Фарс і злачынства, за якія давядзецца адказаць

Тое, што ўлады называюць выбарамі, на самай справе фарс з восені 1996 года. З кожнай такой кампаніяй удасканальвалася тэхналогія фальсіфікацый і, на жаль, узрастаў цынізм, нахабства і прыстасаванства.

Не буду зараз пералічваць усе варыянты махлярства і фальсіфікацый, яны вядомыя. Чарговая кампанія пад назвай «выбары ў Палату прадстаўнікоў» толькі яшчэ раз прадэманстравала — не, не сутнасць улады, — сутнасць гэтая вядомая, і яна не змянілася, дый не зменіцца добраахвотна. А прадэманстравала, наколькі лёгка, не задумваючыся, знешне, здаецца, прыстойныя людзі ідуць на злачынства. Пытанне: «чаму»? Рытарычнае збольшага. Адказ на яго банальны і, напэўна, нецікавы. Больш за тое, адказаў шмат: таму што ўлада злачынная, таму што людзі несумленныя, таму што…

А мне здаецца, яшчэ і таму, што да нядаўняга часу ўсе тыя, хто прымушаў студэнтаў да датэрміновага галасавання, хто закідаў левыя бюлетэні (хаця, калі самі выбары левыя, дык чаму б і не) заставаліся невядомымі шырокаму колу. Дарэчы, як па мне, то менавіта для таго ў гэтым выбарчым фарсе трэба было ўдзельнічаць.

Выпадак з дзяўчынай-псіхолагам дзіцячага садка Брэста паказаў, чаго не любяць тыя, хто гадамі фальсіфікуе вынікі галасавання тых, хто яшчэ верыць, нібыта ўдзельнічае ў выбарах. Яны не любяць галоснасці, публічнасці і, так бы мовіць, папулярнасці.  

Ці пойдзе тая дзяўчына на злачынства яшчэ раз? Верагодна, пойдзе — яна зрабіла свой выбар і знайшла сабе апраўданне. Але хаця б іншыя будуць ведаць, хто яна, — не важна, падтрымліваць пры гэтым і апраўдваць або не. І ў гэтым, мне здаецца, безумоўны плюс для грамадства. Бо гэта важна: ведаць, да каго ў садок ты вядзеш унука, якая настаўніца вучыць тваю дачку «разумному, доброму, вечному», хто на самай справе той «добры чалавек-дырэктар».

Мы праходзім чарговы этап тэставання грамадства. Памятаеце, як у 1996-м стала зразумела, хто ёсць хто. Так і зараз. Ёсць моладзь, якая баранамі стаіць у чарзе на датэрміновае галасаванне, а ёсць тыя, хто стаіць на варце ў Курапатах. Ёсць настаўнікі, якія прыкрываюць свае злачынствы па фальсіфікацыях клопатам пра сваю сям’ю і немагчымасцю змагацца з сістэмай. А ёсць настаўнікі, якія, нягледзячы на свой час і сваю сям’ю, робяць усё, каб выпусціць са школы прыстойных думаючых людзей. Ёсць тыя, хто гатовы падлашчвацца і пазбаўляцца годнасці за тры капейкі, а ёсць тыя, хто будзе галадаць, але не здрадзіць сваім перакананням.

Магчыма, я безнадзейны аптыміст, але шчыра веру, што за 25 гадоў злачынстваў, фальсіфікацый, знявагаў, гвалту і ўсяго таго, што год ад году становіцца больш вычварным і агідным, абавязкова адкажуць усе, хто прыклаў да гэтага руку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: