ЕС заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Віктара Бабарыку і яго сына

 Ні адзін патэнцыйны кандыдат не павінен быць пазбаўлены магчымасці зарэгістравацца з-за палітычна матываваных абмежавальных мераў, гаворыцца ў заяве ЕС.
Фота  www.vesti.ru

Фота  www.vesti.ru


Еўрапейскі саюз настойліва заклікае беларускія ўлады забяспечыць рэальныя канкурэнтныя ўмовы ў перадвыбарнай кампаніі.

ЕС заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда з папярэдняга зняволення і гарантаваць поўнае выкананне вяршэнства закона, уключаючы права на сумленнае і празрыстае расследаванне і права на адваката. Любое расследаванне павінна быць бесстароннім і без палітычнага ціску, — гаворыцца ў заяве.

У ЕС лічаць, што беларускія ўлады павінны паважаць асноўныя свабоды і правы чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі — устрымлівацца ад любых абмежаванняў правоў патэнцыйных кандыдатаў і пазбягаць любых затрыманняў мірных дэманстрантаў.

Паведамленні аб выпадках жорсткага абыходжання з асобамі, затрыманымі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, у тым ліку Паўла Севярынца, выклікаюць крайнюю трывогу, — адзначылі ў ЕС.

У Еўрасаюзе таксама чакаюць ад Беларусі афіцыйнага запрашэньня БДІПЧ/АБСЕ для назірання за выбарамі.

Бяспечныя, мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю ў Беларусі, умацуюць яе суверэнітэт і незалежнасць і пракладуць шлях да больш цеснага супрацоўніцтва з ЕС і эканамічнага росквіту беларускага народа, — адзначылі ў ЕС.

 

МЗС ФРГ: «Арышт патэнцыйнага кандыдата выклікае шматлікія пытанні»

Сваю заклапочанасць сітуацыяй выказалі ў МЗС Германіі, пра гэта на брыфінгу ў Берліне распавёў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства Крыстафер Бургер.

Учора адбылася размова беларускага кіраўніка МЗС з пасламі дзяржаў-членаў ЕС, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадметам стаў арышт Віктара Бабарыкі. Што тычыцца пазіцыі ўрада ФРГ, то мы з вялікай заклапочанасцю назіраем за найноўшай эскалацыяй на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, арышт патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Бабарыкі выклікае шматлікія пытанні адносна перадумоў для свабодных і сумленных выбараў у Беларусі, — заявіў Бургер.

 

«Справа Белгазпрамбанка»

Нагадаем, 11 чэрвеня ў галаўным офісе Белгазпрамбанка, якім 20 гадоў кіраваў прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка, а таксама ў кампаніях «Прыватлізінг», «Кампары» і страхавой кампаніі «Кентаўр» прайшлі ператрусы. Іх праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

12 чэрвеня кіраўнік КДК Іван Церцель паведаміў аб затрыманні 15 чалавек: топ-менеджары Белгазпрамбанка з ліку кіраўнікоў першага звяна, а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія зараз працуюць у розных камерцыйных структурах. Распачатыя дзве крымінальныя справы: па арт. 235 КК (Легалізаванне сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда. Кіраўнік КДК Іван Церцель паведаміў, што Віктар Бабарыка «затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў».

Да вечара стала вядома, што Віктар і Эдуард Бабарыка знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

19 чэрвеня генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк заявіў, што справа перададзеная КДБ Беларусі. Ён таксама распавёў, што ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа па чч. 2 і 3 арт. 285 (Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з сумесным патрабаваннем аб неадкладным вызваленні Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў яго ініцыятыўнай групы. 

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: