ЕС заклікаў Беларусь выконваць абавязальніцтвы перад ААН і АБСЕ

Еўрасаюз заклікаў беларускія ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы перад ААН і АБСЕ і забяспечваць павагу правоў чалавека і асноўных свабод.


Пра гэта гаворыцца ў заяве ЕС, апублікаванай пасля таго, як 14 траўня дыпламаты ЕС не змаглі трапіць у залу суда, дзе пачаўся працэс над групай студэнтаў і выкладчыкаў за пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года, піша АФН.

«Дыпламатычныя місіі маюць міжнародна-прызнанае права ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах сачыць за развіццём падзей у ключавых краінах, у якіх яны працуюць, уключаючы правядзенне важных судовых слуханняў. Празрыстасць судоў у Беларусі замацаваная законам, каб гарантаваць фундаментальнае права ўсіх затрыманых на незалежнае і справядлівае судовае разбіральніцтва. Мы заклікаем Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы перад ААН і АБСЕ і забяспечваць павагу правоў чалавека і асноўных свабод, у тым ліку ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах», — гаворыцца ў паведамленні.

Перад пачаткам судовага працэсу па справе студэнтаў ля будынка суда сабраліся больш за 100 чалавек. Прайсці ўнутр не дазволілі, у прыватнасці, журналістам незалежных СМІ, а таксама шматлікім сваякам. У залу пускалі адвакатаў і не больш двух сваякоў кожнага абвінавачанага.

Пасля заклікаў разысціся супрацоўнікі АМАП пачалі затрымліваць прысутных. Паводле звестак ГУУС Мінгарвыканкама, у тэрытарыяльнае РУУС Мінска былі дастаўлены 14 чалавек, якія адмовіліся «выканаць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі». У ліку затрыманых — журналіст TUT.BY і экс-лідар АГП Анатоль Лябедзька.

Дзевяць студэнтаў розных мінскіх ВНУ, выкладчык БДУІР і выпускніца медуніверсітэта былі затрыманыя 12 лістапада. Да іх дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ, правялі ператрусы і затрымалі. Пазней ім прад’явілі абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле звестак Следчага камітэта, яны «з'яўляліся каардынатарамі на месцах, адміністравалі тэматычныя Telegram-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іх падрыхтоўкай і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі аб перасоўваннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Сярод абвінавачаных — студэнты БДУ Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Таццяна Екельчык, Ілля Трахтэнберг, студэнткі БДПУ Яна Арбейка і Кася Будзько, адлічаныя з БНТУ Вікторыя Гранкоўская і Анастасія Булыбенка, студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік, студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер, выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава і выпускніца БДМУ, прадстаўніца Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям.

У выпадку прызнання іх вінаватымі ім пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі тэрмінам да трох гадоў, а таксама штрафы. Абвінавачаныя па справе студэнтаў былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: