Еўрапарламент дамагаецца істотных эканамічных санкцый супраць Мінска

У праекце рэзалюцыі Еўрапарламента дэпутаты заклікаюць да неадкладнага ўвядзення дзейсных эканамічных санкцый супраць Мінска. Яны настойваюць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў у Беларусі, паведамляе www.dw.com.
Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу

Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу

Еўрапарламент назваў прымусовую пасадку ў Мінску самалёта «Ryanair» актам дзяржаўнага тэрарызму і выступіў за ўвядзенне істотных эканамічных санкцый супраць рэжыму беларускага кіраўніка.

«Еўрапарламент заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапега, а таксама ўсіх іншых журналістаў і палітычных зняволеных у Беларусі», — цытуе «Інтэрфакс» праект рэзалюцыі Еўрапарламента, галасаванне па якой пройдзе на пленарнай сесіі ў чацвер, 10 чэрвеня.

У гэтым дакуменце еўрадэпутаты заклікаюць Раду ЕС неадкладна ўвесці «эканамічныя санкцыі, якія павінны быць істотнымі і аказваць максімальна магчымае і неадкладнае ўздзеянне на беларускі рэжым». Гэтыя меры павінны быць накіраваныя як супраць дзяржаўных кампаній, так і супраць прыватных, якія кантралююцца Мінскам або якія звальняюць супрацоўнікаў за ўдзел у пратэстах або забастоўках.

У праекце рэзалюцыі прапануецца ўвесці сектаральныя санкцыі супраць прадпрыемстваў, якія працуюць з нафтай і нафтапрадуктамі, а таксама ў калійнай, сталеліцейнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці; спыніць супрацоўніцтва з беларускімі дзяржбанкамі і цэлы шэраг іншых мер.

Дэпутаты Еўрапарламента таксама выказалі занепакоенасць «прыхільнасцю Расіі рэжыму Лукашэнкі, уключна з фінансавай падтрымкай і цесным супрацоўніцтвам паміж спецслужбамі».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: