ЕС можа прыняць санкцыі супраць Беларусі без удзелу Кіпра

Калі лідары Еўрасаюза не змогуць пераканаць Кіпр зацвердзіць санкцыі супраць Беларусі, то ў блоку могуць прыняць абмежаванні кваліфікаванай большасцю, паведамляе газета The Guardian са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль можа скарыстацца той акалічнасцю, што санкцыі, якія рыхтуюцца супраць Беларусі, не патрабуюць стварэння новага механізму, а могуць быць рэалізаваны як папраўка да дзейснага механізму ад 2012 года.

Тады ЕС прыняў санкцыі супраць Мінска за падаўленне пратэстаў і парушэнне правоў чалавека. Частка з іх пасля была знятая, частка працягвае дзейнічаць. Каб пашырыць спіс асобаў у чорным спісе, дастаткова ўнесці ў дакумент аб санкцыях папраўкі. У яго тэксце не гаворыцца, што для карэкціроўкі неабходна падтрымка ўсіх без выключэння членаў ЕС.

Зацверджанню санкцый супраць Беларусі перашкаджае Кіпр, сцвярджае Барэль. Па даных СМІ, кіраўніцтва рэспублікі не хоча падтрымаць новыя абмежаванні, пакуль у ЕС не распачнуць больш актыўнага ціску на Турцыю. Нікасія лічыць, што турэцкія спецыялісты праводзяць незаконную геолагаразведку на акваторыі, якая належыць востраву Кіпр.

«У людзей заканчваецца цярпенне, ім не падабаюцца такія спробы браць закладнікаў», — пракаментавала The Guardian крыніца ў ЕС дэмарш Кіпра. «Вярхоўны прадстаўнік мае намер ісці шляхам прыняцця санкцый кваліфікаваная большасцю», — цытуе карэспандэнт газеты Джэніфер Ранкін суразмоўцу ў структурах саюза. Іншая крыніца газеты адзначыла, што пакуль у Бруселі разлічваюць заручыцца падтрымкай усіх 27 краін ЕС, каб прыняць санкцыі.

На саміце Еўрасаюза, які пачаўся ў чацвер у Бруселі і будзе доўжыцца да пятніцы, лідары дзяржаў — членаў блока абмяркуюць палітыку ў дачыненні да Турцыі і Беларусі. Калі па выніках саміту ўдасца знайсці кампраміс з Кіпрам, то санкцыі супраць апошняй могуць быць ухваленыя аднагалосна на наступнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС 12 кастрычніка.

rbc.ru


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: