Еўрапарламент даў згоду на спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю

Еўрадэпутаты падтрымалі пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі з Беларуссю. Для беларусаў кароткатэрміновыя візы стануць танней, а заяўкі будуць разглядацца хутчэй.
Еўрапарламент рэкамендаваў ЕС заключыць з Беларуссю два пагадненні: аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу. За першы дакумент на пленарным пасяджэнні ў Брусэлі ў сераду, 13 траўня, прагаласавалі 634 еўрадэпутатаў, супраць былі 48 парламентарыяў, устрымаліся — 4. Пагадненне аб рэадмісіі падтрымалі 560 еўрадэпутатаў, 117 галасавалі супраць, а 13 устрымаліся.

Як зменяцца правілы выдачы візаў?

Пагадненне аб візах тычыцца дазволаў на кароткатэрміновыя паездкі, гэта значыць да 90 дзён у любы 180-дзённы перыяд. Згодна з дакументам, візы будуць каштаваць 35 еўра для грамадзян і Беларусі, і ЕС. Ад аплаты збору будуць вызваленыя, у прыватнасці, дзеці да 12 гадоў, людзі з інваліднасцю, вучні, студэнты, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Усе візавыя заяўкі павінны будуць разглядацца на працягу 10 каляндарных дзён. Калі заяўка патрабуе дадатковай праверкі, гэты тэрмін могуць павялічыць да 30 дзён. З іншага боку, яго могуць паменшыць да двух працоўных дзён «ў неадкладных выпадках». Але тады візавы збор складзе 70 еўра.

Як і цяпер, вандроўнікі павінны будуць абгрунтаваць мэту паездкі. Але для шэрагу катэгорый асоб спіс неабходных дакументаў скароцяць. Гэта закране, напрыклад, бізнесменаў, кіроўцаў транспарту пры міжнародных перавозках, журналістаў, людзей, якія едуць з навуковай або творчай мэтай. Прадугледжана і магчымасць выдачы шматразовых віз з тэрмінам дзеяння адзін год ці пяць гадоў.

Варта адзначыць, што грамадзяне ЕС могуць наведваць Рэспубліку Беларусь без візы на тэрмін да 30 дзён. Умовай з'яўляецца ўезд праз аэрапорт Мінска.

Беларусь абодва дакумента ратыфікавала раней. Канчатковым крокам зацвярджэння пагадненняў будзе галасаванне ў Савеце ЕС. У выпадку паспяховага галасавання, яны ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасля гэтага. У Еўрапарламенце нагадалі Мінску, што любы з бакоў зможа ў любы момант разарваць пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз «з любой нагоды», у тым ліку «па меркаваннях правоў чалавека і дэмакратыі».

Рэадмісія паміж ЕС і Беларуссю

Пагадненне аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу, было адной з умоў спрашчэння візавага рэжыму. Згодна з ім, Беларусь згаджаецца прымаць сваіх грамадзян, калі ў іх няма дазволу знаходзіцца на тэрыторыі ЕС альбо калі яны такое права згубілі. Тое ж самае тычыцца непаўнагадовых дзяцей і мужа і жонкі такіх асоб, калі ў іх няма асобнага дазволу на знаходжанне ў ЕС.

Акрамя таго, Беларусь будзе прымаць таксама грамадзян трэціх дзяржаў або асоб без грамадзянства, у якіх няма права знаходзіцца ў ЕС, калі ў іх на момант уезду ў Еўрасаюз была віза або дазвол на пражыванне ў Беларусі. Тое ж датычыцца і асоб, якія незаконна ўехалі ў ЕС з тэрыторыі Беларусі.

Дзяржавы ЕС нясуць дакладна такія ж абавязацельствы перад Мінскам.

Перамовы па гэтых двух пагадненнях пачаліся ў 2014 годзе. Іх завяршылі толькі праз шэсць гадоў, калі дакументы падпісалі ў студзені 2020 года.

Паводле rus.delfi.lv

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: