на яе думку, Расія і апетыт Уладзіміра Пуціна, якому патрэбныя відовішчныя поспехі, каб схаваць слабасць расійскай эканомікі і свой няпэўны рэйтынг.

«Радасць з акупацыі Крыму мінула, аперацыя ў Сірыі вельмі складаная, а захоп чарговых частак Украіны вымагае ад Расіі вялікага вайсковага высілку. Можа Пуцін на гэта і пойдзе, але магчыма, што да гэтага часу ён далучыць да Расіі Беларусь».

«Памяркоўнай» формай захопу Беларусі Эплбмаўм называе эканамічную экспансію, а радыкальная форма, на яе думку, гэта стварэнне цалкам новага палітычнага ўтварэння, «якім бы кіраваў адзін прэзідэнт, імя якога пачыналася б на літару У».

«Усе гэтыя дваццаць гадоў Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе дзякуючы таму, што ён добра разумеў, адкуль дзьме вецер. Калі Расія прадставіць яму прапанову, ад якой нельга адмовіцца, то ён не будзе супраціўляцца», — лічыць Эн Эплбаўм.

Журналістка канстатуе, што ў Захаду сёння меншы ўплыў на Мінск, чым раней, і меншая зацікаўленасць Беларуссю.

«І што яшчэ больш важна, цяперашні прэзідэнт ЗША не толькі адмовіўся ад мараў пра адзіную і свабодную Еўропу, ён схільны прымаць пад увагу расійскі пункт гледжання ў большасці істотных справаў».

На думку Эплбаўм, Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць аднавіць СССР, які ён калісьці назваў «галоўнай геапалітычнай катастрофай XX стагоддзя».

«За нашу апатыю давядзецца заплаціць. Гаворка не толькі пра тое, што беларусы могуць быць на парозе страты сваёй незалежнасці, але і пра тое, што Масква можа быць на парозе новага пераўтварэння ў паўнавартасную сталіцу імперыі, якая падбірае пад сябе многія краіны і кіруе імі», — піша публіцыстка.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!