Неканкурэнтная дэмакратыя

Колькі ні вымаўляй абрэвіятуру БРСМ, а каля 70% моладзі дэкларуюць сваю гатоўнасць выехаць на ПМЖ з Беларусі.

Якая яна, сучасная Беларусь? Для кагосьці таталітарная, для кагосьці аўтарытарная, а для кагосьці і дэмакратычная. Для кожнага свая, што неаднаразова і пацвярджалі апытанні НІСЭПД.

У верасні 2015 года з тым, што палітычнае жыццё ў Беларусі развіваецца ў накірунку дэмакратыі, былі згодныя 27% рэспандэнтаў (глядзі табліцу). Натуральна, працэнт такіх адказаў сярод прыхільнікаў і апанентаў адзінага палітыка (АП) адрозніваўся на карысць прыхільнікаў, і адрозніваўся значна — 48% vs. 6%.

Але ў цэлым размеркаванне адказаў на пытанне «У якім напрамку цяпер развіваецца палітычнае жыццё Беларусі?» апынулася на дзіва раўнамерным. Вось якое тлумачэнне гэтаму факту я здолеў знайсці на сайце НІСЭПД: «Такая асаблівасць рэжыму імітацыйнай дэмакратыі. Для тых, хто не можа ці не жадае заўважаць яго імітацыйную прыроду, рэжым паўстае сваім дэмакратычным бокам. Для грамадзян жа, што здольныя да рэфлексіі, станаўленне аўтарытарызму і дыктатуры відавочнае».


Чытайце Хаека

Сучаснай дэмакратыі не бывае без выбараў, а беларусы любяць галасаваць, што пацвярджаецца высокімі, паводле еўрапейскіх мерак, паказчыкамі яўкі (гаворка, зразумела, ідзе не пра афіцыйныя дадзеныя ЦВК).

Але разам са стандартнай працэдурай галасавання апошнім часам усё большай папулярнасцю карыстаецца так званае «галасаванне нагамі». У чарговы раз звярнуся па дапамогу да Вікіпедыі: «Галасаваць нагамі — палітычнае клішэ, што апісвае адну з формаў зваротнай сувязі паміж кіраванымі і кіраўнікамі. Галасаванне нагамі часта адбываецца, калі звычайны выбарчы працэс парушаны. Галасаванне нагамі можа азначаць як фактычнае перамяшчэнне насельніцтва з непаспяховай тэрыторыі ў больш спрыяльную, так і фігуральнае перамяшчэнне, як, напрыклад, адмаўленне ад сяброўства ў якой-небудзь арганізацыі або палітычнай партыі».

Зноў звернемся да дадзеных НІСЭПД. У сакавіку 2016 года пра сваю гатоўнасць пераехаць у іншую краіну на пастаяннае месца жыхарства — гэта значыць перамясціцца на больш спрыяльную тэрыторыю — заявілі 42% беларусаў, а сярод моладзі ва ўзросце 18–29 гадоў — 71% (13% сярод тых, каму 60 гадоў і больш).

І з такой трывожнай сацыялогіяй быў вымушаны змірыцца АП. У прыватнасці, 29 кастрычніка на сустрэчы з актывам БРСМ ён канстатаваў, што «ідзе барацьба за моладзь, якой трэба будзе жыць і працаваць не толькі ў Беларусі, але, магчыма, і за мяжой». Такая рэальнасць. І ўсё, што сёння АП змог ёй супрацьпаставіць, — гэта пажадаць будучым эмігрантам «не губляць свае карані».

У нас любяць разважаць пра «жорсткую барацьбу за рэсурсы ў свеце» — і блытаць тым самым канкурэнцыю з адкрытым супрацьстаяннем. Але калі ўсе формы супрацьстаяння (асабліва ваеннае) блакуюць развіццё, то канкурэнцыя з’яўляецца абавязковай яго ўмовай.

Канкурэнцыя на макраўзроўні больш эфектыўная за супрацоўніцтва. Прынцыпы ўладкавання сямейнага жыцця не варта блытаць з прынцыпамі арганізацыі сумеснага пражывання ў маштабах дзяржаў. «Канкурэнцыя, — падкрэсліваў нобелеўскі лаўрэат Фрыдрых Хаек, — уяўляе сабой працэдуру адкрыцця, пазнавання новага — працэдуру, уласцівую эвалюцыі ва ўсіх яе формах, якая прымушае чалавека міжволі ўпісвацца ў новыя сітуацыі. І менавіта за кошт канкурэнцыі, што нарастае, а не за кошт салідарнасці, паступова павышаецца наша эфектыўнасць».

Тут варта прыгадаць рэгулярныя прапановы АП свайму расійскаму калегу пазбягаць дублявання вытворчасцяў у рамках Саюзнай дзяржавы. І справа тут не ў тым, што яго дарадцы не чыталі Хаека. Прычына глыбейшая. Яна ў самой прыродзе «беларускай мадэлі», не здольнай узнаўляцца ў канкурэнтным асяроддзі.

Унутры «беларускай мадэлі» эканамічная канкурэнцыя вось ужо чвэрць стагоддзя ўтрымліваецца на мінімальным узроўні. Што тычыцца канкурэнцыі палітычнай, дык невыпадкова ж кіраўнік дзяржавы сам сабе надаў тытул «Адзіны палітык». І ён мае рацыю. Не родзіць беларуская зямля палітыкаў. Касманаўтаў — калі ласка. Нездарма ж аўтар «Азбукі паліталогіі» пражыў дваццаць гадоў на вуліцы Касманаўтаў у Малінаўцы.


Абутак фабрыкі «Скараход» як пагроза

Культура — небіялагічны спосаб рашэння агульнабіялагічных праблемаў. Галоўная агульнабіялагічная праблема — не таямніца. Усё жывое імкнецца... выжыць. І рэалізоўваць гэта імкненне даводзіцца ва ўмовах канкурэнцыі. Але там, дзе існуе рэальная канкурэнцыя, абавязкова будуць пераможцы і пераможаныя.

Пераможаныя сыходзяць з гістарычнай арэны. І тут не істотна, ці ідзе гаворка пра інфузорыю ці праваслаўную Візантыю, што не вытрымала канкурэнцыі з ісламскім светам.

Сёння тэма ваеннага супрацьстаяння зноў выходзіць у шэраг топавых. Абмяжуюся толькі адным падзагалоўкам артыкула, запазычаным на сайце belaruspartisan.by: «Беларусь імкнецца пераканаць ЗША не нарошчваць вайсковую прысутнасць у рэгіёне не таму, што гэта нясе нейкую небяспеку для нашай краіны, а таму, што гэта аслабіць перамоўныя пазіцыі Мінска ў адносінах з Крамлём у пытанні размяшчэння расійскай базы ў Беларусі».

Тыя, хто сочыць за палітычнымі падзеямі, сёння вымушаныя пастаянна папаўняць свой лексікон, інакш нават у публіцыстыцы, разлічанай на масавага чытача, не разабрацца. Адзін з апошніх неалагізмаў (слова або словазлучэнне, што нядаўна з’явілася ў мове) — «форт Трампа». Вось пагроза, дык пагроза! Тут ёсць пра што паразважаць спецыялістам па аналізу міжнародных адносін.

Не варта, аднак, думаць, што перавагі адной культуры над іншай вызначаецца выключна праз характарыстыку сістэм узбраенняў. Тое, што вызначала ход гісторыі ў мінулым, страціла актуальнасць у наш час. Прыгадаем карціну Васіля Сурыкава «Заваяванне Сібіры Ермаком». Стрэльбы супраць лукаў. Чым заканчвалася іх супрацьстаянне — добра вядома. Але сёння на змену «жорсткай сіле» прыйшла «мяккая сіла». Савецкі Саюз разваліўся не таму, што браня яго танкаў была недастаткова моцная, а таму, што абутак фабрыкі «Скараход» па сваіх спажывецкіх якасцях не змог канкурыраваць не толькі з італьянскімі аналагамі, але нават з югаслаўскімі.

Калі з задачай абароны савецкіх вытворцаў тавараў народнага спажывання ад імпарту «жалезная заслона» адносна нядрэнна спраўлялася, дык абараніць савецкіх спажыўцоў ад жаданняў набыць «фірму» яна была не ў стане. «Мяккая сіла» таму і называецца мяккай, што здольная пратачыцца праз краты і кантрольна-следавыя палосы.


Выдатнае выказванне

Адкрыем «Статыстычны штогоднік 2018». У 2010 годзе з Беларусі ў краіны па-за межамі СНД выбыла 1826 чалавек, а ў 2017 годзе — 5526 чалавек. Пры трохразовым росце абсалютная колькасць выбыўшых застаецца нязначнай і надвор’я, што называецца, не робіць. Але наколькі афіцыйная статыстыка адлюстроўвае эміграцыйную рэальнасць?

Канкрэтна па эміграцыі ў ЗША за пазначаны вышэй перыяд колькасць выбыўшых склала, адпаведна, 221 і 325 чалавек. Але ж у 2016 годзе толькі па выніках латарэі «Грын кард» беларусам было выдадзена 1466 візаў (у апошнім сказе ключавым з’яўляецца слова «толькі»).

Аматарам разважаць пра знешнія пагрозы, і ў першую чаргу пра пагрозы з боку Расіі, хочацца нагадаць пра тое, што 31 кастрычніка прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб Канцэпцыі дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі Расійскай Федэрацыі на 2019–2025 гады». Канцэпцыя значна спрашчае працэдуры атрымання грамадзянства РФ. Пры гэтым асобным пунктам агаворваюцца льготы для «замежных грамадзян, якія з’яўляюцца носьбітамі рускай мовы». А такімі, як нескладана здагадацца, з’яўляюцца практычна ўсе грамадзяне Беларусі.

Прэтэндаваць на ролю крыніцы «мяккай сілы» Пуцінская Расія не можа. Але гэта калі ацэньваць яе патэнцыял з Еўропы і ЗША. А калі з Паўночнай Карэі, з былых савецкіх сярэднеазіяцкіх рэспублік і з Беларусі?

Далёка не адны алігархі і чыноўнікі кормяцца ў Расіі з прыроднай рэнты. Сёе-тое застаецца і шараговым працаўнікам, таму канкураваць у гонцы заробкаў з сузаснавальніцай Саюзнай дзяржавы Беларусь не ў стане.

У Палацы Незалежнасці гэта выдатна разумеюць. Нездарма ж яшчэ ў траўні 2001 года на другім Усебеларускім народным сходзе галоўная асцярога з нагоды захавання дзяржаўнага суверэнітэту была аформленая ў выдатнае выказванне АП: «Нельга не прызнаць справядлівасць ісціны аб тым, што маленькая зарплата здольная разбурыць нават самую моцную дзяржаву». А ўжо слабую — і пагатоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!