Калі «нешта нечаканае» здарыцца з Лукашэнкам, расійскія войскі ўвойдуць у Беларусь

Паводле Эстонскай знешняй выведкі, калі здарыцца «нешта нечаканае» з Аляксандрам Лукашэнкам або з яго рэжымам, існуе вялікая рызыка вайсковай інтэрвенцыі Расіі ў Беларусі, піша Радыё Свабода.
 warfiles.ru

 warfiles.ru

Гэткая ацэнка знаходзіцца ў апублікаванай днямі справаздачы Эстонскай знешняй выведкі пад назвай «Міжнародная бяспека і Эстонія 2019».

Гаворачы пра Беларусь, эстонскія выведнікі звяртаюць увагу, што цяперашні расійскі амбасадар у Беларусі Міхаіл Бабіч, — чалавек без папярэдняй дыпламатычнай практыкі, але з вялікім досведам працы ў расійскіх спецслужбах, — «мае шырокія паўнамоцтвы ў якасці спецыяльнага прадстаўніка, каб прасоўваць інтарэсы Расіі ў Беларусі і схіляць кіраўнікоў Беларусі да дзеянняў згодна з пажаданнямі Расіі».

Эстонская справаздача звяртае ўвагу на штораз большыя разыходжанні Расіі і Беларусі ў эканамічных пытаннях (кампенсацыя за так званы падатковы манеўр; абмежаванні на ўвоз беларускіх харчовых прадуктаў; цана на газ) і на непрыхільную для Аляксандра Лукашэнкі пазіцыю расійскай прэсы.

Справаздача таксама адзначае, што Расія стварае і падтрымлівае «вэбсайты і нібыта незалежныя экспертныя органы» ў Беларусі, якія прасоўваюць ідэю расійска-беларускага адзінства. У гэтым кантэксце называюцца: Беларуска-рускі клуб экспертаў, журналісцкую суполку Друзья-Сябры, Сонар-2050, Клуб рэдактараў.

Гаворачы пра пагрозы, якія зыходзяць з Расіі для міжнароднай бяспекі, Эстонская знешняя выведка адзначае:

— расійскія ўзброеныя сілы паслядоўна праводзяць вучэнні, якія рыхтуюць да шырокага ваеннага канфлікту з NATO;

— паводле расійскіх вайскоўцаў, ваенны канфлікт з NATO будзе справакаваны «каляровай рэвалюцыяй» у адной з суседніх краін Расіі;

— ва ўмовах крызісу для Расіі найпрасцей атакаваць краіны Балтыі, каб перахіліць баланс вайсковай сілы ў рэгіёне Балтыйскага мора на сваю карысць;

— канфлікт паміж NATO і Расіяй не абмяжуецца ваеннымі дзеяннямі ва Усходняй Еўропе ці ў краінах Балтыі, але ўключаць таксама расійскія атакі на цэлі ў Заходняй Еўропе.

Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!