ЕС рыхтуе новы пакет санкцый супраць рэжыму і дапамогу Беларусі

Сітуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў, журналістаў і сябраў Каардынацыйнай рады, і Еўрасаюз рыхтуе новыя санкцыі супраць афіцыйных асобаў, заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жузэп Бурэль. паведамляе Радыё Свабода.

«Вы добра ведаеце, што Еўрапейскі звяз не прызнаў фальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў высокі прадстаўнік ЕС у замежных справах, звяртаючыся ў аўторак да еўрадэпутатаў на пленарнай сэсіі Еўрапейскага парламенту ў Брусэлі.

«Мы ясна заявілі, што Лукашэнка ня мае ніякай дэмакратычнай легітымнасці. Мы не прызнаем яго як законнага прэзідэнта Беларусі», — працягнуў Бурэль.

Паводле яго, з гэтым рэжымам больш нельга весці «бізнэс, як звычайна». Ён нагадаў, што ЕС прыняў дадатковыя санкцыі супраць 40 беларускіх афіцыйных асобаў за фальсіфікацыю выбараў і прымяненне гвалту ў дачыненні да грамадзянаў. Але з таго часу, адзначыў Бурэль, сітуацыя ў Менску не пераставала пагаршацца, і, падобна, не назіраецца ніякіх пэрспектываў дыялёгу.

«Рада Еўрасаюзу палітычна дала сваё „зялёнае святло“ для абмеркавання наступнага пакету санкцый, і гэтым разам яны пашырацца на самога Аляксандра Лукашэнку. Тэхнічная праца пачалася адразу пасля пасяджэння Рады і хутка завершыцца. Ні ў воднай дзяржавы-ўдзельніцы ня ўзнікла пярэчанняў на гэты конт», — паведаміў кіраўнік эўрапейскай дыпламатыі.

Бурэль лічыць, што прынцыпы дачыненняў ЕС з Беларуссю мусяць быць перагледжаныя, але Еўрасаюз салідарны з беларускай грамадзянскай супольнасцю. Ідзе праца над глабальным пакетам эканамічнай дапамогі, якую эўрапейскія інстытуты гатовыя аказаць «новай дэмакратычнай Беларусі».

Ён пагадзіўся з рэкамендацыямі Эўрапарламенту што да новых дачыненняў ЕС з Беларуссю, у якіх зварачаецца ўвага на тое, што «толькі нацыянальны інклюзіўны дыялёг з удзелам Каардынацыйнай рады можа прывесці да надзейнага мірнага вырашэння». ЕС будзе настойваць на пасярэдніцкай місіі АБСЭ для спрыяння такому дыялёгу. Пры гэтым Бурэль прызнаў, што беларускія ўлады ня схільныя да дыялёгу, і ўсе намаганні ЕСу гэтым пытанні да гэтага часу не прынеслі выніку.

Ён запэўніў, што ЕС будзе працягваць падтрымліваць беларускі народ у яго барацьбе за свае дэмакратычныя правы, за права абраць прэзідэнта на свабодных выбарах і пад наглядам АБСЭ. Еўрасаюз гатовы падтрымліваць беларусаў, грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ «ўсімі наяўнымі інструментамі — фінансавымі і палітычнымі».

«Мы паспрабуем ізаляваць урад Лукашэнкі, аказваючы фінансавую дапамогу грамадзянам і пазбягаючы таго, каб гэтыя грошы трапілі ў кішэню ўраду», — паабяцаў кіраўнік дыпламатыі ЕС, пацвердзіўшы меркаванне Брусэлю, што адзіным выхадам з сітуацыі ёсць правядзенне новых, свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў.

Бурэль таксама запэўніў, што ЕС не мае намеру ператвараць беларускую сітуацыю ў геапалітычную праблему і ставіць беларусаў перад выбарам таго або іншага лагеру. «Тое, чаго хочуць грамадзяне, — гэта такога палітычнага рэжыму, пры якім паважаюцца правы чалавека. Яны хочуць дэмакратычнай сістэмы, якая паважае волю народу», — патлумачыў высокі прадстаўнік ЕС у замежных справах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: