Freedom House уключыла Беларусь у спіс несвабодных «закаранелых аўтакратый»

Міжнародная арганізацыя Freedom House выпусціла свежы даклад, які вымярае ўзровень свабоды ў розных краінах свету. Беларусь і яшчэ шэсць краін былога СССР атрымалі ў ім ніжэйшыя ацэнкі.
У штогадовым даследаванні «Краіны ў пераходны перыяд» (Nations in Transit) праваабаронцы Freedom House па выніках маніторынгу стану дэмакратыі, правоў і свабодаў у 29 краінах былога сацлагеру, прыйшлі да высновы, што грэбаванне уладаў да ініцыятыў грамадзянскай супольнасці і незалежных інстытутаў, фактычнае зліццё праўладных партый з дзяржавай і прэсінг на апазіцыю і незалежныя СМІ становяцца «новай нармальнасцю» ў гэтых краінах.

У дакладзе міжнароднай арганізацыі назвалі несвабоднай «закаранелай аўтакратыяй» Беларусь, Расію, Азербайджан, Казахстан, Туркменістан, Узбекістан і Таджыкістан.

Лідэры гэтых краін «душаць палітычных канкурэнтаў і пераследуюць незалежных актывістаў і журналістаў, якія асмельваюцца казаць» — сказана ў дакладзе.

Адзначаецца, што ўзровень дэмакратыі істотна зваліўся ў 19 краінах з 29, але калі раней гэта падзенне фіксавалася ў асноўным у Расіі, Беларусі і краінах Цэнтральнай Азіі, то зараз яно адзначаецца і ў Цэнтральнай Еўропе, у прыватнасці ў Польшчы і Венгрыі.

На думку аналітыкаў, Украіна, Грузія, Малдова, Арменія і Кыргызстан таксама «ідуць у негатыўным накірунку».

Беларусь у даследаванні захавала агульны сумарны паказнік «дэмакратычнасьць» — 6,61 з 7 балаў (паказнік 1-3 балы адпавядае кансалідаванай дэмакратыі, 6-7 балаў — кансалідаванаму аўтарытарнаму рэжыму). Як гаворыцца ў дакладзе, у Беларусі сітуацыя крыху палепшылася ў пытанні барацьбы з карупцыяй, але пагоршылася — з «нацыянальным дэмакратычным кіраваннем» з-за рэпрэсіўных мер, якія ўжываюцца ўладамі для спынення сацыяльных пратэстаў вясной 2017 года.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!