ЕС не прызнае легітымнасць Лукашэнкі

Кіраўнік знешнепалітычнай службы ЕС Жазэп Барэль, выступаючы на сесіі Еўрапарламента ў аўторак, абмовіўся і назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным прэзідэнтам Украіны».

Фота: Christian Lutz / AP

«Мы лічым выбары ў Беларусі сфальшаванымі, таму разглядаем Лукашэнку нелегітымным прэзідэнтам Украіны», — заявіў ён. Пасля смеху ў зале Барэль паправіўся: «Вядома, Беларусі, пра што я толькі думаў».

Жазэп Барэль таксама адзначыў шматлікія адвольныя затрыманні пасля выбараў, жорсткія дзеянні ў дачыненні да пратэстуючых і праінфармаваў дэпутатаў аб затрыманні ўсіх членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады за выключэннем Святланы Алексіевіч.

Паводле яго слоў, ЕС бачыць выхад з крызісу ў арганізацыі палітычнага дыялогу паміж уладамі і грамадствам. Пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЕ.

«Аднак мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні», — дадаў ён.

Барэль таксама адзначыў, што завяршаецца работа над санкцыямі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Па словах Барэля, яны будуць уведзены ў найбліжэйшы час. Ён разлічвае на іх узгадненне да 24-25 верасня на надзвычайным пасяджэнні Еўрапейскага савета.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі паведаміў, што ЕС паставіў на перагляд адносіны з Беларуссю. Вызначаны сферы, у якіх кантакты могуць быць спыненыя ці скарочаныя.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: