«ЕС патрэбныя больш дзейсныя інструменты, чым забарона на ўезд і замарозка банкаўскіх рахункаў»

Палітыкі ЕС адрэагавалі хутка і жорстка на прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Мінску. Гэта неабходна, каб не дапусціць паўторных інцыдэнтаў.


Рэакцыі вядучых еўрапейскіх палітыкаў на акт палітычнага гангстарства Беларусі былі моцнымі і эмацыйнымі. Парушэнне агульнапрынятых правілаў, здзейсненае «дзяржаўнымі тэрарыстамі» ў прэзідэнцкім палацы Мінска, выклікала шок і агіду. Лукашэнка, падобна, хоча ўсталяваць свае правілы, піша ў сваёй калонцы аглядальніца «Deutsche Welle» Барбара Везель.

У нязвыклым адзінстве кіраўнікі ўрадаў краін-чальцоў ЕС вырашылі спыніць авіязносіны з Беларуссю і ўсе авіяпералёты над Беларуссю. Гэтыя штрафныя меры закрануць беларускія эліты, да якіх адносяцца многія прыхільнікі Лукашэнкі, і ізалююць краіну на міжнародным узроўні. За гэтым павінны рушыць новыя персанальныя санкцыі супраць фізічных асоб і кампаній. На гэты раз нават свавольны венгерскі прэм’ер Віктар Орбан быў вымушаны пагадзіцца з такім рашэннем ЕС.


Папярэднія санкцыі супраць Беларусі аказаліся неэфектыўнымі

Ад таго, наколькі добра пралічанымі і дзейснымі будуць выглядаць гэтыя санкцыі, цяпер залежыць усё. Штрафныя меры, уведзеныя зімой пасля гвалтоўнага падаўлення пратэстаў у Беларусі, аказаліся неэфектыўнымі. ЕС патрэбныя больш дзейсныя інструменты, чым забарона на ўезд і замарозка банкаўскіх рахункаў супрацоўнікаў апарата Лукашэнкі.

Апазіцыя ў Беларусі патрабуе забараніць увесь экспарт нафтапрадуктаў і карбанату калія, які з’яўляецца найважнейшай крыніцай даходу для рэжыму. Акрамя таго, Еўропа сумесна з ЗША павінна, наколькі гэта магчыма, замарозіць працу найбуйнейшых дзяржпрадпрыемстваў, даходы ад якіх падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Кропкавыя санкцыі супраць верных яму беларускіх алігархаў у ЕС увесці складана, але і ў гэтым можна праявіць крэатыўнасць.

Дыктатар у Мінску прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» і затрыманнем крытыка рэжыму, які знаходзіўся там, паказаў, як далёка могуць пайсці ўлады краіны, калі яны не баяцца пазбавіцца рэпутацыі на міжнародным узроўні. Беларусь — толькі невялікі гулец на сусветнай арэне. Але існуе небяспека, што больш буйныя дзяржавы зацікавяцца інцыдэнтам у небе над Беларуссю і яго наступствамі — і зробяць свае высновы.


Небяспечны прэцэдэнт дзяржаўнага тэрарызму

Гэты выпадак можа стаць прыкладам для пераймання. Аўтакраты любой масці могуць расцаніць гэта як бадзёры прыклад для пераследу сваіх супернікаў па ўсім свеце і з дапамогай любых сродкаў. Кітай ужо даўно вядзе сачэнне і пагражае сваім крытыкам за мяжой, Пуцін звяртаецца да зброі або атрутных рэчываў, нягледзячы на межы, каб ліквідаваць сваіх крытыкаў і апазіцыянераў.

Самае фатальнае ў тым, што ЗША ў іх вайне супраць тэрору першымі паказалі, як магутныя дзяржавы могуць затрымаць сапраўдных або падазраваных злачынцаў, нават якія знаходзяцца па-за межамі краіны. Extraordinary rendition — выдача абвінавачаных у злачынстве — стала грэхападзеннем у сістэме міжнароднага правапарадку. Беларусь унесла Рамана Пратасевіча ў спіс тэрарыстаў. Дыктатары ўносяць у такія спісы асоб, якіх Захад разглядае як змагароў за свабоду.


Барацьба за захаванне права як аснову светапарадку

І ўсё ж, нягледзячы на ўсю перадгісторыю — выкраўшы чалавека, які знаходзіўся ў самалёце «Ryanair», падвергнуўшы пагрозе іншых пасажыраў і членаў экіпажа, Лукашэнка парушыў палітычнае табу. Калі міжнародная супольнасць не здолее з усёй строгасцю паставіць яго на месца, то ніхто ў свеце больш не будзе застрахаваны ад выкраданняў і забойстваў. Нават маючы палітычны прытулак і жывучы за мяжой, больш не будзе шанцаў пазбегнуць пераследу.

Калі дыпламаты кажуць пра  парадак,які базуюецца на захаванні правіл, гэта часта гучыць як пустыя словы. Але гэтыя правілы — падмурак нашага сумеснага жыцця. Толькі яны абараняюць нас ад метадаў «Дзікага Захаду» ў палітыцы і скочвання да варварства. Менавіта Еўропе ёсць што губляць, і яна павінна проста зараз зрабіць усё, каб пазбегнуць абвальвання міжнароднага правапарадку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: