ЕС: Рост смяротных прысудаў супярэчыць заяўленай гатоўнасці Беларусі да супрацоўніцтва

Еўрасаюз асудзіў вынясенне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі. "Мы чакаем, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая па-ранейшаму прымяняе вышэйшую меру пакарання, — далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яе адмены", — заявіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч.



У заяве адзначаецца, што 19 мая Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву. "Гэта ўжо трэці смяротны прысуд, вынесены беларускім судом ў 2016 годзе. Ён быў вынесены ўслед за прыведзеным у выкананне ў красавіку смяротным прысудам у дачыненні да Сяргея Іванова і пакіданнем у сіле яшчэ трох смяротных прысудаў, вынесеных у папярэднія гады", — канстатуе Качыянчыч.


Паводле яе слоў, рост колькасці новых і пакінутых у сіле смяротных прысудаў у Беларусі ў апошнія некалькі месяцаў супярэчыць заяўленай гатоўнасці краіны ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрасаюзам, па гэтай праблеме, а таксама разгледзець пытанне ўвядзення мараторыя на прымяненне смяротнай кары. "Апошняе таксама з'яўляецца абавязацельствам, узятым на сябе Беларуссю ў адказ на рэкамендацыі Савета ААН па правах чалавека ў межах Універсальнага перыядычнага агляду", — падкрэслівае прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.


"Сусветны вопыт паказаў, што смяротнае пакаранне не з'яўляецца фактарам, які стрымлівае злачыннасць, і менавіта таму многія краіны адмовіліся ад яго прымянення. Больш за тое, выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да чалавека, незалежна ад таго, за што ён асуджаны, з'яўляецца жорсткім і непрымальным адмаўленнем яго годнасці і недатыкальнасці", — гаворыцца ў заяве Качыянчыч.


Нагадаем, з 1991 года ў Беларусі прыгавораныя да расстрэлу больш за 400 чалавек. Толькі адзін асуджаны быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.


Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!