ЕС спадзяецца на хуткае вырашэнне праблемы смяротнай кары ў Беларусі

Прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі не дазваляе Еўропе стаць прасторай, цалкам свабоднай ад гэтага віду пакарання, якое топча саму сутнасць чалавечай годнасці. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер і міністр замежных спраў Бельгіі Дыдзье Рэйндэрс на адкрыцці 7-га Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання 27 лютага ў Бруселі.

"Права на жыццё з'яўляецца фундаментальным правам чалавека, без якога іншыя правы не маюць значэння, — падкрэсліў ён. — Смяротнае пакаранне як з'ява сур'ёзна шкодзіць чалавечай годнасці, бо гэта нечалавечае пакаранне. Бельгія працягвае адстойваць усеагульную адмену смяротнага пакарання. Гэта не нязбытная мара, а задача, якая з часам можа быць вырашаная".

Рэйндэрс адзначыў, што дзякуючы пратаколам № 6 і 13 (аб адмене смяротнай кары), прынятым Саветам Еўропы да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, Еўропа сёння з'яўляецца прасторай, дзе смяротнае пакаранне знікла амаль паўсюдна. Амаль, таму што Беларусь да гэтага часу не прыняла гэтыя дакументы, дадаў кіраўнік МЗС Бельгіі.

"Я спадзяюся, што 70-я гадавіна Савета Еўропы (адзначаецца сёлета. — БелаПАН.) стане магчымасцю для зруху ў справе стварэння Еўрапейскага кантынента без смяротнага пакарання", — заявіў Рэйндэрс.

Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні ў сваю чаргу заявіла: еўрапейцы ганарацца тым, што стварылі самую вялікую ў свеце прастору для жыцця, дзе не прымяняецца смяротнае пакаранне. "Каштоўнасць чалавечага жыцця — гэта адна з асноўных еўрапейскіх каштоўнасцяў. Мы ў ЕС верым, што кожнае чалавечая жыццё мае значэнне, няважна, якім яно было, колькі памылак чалавек у ім зрабіў. Мы верым, што пакараннем за злачынства ніколі не павінна быць іншае злачынства. Мы верым у правасуддзе, а не помсту", — сказала яна.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі таксама адзначыла, што смяротнае пакаранне "несумяшчальная з тым, хто мы ёсць, супярэчыць фундаментальным каштоўнасцям і перакананням", таму дзяржава, якая выкарыстоўвае гэты від пакарання, не можа стаць членам Еўрасаюза.

У ЕС, падкрэсліла Магерыні, вераць у станоўчыя перамены, але яны немагчымыя без асабістай і агульнай адказнасці за дасягненне гэтай мэты. Яна звярнула ўвагу, што з моманту правядзення першага Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання (у 2001 годзе ў Страсбургу) і да сённяшняга дня 31 дзяржава адмовілася ад практыкі прымянення смяротнага пакарання.

Разам з тым, паводле слоў Магерыні, летась у свеце пакаралі смерцю надзвычай шмат людзей. ЕС, заявіла яна, будзе імкнуцца выратаваць як мага больш жыццяў з дапамогай "падтрымкі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца абаліцыянізмам, рашэнняў у ААН і непасрэднага ўзаемадзеяння з тымі краінамі, дзе прымяняюць смяротнае пакаранне".

Кангрэс, арганізаваны міжнароднай структурай "Разам супраць смяротнага пакарання", сабраў больш за тысячу чалавек са 140 краін. У іх ліку грамадскія актывісты, якія выступаюць супраць смяротнага пакарання, сваякі асуджаных на смерць і пакараных людзей, палітыкі, журналісты.

Беларусь даслала на кангрэс афіцыйную дэлегацыю, у складзе якой старшыня парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання Андрэй Навумовіч. Ад беларускай грамадзянскай супольнасці ў Бруселі знаходзяцца намеснік старшыні ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі — адзінай у Еўропе дзяржаве, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне, — былі расстраляныя больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Цяпер, згодна са звесткамі праваабаронцаў, у камеры смяротнікаў знаходзяцца Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

belapan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!