Фотакор Яна Трусіла атрымала 13 сутак за сваю прафесійную дзейнасць

Як стала вядома, 20-гадовая пазаштатная карэспандэнтка "Новага Часу" Яна Трусіла атрымала ад суддзі Кастрычніцкага суда Мінска Алены Жывіцы 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, учора Яна была затрыманая падчас працы на Маршы супраць тэрору. Яна была адной з трох фотакарэспандэнтаў "Новага Часу", якія працавалі ўчора на акцыі. І ўсіх трох затрымалі.

Да поздняга вечару Яна знаходзілася ў Кастрычніцкм РУУС, пасля яе перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Калі адбудзецца суд, маці Яны спрабавала высветліць з самага ранку. Яна звярталася і ў канцылярыю і да памочніка суддзі Жывіцы. Аднак ёй ніхто нічога не паведамляў. То справы яшчэ не прыйшлі, то суда не было і калі будзе не вядома, то вынікаў яшчэ няма.

І толькі пасля 15-й гадзіны, пасля настойлівых патрабаванняў маці, у канцылярыі глянулі ў базу і паведамілі, што Яна атрымала 13 сутак паводле арт. 23.34 і 23.4.

Пакуль невядомы прысуд яшчэ аднаго нашага фотакора Аляксандра Зяньковіча.

Пра тое, хто такая Алена Жывіца, ужо пісала "Еўрарадыё". Яна не першы раз карае журналістаў суткамі.

Да 2020-га пра яе дзейнасць амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ў 2018-м яна прайшла ў БДУ спецыяльную падрыхтоўку на пасаду суддзі, а ў 2019-м была прызначана працаваць у суд Кастрычніцкага раёна.

Але ўжо на пачатку гэтага студзеня Жывіца была адной з тых, хто судзіў удзельнікаў акцый за незалежнасць. Тады яна пакарала вялізарнымі штрафамі палітыка Мікалая Казлова.

У чэрвені Жывіца судзіла ўдзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў: блогер Эдуард Пальчыс тады атрымаў 15 сутак арышту, а 83-гадовы паэт Ян Грыб — штраф у памеры 1080 рублёў.

А вось у канцы жніўня Жывіца атрымала досвед суда над журналістамі: яна вяла справы аб "правапарушэннях" фатографа Аляксандра Васюковіча ды карэспандэнткі Белсата Кацярыны Андрэевай. Тады справы былі адпраўленыя на дапрацоўку.

19 кастрычніка ёй быў давераны разгляд адміністрацыйных справаў супраць яшчэ пяці журналістаў

Нягледзячы на розныя абставіны затрымання і нават тое, што журналісты былі затрыманыя ў розныя дні, суддзя Жывіца прысудзіла ўсім пяцярым амаль аднолькавыя тэрміны. Затрыманай у суботу, 17 кастрычніка журналістцы Onliner.by Дар'і Спевак 13 сутак, затрыманым у той жа дзень Вадзіму Заміроўскаму (БелаПАН і TUT.by) і Усеваладу Зарубіну (БелаПАН і TUT.by) — па 15 сутак. Затрыманым на наступны дзень, 18 кастрычніка, Арцёму Маёраву ("Белорусы и рынок") і Алесю Любенчуку — па 15 сутак.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: