Франак Вячорка: Мы працягваем камунікаваць са Штатамі, рыхтуем туды візіт Святланы Ціханоўскай

Дарадца Святланы Ціханоўскай, кіраўнік аддзела міжнароднай палітыкі Франак Вячорка пракаментаваў «Нашай Ніве» сустрэчу Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна, а таксама іх размову адносна Беларусі.


 

Фота «Нашай Нівы»

«Добра, што Беларусь стаіць на парадку дня. Сам факт абмеркавання на такім узроўні ставіць Беларусь у адну з топавых тэмаў у сусветным парадку дня, а не еўрапейскім ці рэгіянальным, — распавёў Франак Вячорка. — Беларускі крызіс выйшаў за межы ўнутрыпалітычнага — гэта стала праблемай, і гэта абмяркоўваюць кіраўнікі супердзяржаваў. Паколькі фармат і канцэпт сустрэчы не дазвалялі прымаць нейкія рашэнні і выпрацаваць дарожныя карты, тут мы бачым абазначэнне пазіцый. За гэтай сустрэчай будуць наступныя.

Для беларусаў вельмі важна, што Байдэн агучыў пазіцыю менавіта дэмакратычных сілаў. Мы працягваем камунікаваць са Штатамі, рыхтуем туды візіт Святланы Ціханоўскай. Думаю, што ўжо цягам бліжэйшых тыдняў мы ўбачым дзеянні Вашынгтона адносна Лукашэнкі. Ранейшыя санкцыі — гэта толькі пачатак. Думаю, што менавіта гэта Байдэн мог абазначыць Пуціну.

Што тычыцца заявы пра паўгода, то я не думаю, што гэта тычыцца Беларусь. У адрозненне ад усіх іншых тэмаў, што яны абмяркоўвалі, Беларусь — гэта крыштальна чыстая тэма, тут ясна ўсё, тут няма розначытанняў. Вынікі таго, што ЗША пачалі абазначаць тэму Беларусі, мы пабачым значна раней за паўгода, і гэта ніяк не звязана з Пуціным. Гэта будуць вельмі канкрэтныя захады ў бок Лукашэнкі. У бліжэйшыя тыдні мы таксама пабачым больш сінхронную пазіцыю па Беларусі Брусэля, Вашынгтона і Лондана.

Збліжэнне пазіцый Байдэна і Пуціна можа быць толькі вакол нейкіх дзеянняў. На гэты момант і ЗША, і Расія ў спісе магчымых медыятараў. Мы не хочам, каб амерыканцы з расіянамі вырашылі наш лёс, мы павінны рабіць гэта самі. Але нам важна, каб Масква і Вашынгтон прынялі наш план, калі мы прапанавалі арганізацыю выбараў з міжнародным удзелам, якім папярэднічалі б перамовы пад міжнароднай медыяцыяй. Я думаю, што збліжэнне можа быць толькі ў гэтым пытанні.

Чаму такая медыяцыя патрэбная? Каб трымаць Лукашэнку пад кантролем, каб рэжым не гандляваў палітвязнямі, каб выконваліся дамоўленасці. Тэма палітвязняў з’яўляецца неаддзельнай ад тэмы новых выбараў. Нават калі Лукашэнка пачне выпускаць журналістаў ці тых, хто падпісаў прашэнне аб памілаванні, гэта не прывядзе яго да нармальнасці.

Апошняя версія лукашэнкаўцаў адносна пасадкі самалёта Ryanair — гэта, што ўсё спланавалі амерыканцы. Думаю, такую інфармацыю атрымліваюць у Крамлі ад беларускага КДБ. Мы жывём у свеце постпраўды, кожны стварае сабе сваю праўду. Крэмль ад пачатку апраўдваў Лукашэнку ў гэтай сітуацыі, саступіць яны не могуць ужо. Але я не думаю, што хоць нехта верыць у версіі беларускай прапаганды».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: