ЕС заклікае памілаваць двух асуджаных да смерці ў Беларусі

Еўрапейскі саюз рэзка раскрытыкаваў Беларусь за два чарговыя смяротныя прысуды, вынесеныя 20 студзеня.


З адпаведнай заявай 23 студзеня выступіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Майя Качыянчыч, у якой паўтарыла свой заклік да ўрада і Аляксандра Лукашэнкі аб адмене смяротнага пакарання.

“Еўрапейскі саюз цвёрда і прынцыпова выступае супраць смяротнага пакарання, якое з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць пакараннем і парушэннем права на жыццё. Смяротнае пакаранне не дзейнічае як фактар ​​стрымлівання злачыннасці і робіць памылкі, непазбежныя ў любой прававой сістэме, незваротнымі.

Мы чакаем, што пазасталыя смяротныя прысуды ў Беларусі, адзінай краіне Еўропы, якая ўсё яшчэ ўжывае смяротнае пакаранне, будуць заменены на больш мяккія, і што ў Беларусі будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены”, — гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, 20 студзеня ў выніку паўторнага разгляду справы Вячаслава Сухаркі і Аляксандра Жыльнікава Мінскі гарадскі суд прыгаварыў іх да смяротнага пакарання. Першапачаткова, у снежні 2015 года, яны былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне, аднак 14 ліпеня 2017 года Вярхоўны суд задаволіў пратэст пракурора на гэты прысуд.

 Паводле dp.spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!