Форма НКВД на міністры — такія «карнавалы» адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася каментаваць сітуацыю са сваім міністрам Ігарам Шуневічам, які на парадзе 9 мая ў Менску быў у форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі — народнага камісарыяту ўнутраных спраў.



«Мы не будзем гэтага каментаваць», — заявіў сёння Свабодзе кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч. На дадатковае пытанне Свабоды, ці абмяркоўваў ён сітуацыю з міністрам, спадар Шалькевіч не адказаў. Ён толькі паўтарыў тыя самыя словы: «Мы не будзем гэтага каментаваць».
 
 
Падчас параду 9 мая ўсе высокія чыноўнікі стаялі вакол Аляксандра Лукашэнкі або ў цывільных строях, або ў парадных вайсковых мундзірах.
 
 
А вось Ігар Шуневіч чамусці быў у цёмна-сіняй гімнасцёрцы з жорсткім каўнерыкам, партупеі, галіфэ з бірузовымі лампасамі, запраўленымі ў боты, і сіняй фуражцы з бірузовым аколышам. Форма такога ўзору была ўведзена ў 1943 годзе для супрацоўнікаў НКВД СССР.
 
 
«Вядома, незвычайную форму міністра Шуневіча можна спісаць на карнавал і пасмяяцца» — кажа Свабодзе мастацтвазнаўца, культуролаг Сяргей Харэўскі:
 
 
«Але звычайна такія „карнавалы“ адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў. І ад гэтага мне робіцца трывожна.
 
 
Лішне казаць, што ў той час, калі такая форма была актуальная, калі б нейкі чалавек з такім званнем надзеў бы форму будучыні, што б яго чакала?! То бок размываюцца важныя і лагічныя повязі, адносіны. Як тая ж чорна-аранжавая стужка на кілбасах і гарэлках. Я не думаю, што мой дзядзька, герой-ветэран, быў бы ў захапленні ад такой утылізацыі гэтых ордэнскіх стужак.
 
 
І той „карнавал“, які мы цяпер назіраем ва Украіне, дзе бандыты, „камандзёры“, кшталту Матаролы, чапляюць на сябе любую форму, прыгадвае мне фільмы часоў грамадзянскай вайны ў Югаславіі. Там падобныя спецыфічныя людзі ўбіраліся ў розныя мілітарныя цацкі. Так жа было і падчас грамадзянскай вайны ў Расіі, калі на здымках бачна, як апраналі на сябе некаторыя людзі, хто што хацеў.
 
 
І ў мяне такое непрыемнае і трывожнае пачуццё. Калі з людскіх пакут, з людзкіх смярцей робяць карнавал, то гэта значыць, што ў грамадстве зніжана цана чалавечага жыцця.
 
 
А што да афіцэраў, якія сябе так паводзяць, — я думаю, гэта кампетэнцыя ягоных „камандзёраў“ даць ацэнку, наколькі гэта адэкватна. Ці адзеўся б нехта так у Нямеччыне? Ці адзеліся б так у Кітаі, з якім мы так моцна сябруем? Думаю, што не. І ацэнку тут павінен даць галоўнакамандуючы».
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-05-13 17:51:46
Не ведаю,як паправіць, але на Шуневічы форма не НКВД, а міліцыі таго часу. Ясна, што абое рабое, рылы аднолькавыя, і памылілася "Свабода", а не "НЧ", але ўсё ж. Гл.,
да прыкладу, тут
https://www.google.by/search?q=%D1%84%D0%BE%D1%80%D0%BC%D0%B0+%D0%BC%D0%B8%D0%BB%D0%B8%D1%86%D0%B8%D0%B8+1940-%D0%B5&client=firefox-a&hs=n1W&rls=org.mozilla:be:official&channel=sb&tbm=isch&imgil=1yG5n8UgVCn-tM%253A%253BOWFv3OtGUDXszM%253Bhttp%25253A%25252F%25252Farmy.armor.kiev.ua%25252Fforma-2%25252Fmilicia-09.php&source=iu&pf=m&fir=1yG5n8UgVCn-tM%253A%252COWFv3OtGUDXszM%252C_&usg=__Ild4kQ3IvWmUAhc3UXLhHdHC1UE%3D&biw=1024&bih=637&ved=0CD4Qyjc&ei=QzhTVePUHMGsswHivYHgBA#imgrc=kvGS78OkYnugwM%253A%3BwKV5mEdjkgxtUM%3Bhttp%253A%252F%252Fwww.istpravda.ru%252Fupload%252Fmedialibrary%252Fc32%252Fc32d2b0b6c6b2ee899784f379b30800e.JPG%3Bhttp%253A%252F%252Fwww.istpravda.ru%252Fbel%252Fnews%252F3654%252F%3B640%3B480

Больш цікавага на «Новым Часе»: